Ці заўважылі вы, што афіцыйная прапаганда даўно адмовілася ад выразу «першы прэзыдэнт Беларусі»? Бо той, хто вымаўляе слова «першы» — мае ў галаве, што рана ці позна, але будзе і «другі». Ладна калі «позна», ну а калі — «рана»? Прынцып зьмяняльнасьці, хоць і адпавядае законам фізіялёгіі, але супярэчыць асноўным пастулятам цяперашняй «дзяржаўнай ідэалёгіі»: прэзыдэнт — адзіны. Адзіны вось ужо амаль чвэрць стагодзьдзя.
Прапанова ананімных аўтараў газэты «СБ. Беларусь сегодня» адлічваць пачатак беларускай дзяржаўнасьці ад моманту абраньня Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта базуецца на тым, што нібыта да таго моманту Беларусь як дзяржава існавала «ўмоўна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Газэта «Беларусь сегодня» вырашыла адлічваць беларускую незалежнасьць ад 1994 годуНа закід ва «ўмоўнасьці» можна было б адказаць, што да 1994 году ў Беларусі былі створаныя ўсе інстытуцыі дзяржаўнасьці: уласная грашова-фінансавая сыстэма, уласнае войска, уласныя памежная і мытная служба, краіна праводзіла самастойную міжнародную палітыку.
Гэта акурат тое, чаго яшчэ ў 1990 годзе патрабаваў БНФ і што пасьлядоўна ставіў пад сумнеў дэпутат ад Шклоўскай выбарчай акругі № 310 Аляксандар Лукашэнка.
Менавіта дэпутат Лукашэнка ў красавіку 1993 году ўнёс у парадак дня сэсіі Вярхоўнага Савету пытаньне аб далучэньні Беларусі да сыстэмы калектыўнай бясьпекі СНД (што паставіла крыж на нэўтралітэце краіны і прывязала Ўзброеныя сілы Беларусі да ваенных інтарэсаў Расеі).
Таксама нагадаю, што прэзыдэнцкая выбарчая кампанія Лукашэнкі ў 1994 годзе была пабудаваная ў тым ліку і на абяцаньні хутчэй, чым гэта плянаваў Кебіч, увесьці расейскі рубель у якасьці адзінага плацёжнага сродку (гэта значыць — ліквідаваць уласную грашовую сыстэму).
Апошнім часам я прачытаў тысячы старонак стэнаграмаў паседжаньняў Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня — і нідзе, ніколі не знайшоў хоць бы аднаго слова дэпутата Лукашэнкі на карысьць незалежнасьці Беларусі, умацаваньня беларускай дзяржаўнасьці. Затое дзясяткі заклікаў зь ягоных вуснаў да аднаўленьня СССР ці аб’яднаньня з Расеяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З чаго пачалася незалежная Беларусь?Прыкметна, што адзіным «падзейным» аргумэнтам аўтараў публікацыі зьяўляецца згадка пра «выкраданьне» літоўскімі спэцслужбамі літоўскіх камуністаў у студзені 1994-га — як піша «СБ», «літоўскія спэцслужбы правялі на тэрыторыі сувэрэннай Беларусі спэцапэрацыю, нават не паставіўшы пра яе ў вядомасьць афіцыйны Менск». Што, на думку аўтараў, дазваляе меркаваць «аб узроўні беларускай дзяржаўнасьці ў той час».
Пачнем з таго, што апэрацыя спэцслужбаў іншай дзяржавы на тэрыторыі краіны бязь ведама ўладаў можа сьведчыць пра што заўгодна — але толькі не пра «ўзровень дзяржаўнасьці».
Інакш давядзецца прызнаць, што Вялікабрытанія яшчэ не сфармавалася як дзяржава (зважаючы на праведзеную спэцслужбамі РФ спробу атруціць Скрыпалёў, натуральна, не ўзгадняючы гэта зь Лёнданам), дый Турэччына знаходзіцца толькі ў пачатку станаўленьня сваёй незалежнасьці (аж паўтара дзясятка агентаў Саудаўскай Арабіі правялі нядаўна апэрацыю па зьнішчэньні няўгоднага журналіста, не папярэдзіўшы пра гэта Анкару).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эрдаган: У забойстве журналіста ўдзельнічалі саудаўскія генэралыАле ў тэзісе «СБ» ёсьць і фактычная памылка: пра апэрацыю літоўскіх спэцслужбаў найвышэйшыя кіраўнікі праваахоўных органаў Беларусі былі праінфармаваныя.
