Брытанскія ўлады аштрафавалі карпарацыю Facebook на 500 тысяч фунтаў стэрлінгаў (каля 650 тысяч даляраў) за парушэньне закону аб абароне дадзеных. Пра гэта гаворыцца на сайце брытанскага камісарыяту ў справе інфармацыі.
Гэта максымальна магчымая сума штрафу па такога роду справах.
У ліку інкрымінаваных парушэньняў — уцечка дадзеных праз кампанію Cambrige Analytica, якая выкарыстала канфідэнцыйную інфармацыю Facebook-акаўнтаў падчас перадвыбарнай кампаніі прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Як паведамлялася раней, кампанія магла атрымаць доступ да інфармацыі 87 мільёнаў карыстальнікаў сацыяльнай сеткі.
У цэлым нядобрасумленная апрацоўка пэрсанальных дадзеных адбывалася ў сацыяльнай сетцы з 2007 па 2018 год, лічыць брытанскі рэгулятар. Паводле яго даных, Facebook перадаваў канфідэнцыйную інфармацыю распрацоўнікам мабільных прыкладаньняў, не турбуючыся пра атрыманьне відавочнай згоды з боку карыстальнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Facebook стварыў аддзел па барацьбе з умяшаньнем у выбарыУ траўні Cambridge Analytica абвясьціла аб спыненьні сваёй працы з прычыны абвінавачваньняў у незаконным выкарыстаньні дадзеных карыстальнікаў Facebook у палітычных мэтах.
Заснавальнік і генэральны дырэктар Facebook Марк Цукербэрг ўзяў на сябе адказнасьць за уцечку дадзеных, а таксама за тое, што сацыяльная сетка магла выкарыстоўвацца для распаўсюджваньня «фальшывых навінаў» і распальваньня нянавісьці, у тым ліку падчас палітычных кампаній.