Новая часовая павераная ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфэр Мур ставіць за мэту вярнуць у Беларусь поўны штат амбасады і паўнамоцнага пасла. Пра гэта яна заявіла Радыё Свабода.
На пытаньне Свабоды, ці можна разьлічваць на вяртаньне ў Беларусі поўнага штату амбасады ЗША ў ранейшым аб’ёме і вяртаньня ў Менск амбасадара неўзабаве, Джэніфэр Мур сказала, што яна да гэтага імкнецца.
«Я спадзяюся на гэта, гэта мая мэта. Калі я буду рабіць сваю працу добра, то яшчэ да сканчэньня маёй місіі ў мяне ня стане працы, бо ў Беларусь вернецца пасол.
Акрамя таго, што амбасада ЗША сёлета аднавіла і пашырыла свае візавыя паслугі для грамадзянаў Беларусі, мы былі вельмі рады, што і Беларусь гасьцінна адчыніла свае дзьверы — падоўжыла бязьвізавы рэжым для іншаземцаў да 30 дзён.
Таксама я была рада пабачыць, што некалькі дзён таму сайт Lonely Planet дадаў Беларусь у лік 10 краінаў, якія варта наведаць налета».
Спадарыня Мур таксама выказала спадзяваньне, што ўсё больш амэрыканцаў змогуць прыехаць сюды ў якасьці турыстаў бязь візы.
«Я была вельмі ўражаная прыгажосьцю краіны і асабліва дабрынёй і цеплынёй народу Беларусі. На жаль, за гэтыя паўтара месяца я яшчэ не пасьпела наведаць іншыя мясьціны Беларусі, акрамя Менску, бо ў мяне быў вельмі напружаны графік.
Я пакуль яшчэ знаёмлюся з гэтым горадам. І ў нас было вельмі шмат наведваньняў прадстаўнікоў амэрыканскага ўраду, таму што мы ўдзяляем вельмі шмат увагі Беларусі. І я працавала як экскурсавод для іх, а сама яшчэ не пабыла турысткай», — кажа Джэніфэр Мур.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачала працу новая кіраўніца амэрыканскай амбасады ў МенскуНовая часовая павераная ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфэр Мур прыехала ў Менск у жніўні 2018 году. Яна нарадзілася ў штаце Джорджыя і скончыла Тэхналягічны інстытут Джорджыі, атрымаўшы ступень бакаляўра і магістра міжнародных адносін, а таксама магістра публічнай палітыкі.
Спадарыня Мур — кар’ерны дыплямат. Перад прыездам у Беларусь яна займала пасаду намесьніцы дырэктара ўпраўленьня ў справах Паўднёвай Эўропы Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, якое адказвае за стасункі ЗША з Турэччынай, Грэцыяй і Кіпрам. Раней яна працавала намесьніцай дырэктара ўпраўленьня Дзяржаўнага дэпартамэнту ў міратворчай дзейнасьці, санкцыях і барацьбе з тэрарызмам, дарадцай у палітычных і эканамічных пытаньнях амбасады ЗША ў Тыране, а таксама на розных пасадах у пасольствах ЗША ў Анкары, Сараеве, Багдадзе і Джакарце.
Вывучала расейскую, турэцкую, сэрбскахарвацкую, альбанскую і інданэзійскую мовы.
У сакавіку 2008 году пад ціскам беларускіх уладаў быў скарочаны дыпляматычны штат амбасады ЗША ў Менску — з 35 да 5 супрацоўнікаў. Амбасадары зь Менску і Вашынгтону былі адкліканыя, на іх месца накіравалі часова павераных у справах. У 2008 годзе амбасада ЗША ў Менску цалкам прыпыніла выдачу амэрыканскіх візаў. Выдача іх для грамадзян Беларусі была адноўленая ў Менску толькі з 1 лютага 2018 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 фактаў пра дачыненьні Беларусі і ЗША