Варта нагадаць тую падзею, тым болей, што яна даволі выразна адлюстравала палітычнае крэда таго, з чыім імем аўтары публікацыі ў «СБ» зьвязваюць «фармаваньне рэальнай беларускай дзяржаўнасьці».
Сакратары ЦК літоўскай кампартыі Мікалас Буракявічус і Юозас Ермалавічус у жніўні 1991-га зьехалі ў Беларусь з Літвы, дзе супраць іх узбудзілі крымінальную справу за спрыяньне агрэсіі супраць незалежнасьці Літвы 13 студзеня 1991 году.
Ужыць выраз «хаваліся ў Беларусі» не выпадае — у верасьні 1993-га абодва ўдзельнічалі ў так званым «Кангрэсе народаў Беларусі» ў Менску, арганізаваным праімпэрскімі прарасейскімі арганізацыямі пры падтрымцы кіраўніка ўраду Вячаслава Кебіча (гэта той самы сход, на якім дэпутат Лукашэнка сарваў авацыі словамі, што «гатовы на каленях паўзьці ў Расею»).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 1993, Лукашэнка: "Я гатовы на каленях паўзьці ў Расею"Тады ж дэпутаты Апазыцыі БНФ запатрабавалі выдачы літоўцам Буракявічуса і Ермалавічуса і пазбаўленьня Лукашэнкі дэпутацкіх паўнамоцтваў — за дзейнасьць, накіраваную супраць незалежнасьці Беларусі.
Буракявічус і Ермалавічус былі вывезеныя ў Вільню 15 студзеня 1994 году. Што было нагодай для сапраўднай гістэрыі (іншага слова падабраць не магу) некаторых дэпутатаў на сэсіі Вярхоўнага Савету, у тым ліку дырэктара саўгасу «Гарадзец» Аляксандра Лукашэнкі і былога сакратара ЦК КПБ (і будучага старшыні Канстытуцыйнага суду) Валерыя Ціхіні.
На закрытым паседжаньні Вярхоўнага Савету высьветлілася, што апэрацыя літоўскіх спэцслужбаў праводзілася па ўзгадненьні зь беларускімі праваахоўнымі органамі, прычым з кіраўнікамі самага высокага рангу: пра яе ведалі генэральны пракурор Васіль Шаладонаў, старшыня КДБ Эдуард Шыркоўскі, міністар унутраных справаў Уладзімер Ягораў і камандуючы памежнымі войскамі Яўген Бачароў. Але ўзгодненасьці дзеяньняў (прадугледжаных беларуска-літоўскай дамоўленасьцямі) не было.
У выніку, у адстаўку былі адпраўленыя старшыня КДБ Шыркоўскі і міністар МУС Ягораў — абодва падтрымлівалі Шушкевіча, які збольшага арыентаваўся на Захад. А генэральны пракурор Шаладонаў і камандуючы памежнымі войскамі Бачароў, якія выконвалі загады арыентаванага на Маскву Кебіча, засталіся на сваіх пасадах.
Фінальны акорд прагучаў для беларускай дэмакратыі празь некалькі дзён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяргей Навумчык прэзэнтаваў кнігу «Дзевяноста трэці» ў родным ВіцебскуДэпутат Аляксандар Лукашэнка абрынуўся на Шушкевіча за тое, што той не абараніў двух афіцэраў расейскай выведкі, якія пад прыкрыцьцём беларускіх дыпляматаў працавалі ў пастаянным прадстаўніцтве Беларусі пры ААН у Нью-Ёрку, і запатрабаваў ягонай адстаўкі (менавіта гэта, а не нібыта «скрадзеная для будаўніцтва дачы скрыня цьвікоў», было нагодай). Дэпутат Віктар Ганчар сфармуляваў пытаньне для галасаваньня — і большасьцю галасоў Шушкевіч быў зьняты з пасады старшыні Вярхоўнага Савету.
Новаабраны сьпікер Мечыслаў Грыб фарсіраваў прыняцьце Канстытуцыі з пасадай прэзыдэнта. І неўзабаве пераможца выбараў пачаў будаваць дзяржаўнасьць у адпаведнасьці з уласнымі ўяўленьнямі пра дэмакратыю, нацыянальныя каштоўнасьці і правы чалавека.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.