Два кіроўцы машын з расейскімі нумарамі заблякавалі і пабілі менскага маршрутчыка

Машыны нападнікаў на менскаша кіроўцу маршнутнага таксі. Кадры відэарэгістратара з машыны зьбітага, апублікаваныя Tut.by

Кіроўцу маршрутнага таксі Анатоля апоўдні 24 кастрычніка невядомыя пабілі на вуліцы Арлоўскай. Пацярпелы і міліцыя просіць дапамогі ў пошуку нападнікаў — вядомыя нумары іхных машын.

Як расказаў Анатоль парталу Tut.by, ён ад’яжджаў ад прыпынку, аб’ехаў трактар і вярнуўся на сваю паласу, але праз пару сэкундаў перад ім спынілася белая Hyundai, збоку стаў чорны Mercedes. З абодвух аўтамабіляў выскачылі кіроўцы, выцягнулі яго з машыны са словамі «чаго ты лезеш не ў сваю паласу». Адзін трымаў Анатоля, другі ўдарыў яго кулаком у твар, пасьля абодва зьехалі.

Эпізод часткова трапіў на відэа з рэгістратара Анатоля.

У шпіталі ў яго выявілі пералом сківіцы. Анатоля шпіталізавалі, ён чакае апэрацыі.

Міліцыя просіць тых, хто пазнаў нападнікаў ці машыны, паведаміць пра гэта па тэлефонах +375 29 319-03-54 або 102.