Спачатку павіншую аматараў белліту: у нас ёсьць свая Джоан Роўлінг. Майстар гуманістычага масліту і мастацкага рэрайту. Завуць гэтага цуда-пісьменьніка Віктар Марціновіч.
У посьпеху Роўлінг (чытай — Марціновіча) два складнікі. Першы — гісторыя барацьбы дабра і зла, якой гарантаваны хэпі-энд. Праўда, герой у такіх гісторыях зьлёгку наіўны і ня надта кемлівы. Што зробіш, чалавек разумны не стасуецца зь іміджам князя Мышкіна. Другі складнік бэстсэлеру — пазнавальнасьць, нават другаснасьць. Гэта значыць — старанна пазьбягаць новага матэрыялу. Абіраць такі сюжэт, тыпаж, цытату, якая стоадсоткава пазнаецца. Шчыльна нашпігаваць тэкст вядомымі культурнымі кодамі. Але самае галоўнае — правільна гэтую другаснасьць сэрвіраваць. Даўно (в)ядомае трэба падаць так, каб чытач прыклаў высілкі ў расчытваньні мэсыджу — але высілкі строга нармаваныя.
Гэта як закапаць слоік з манэтамі ў двары каля дома, намаляваць мапу з тлустым крыжам на месцы скарбу і падкінуць мапу дзіцяці. Радасьці будзе мора!.. Амаль столькі ж, колькі ў захопленых чытачоў «Ночы».
Робіцца заўважная стылістычная нямогласьць аўтара
Каб сакрэт не раскусілі адразу, пакінь у творы адсотак аўтарскага, арыгінальнага (акурат як з айчыннай музыкай на радыё). Праўда, у Марціновіча гэтае самае аўтарскае аказалася месцам слабым. Там, дзе паўфабрыкат у выглядзе цытат, сымбаляў ці наўпрост пазычаных фрагмэнтаў адступае, робіцца заўважная стылістычная нямогласьць аўтара. То пэйзажы ў стылі рамантычнай гімназісткі, то калямбур у духу «Вожыка», то граматычна няўежны сказ. Здаецца, аўтар і сам гэта адчувае. Бо ў ключавых момантах не бярэцца даваць сваё апісаньне — робіць літаратурныя пазыкі. Касандра паўстае ў апісаньні Караткевіча, іншыя пэрсанажы — праз асацыяцыі з пісьменьнікамі (хто якія кнігі любіць). Ход канём (Траянскім).
Возьмем першае, што трапляе пад руку: прадмову. Празь нейкія пару абзацаў яна пачынае здавацца падазрона знаёмай. Перакладчыка напаткаў таямнічы рукапіс і цяпер выкладае гісторыю чытачу… Бачыце, як прыветна памахвае ручкай Умбэрта Эка?
Навошта аўтар біў па вераб’ях з гарматы?
Увогуле, гісторыя з перакладчыкам даволі бессэнсоўная. У аўтарскай задуме тэкст, які мы з вамі чытаем, — не арыгінал, а пераклад зь беларускай на ангельскую. Але па факце ніякага перакладчыка ў тэксьце няма. Нічым, ніяк, нідзе не адчувальная яго прысутнасьць. Перакладчык памёр з апошнім словам прадмовы. Місія ягоная заключалася ў іншым (увага, спойлер!): ускосна паказаць, што герой такі дайшоў да Калькуты і ўся гэтая фэерыя скончылася хэпі-эндам. Пытаньне: навошта аўтар біў па вераб’ях з гарматы, калі можна было напісаць адзін радок: рукапіс знойдзены ў Калькуце? Я сама магу на гэтае пытаньне адказаць, але сэнсу ў тым няма, бо прадмова — кампазыцыйнае фіяска аповесьці.
Далей. У нас постапакаліпсіс. У цэнтры аповеду — самотны герой з сабачкам. Недзе мы гэта бачылі.
Зь першага разьдзелу пачынаюцца адсылкі да Караткевіча. Караткевічу дасталася больш за ўсё. Так, у «Дзікім паляваньні караля Стаха» ён скарыстаў схему «Сабакі Баскервілаў» Дойла. Але ж толькі схему!.. Тое, як Марціновіч расчапіў на атамы творчасьць Караткевіча і ўпрыгожыў гэтымі кавалкамі ўласны тэкст — відовішча не для чульлівых. Ён цытуе «Чазенію» без спасылкі, капіруе дзікае паляваньне Стаха — без спасылкі, а пра самога Караткевіча скажа троху пазьней, любуючыся зорамі і выкладаючы гісторыю раману «Нельга забыць».
Што да іншых кодаў, Марціновіч зьмешвае ў кучу Герадота, пакемонаў, культуру сталкераў, Брэйгеля, «Гульню тронаў» (хто чытаў: Грыбкі — вылітыя Фрэі), сатыру Мрыя з барочнай напышлівасьцю, кінгаўскіх рэлігійных фанатыкаў — з абаяльнасьцю сацрэалізму. Прызнацца, такога я яшчэ ня бачыла.
