Відавочцы дапамаглі знайсьці машыны Hyundai і Mercedes з расейскімі нумарамі, мужчыны зь якіх пабілі кіроўцу менскай маршруткі. Аўтамабілі ехалі ў бок Масквы. Пра гэта AUTO.TUT.BY расказаў кіраўнік прадпрыемства-перавозчыка Аляксей.
«Пасьля таго, як пра напад невядомых паведамілі ў СМІ, мне пачалі пісаць і тэлефанаваць людзі. Сёньня каля 11.00 Hyundai і Mercedes заўважылі на трасе М1 у Менскай вобласьці, ехалі яны ў бок Масквы, — распавёў Аляксей. — Я адразу патэлефанаваў у 102 і паведаміў пра гэта. Быў абвешчаны плян „Перахоп“, гэтых людзей затрымалі і адвезьлі ў Барысаўскі РАУС».
Аляксей таксама сказаў, што кіроўцу, на якога напалі, пасьпяхова правялі апэрацыю. У шпіталі, куды кіроўца маршруткі Анатоль зьвярнуўся пасьля здарэньня, у яго выявілі пералом сківіцы і шпіталізавалі. Пасьля апэрацыі ён адчувае сябе нармальна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Два кіроўцы машын з расейскімі нумарамі заблякавалі і пабілі менскага маршрутчыкаВідавочца затрыманьня мужчын з Hyundai і Mercedes мянчук Арцём расказаў, што гэта адбывалася недалёка ад Смалявічаў.
«Дзьве машыны ДАІ з уключанымі мігалкамі ўзялі Hyundai і яшчэ адну цёмную машыну ў „скрыначку“ — стаялі сьпераду і ззаду іх. Быццам нехта ляжаў на капоце белага аўта», — кажа Арцём.
У Цэнтральным РАУС паведамілі, што 32-гадовага кіроўцу маршруткі зьбілі 42-гадовы жыхар расейскага Стаўрапаля і 46-гадовы жыхар азэрбайджанскага Баку.
24 кастрычніка на вуліцы Арлоўскай у Менску невядомыя на аўтамабілях Hyundai і Mercedes з расейскімі нумарамі заблякавалі маршрутнае таксі. З абодвух аўтамабіляў выскачылі мужчыны, выцягнулі кіроўцу маршруткі Анатоля з машыны са словамі «Чаго ты лезеш не ў сваю паласу». Адзін трымаў Анатоля, другі ўдарыў яго кулаком у твар, пасьля абодва зьехалі.