«У нас бясьпечней, чым у Кіеве». Луганская вобласьць прапанавала беларусам ідэі для супрацоўніцтва

У Гомлі 25–26 кастрычніка праходзіць першы форум рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны. У ім бяруць удзел 17 рэгіёнаў Украіны, таксама і Луганская вобласьць.

«Наш новы брэндбук: „Луганшчына — рэгіён магчымасьцяў“. З прычыны вайны шмат нішаў бізнэсу вызвалілася. І хто прыйдзе на пустыя месцы першым — атрымае прыбытак», — абяцае кіраўнік дэлегацыі Луганскай вобласьці Дзяніс Дзянішчанка.

Дзяніс Дзянішчанка ўзначальвае Дэпартамэнт зьнешнеэканамічных зносін Луганскай абласной адміністрацыі. Цяпер сталіца вобласьці — у Севераданецку. Траціна вобласьці — акупаваныя тэрыторыі. Большасьць прамысловага патэнцыялу засталася па-за кантролем украінскай улады. 12 аграрных раёнаў, тры гарады абласнога значэньня, дзе ёсьць буйныя прадпрыемствы — тое, што сёньня мае «афіцыйная» Луганшчына. Адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў — кардонны камбінат. Яго прадукцыю ўкраінцы прывезьлі на выставу ў Гомель.

Кіраўнік дэлегацыі кажа, што вайна ідзе цяпер толькі на невялікай тэрыторыі рэгіёну. Вялікіх баявых дзеяньняў няма, па словах Дзянішчанкі, на 99% Луганшчыны. А на 80% вайны і не было.

«Наша вобласьць займае апошняе месца ва Ўкраіне па ўзроўні злачыннасьці. У нас бясьпечней, чым у Кіеве, Харкаве.

Мы хочам паказаць тут у Беларусі, што Луганшчына жыве, разьвіваецца, што з намі можна і трэба працаваць.

Шмат нішаў вызвалілася. Уся перапрацоўка засталася на акупаваных тэрыторыях, у нас больш за 1 мільён гектараў чарназёму, мы зьбіраем штогод вельмі вялікі ўраджай збожжа, а перапрацоўкі ў нас амаль няма», — кажа Дзяніс Дзянішчанка.

Праекты па перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі ён лічыць пэрспэктыўнымі.

«Калі хто захоча да нас прыехаць зь перапрацоўкай — будаваць прадпрыемствы, вялікай ці невялікай магутнасьці — ён будзе першы. А той, хто першы — здымае вяршкі. Ён будзе мець прыбытак — і цяпер, і ў будучыні», — кажа кіраўнік дэлегацыі.

Праз вайну Луганшчына страціла шмат каапэратыўных сувязяў, у тым ліку зь Беларусьсю. Улады рэгіёну аднаўляюць цяпер страчанае.

Дзяніс Дзянішчанка даводзіць, што сытуацыя ў рэгіёне не такая змрочная, як паказваюць па тэлевізары.

«Нават ва Ўкраіне пра нас распаўсюджваюцца штампы, фэйкі. А мы разьвіваемся, мы кажам, што мы — рэгіён магчымасьцяў», — кажа ён.

Якія магчымасьці для Гомельскай вобласьці і Ўкраіны абмяркоўвалі на форуме

Энэргазьберажэньне і рамонт дарог на Луганшчыне. «Грошы ў нас ёсьць — ва Ўкраіне створаны дарожны фонд. Хто да нас зойдзе са сваёй тэхнікай, пабудуе асфальтавы завод — мы гатовыя ім дапамагчы», — сказаў Дзяніс Дзянішчанка.

Аднаўленьне суднаходзтва па Дняпры і будаўніцтва партовага тэрміналу ў вёсцы Ніжнія Жары Брагінскага раёну. Гэта дазволіць Беларусі вазіць грузы праз Чорнае мора ў краіны Эўропы, Азіі і Афрыкі. Плянуецца паглыбіць фарватэр на ўчастку да Кіеўскага вадасховішча.

Украінскія інвэстыцыі для будаўніцтва ў Мазырскім раёне вытворчасьці па нанясеньні палімэрнага пакрыцьця на мэталічныя паверхні. Плянавая магутнасьць прадпрыемства — 7 тысяч тон прадукцыі на 60 мільёнаў даляраў у год.

Мадэрнізацыя памежнага пераходу Вільча — Аляксандраўка да міжнароднага. Цяпер ён міждзяржаўны — толькі для грамадзян Беларусі і Ўкраіны. У статусе міжнароднага ён стане часткай транснацыянальнага калідора Адэса — Кіеў — Менск — Клайпеда. Дарога праз Аляксандраўку карацейшая на 150 км. А значыць — меншыя выдаткі на дастаўку грузаў, што павялічыць аб’ёмы перавозак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаго чакаць ад сустрэчы Лукашэнкі і Парашэнкі? 10 тэмаў у цені шпіёнскага скандалу