Сьвяткаваньне 100-годзьдзя камсамолу адбываецца ў многіх ВНУ Беларусі. Як пішуць самі студэнты ў сацыяльных сетках, часам яно «дабраахвотна-прымусовае».
Навучэнцы беларускіх унівэрсытэтаў наракаюць на тое, што іх прымушаюць наведваць сьвяткаваньні 100-годзьдзя савецкага ВЛКСМ 29 кастрычніка, якія ладзіць цяперашні БРСМ, які лічыць сябе «пераемнікам» савецкага камсамолу.
Так, студэнты БДУ наракаюць на «разнарадкі» на наведваньне выставы да 100-годзьдзя ВЛКСМ і адкрытай лекцыі пра камсамол дэкана Вадзіма Гігіна.
Вадзім Гігін заявіў з гэтай нагоды Свабодзе:
«Я прачытаў лекцыю, мы пагутарылі з моладзьдзю, з майго пункту гледжаньня добра. Пра тое, ці была сустрэча добраахвотнай, спытайце ў камітэце БРСМ. Там шмат імпрэз з гэтай нагоды адбываецца».
Кіраўніцтва камітэту БРСМ БДУ пакуль недаступнае.
Падобнае студэнты пішуць пра Воршу. У іншых месцах абяцаюць за наведваньне вызваліць ад заняткаў або задаюць творчыя заданьні, зьвязаныя з камсамолам. У сьвяткаваньнях выкарыстоўваюцца ў тым ліку партрэты Сталіна.
Акцыі да 100-годзьдзя ВЛКСМ трываюць ад 22 кастрычніка, працягнуцца да 30-га. У некаторых ВНУ імпрэзы заплянаваныя на кожны дзень.
Студэнтаў заклікаюць «назад у камсамол».
Абвяшчаюць «перазагрузку ВЛКСМ», адзначаюць «стыльнае» адзеньне савецкай эпохі.
І нават абяцаюць у якасьці «спэцыяльнага госьця» былога кіраўніка СССР Леаніда Брэжнева (памёр у 1982 годзе).
А ў прынамсі адной гарадзенскай школе правялі лекцыю пра камсамол зь «перадвызначанымі» пытаньнямі з аўдыторыі.
Паўтара месяца таму БРСМ задумаўся пра рэбрэндынг «без камсамолу», але 100 гадоў камсамолу ўсё ж адзначае — так раней вырашыў урад.
***
БРСМ — праўладная арганізацыя, якая фінансуецца зь дзяржаўнага бюджэту. Аляксандар Лукашэнка прылічвае БРСМ да грамадзянскай супольнасьці.
Арганізацыя была ўтвораная ў 2002 годзе праз аб’яднаньне «Беларускага саюзу моладзі» і «Беларускага патрыятычнага саюзу моладзі», БРСМ лічыць сябе пераемнікам савецкага камсамолу і актыўна падтрымлівае палітыку дзейных уладаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Утойваюць, каб не было скандалу». Функцыянэр БРСМ і экспэрт пра мільёны для праўладнай моладзіПаводле самой арганізацыі, у яе ўваходзяць 477,5 тысячы чалавек (у тым ліку 16,2 тысячы ў «моладзевых атрадах аховы парадку»), але шмат беларусаў заяўлялі аб прымусовым або тайным запісе ў БРСМ. Генпракуратура сёлета злавіла БРСМ на «прыпісках» у студэнцкіх працоўных атрадах.
31-гадовы Дзьмітры Варанюк узначаліў БРСМ у траўні 2018 году. Папярэдні кіраўнік арганізацыі Андрэй Белякоў быў звольнены, паводле неафіцыйнай інфармацыі, за «правал у працы». Белякоў застаецца сябрам Савету Рэспублікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дырэктар ПВТ, вязень калёніі, лідэр прафсаюзаў… Што стала з былымі кіраўнікамі БРСМ