Прыцягнем Адама і Эву
Але гэтага мала. Прыцягнем Адама і Эву. Паглядзіце, як старанна, як настойліва аўтар падкрэсьлівае курсівам слова «яблычнік» — замена назвы славутай маркі. Я літаральна чую радасны голас Марціновіча, амаль бачу, як ён паказвае пальцам: бачыш, гэта алюзія на забаронены плод? Бачыш? Разумееш — тэхналёгіі супраць чалавецтва? А, а? Як табе?..
І вішанька на гэтым дзікім аліўе — звышзагадкавы Самаэль. Хто глядзеў «The Big Lebowski» Коэнаў і памятае фінальны маналёг каўбоя — той ацэніць маштаб кампілятыўных здольнасьцяў Марціновіча.
Бяда ў тым, што чытач, захоплены гэтымі знаходкамі і, як наступства, уласнымі разумовымі здольнасьцямі, пачынае думаць, што гэта кніга такая цудоўная. Радасьць пазнаваньня замяшчае мастацкую вартасьць кнігі.
Мастацкая вартасьць — небясьпечнае азначэньне, але ёсьць адзін беспамылковы індыкатар, які, уласна, і робіць аўтара тэксту пісьменьнікам. Мова.
Прыгодніцкай фабулы малавата
Напэўна, Марціновіч таксама гэта разумее. Адсюль і ўзьнікаюць у дынамічным аповедзе расплывістыя пасажы. Раз за разам ён спрабуе выбіцца на высокі стыль, пад якім разумее, чамусьці, ускладнёны залежнымі канструкцыямі сказ. Прыгодніцкай фабулы малавата, і ён інтуітыўна пачынае капіяваць зьнешнія прыкметы пісьменьніцтва, не разумеючы сутнасьці. Здавалася б, дастаткова ўзяць таго ж Букоўскі, каб зразумець, што пісьменьніку (знакамітаму, папулярнаму, моднаму — пра што пераймаецца Віктар) неабавязкова мудрыць.
Мова ў Марціновіча абсалютна і без выключэньняў залежыць ад настрою сцэны, якую апісвае аўтар. Яшчэ — ад настрою самога Марціновіча. Няма ніякага лягічнага тлумачэньня таму, чаму адзін эпізод апісаны ў высокім стылі, іншы — як сатыра, яшчэ адзін — як пародыя на рамантычныя пасажы Караткевіча (пародыя ненаўмысная, проста аўтар ня здольны дацягнуць і як вынік — гучыць камічна). І што самае цікавае (гэта мае любімыя фрагмэнты ў тэксьце), Марціновіч не-не ды напіша пра сябе. Шапка гарыць — караван ідзе.
«І, калі пералічваць агідныя мне рэчы сьвету, што скончыўся з начной тэлефоннай размовай, дык узначаляць сьпіс тэксты, напісаныя жывымі людзьмі, лёгіка і стылістыка якіх не адрозьніваецца ад мовы робатаў.» Залаты сказ. Іншы эпізод: у героя просяць кнігу з прыгодамі і Героем, але каб мазгі не грузіла. І каб пра ноч. А вось яшчэ: апісваючы пэрсанажа, Марціновіч кажа, што той выглядае на коміка, якому даручылі драматычную ролю.
Уласна, сама «Ноч» і ёсьць комік у драматычнай ролі.
«Ноч» чытаецца і будзе чытацца
Колькі хібы ні пералічвай, «Ноч» чытаецца і будзе чытацца. Бо яна дасягае галоўнага — выкрасае з чалавека эмоцыю. Акурат як «Песьня лёду і полымя», якую Марціновіч таксама згадвае (праўда, пад памылковай назвай «Гульня тронаў»). Тут вам каханьне, постапакаліпсіс, пераадоленьне цяжкасьцяў правільным героем і нават сабачка. Сабачка, дарэчы, самы праўдзівы пэрсанаж. Магчыма, таму што не размаўляе. І ён адзіны, каго шкада. Бо ён, як і сюжэт, пацярпеў праз алягічнасьць паводзінаў героя.
І ўсе маглі б быць шчасьлівыя — такія продажы, такая хваля! — калі б Віктар Марціновіч ад пачатку пазыцыянаваўся як аўтар масліту, аднадзённай папсы. Ацэнкі разышліся — і вось «дыміць разлом». Хто захоча прызнаваць сябе айчынным Куэлью, майстрам выдаваць банальнасьць пад соўсам мудрасьці?.. Натуральна, аўтар ставіць сябе вышэй. І нэгатыўную ацэнку «Ночы» тлумачыць чорнай зайздрасьцю. Але гэта не зайздрасьць. І не гнюсная змова. Гэта натуральная рэакцыя чалавека на фальш. Хлопчык, які сказаў пра голага караля, яму не зайздросьціў.
У чым напраўду няма сумневаў — дык гэта ў маркетынгавым таленце Віктара, яго асабістай абаяльнасьці і ўменьні дагадзіць шырокай публіцы. «Ноч» — тая ж карціна, якую маляваў кракадзіл зь вядомай байкі. І ў адрозьненьне ад кракадзіла, Віктару Марціновічу пашанцавала: ён патрапіў у сэрца мэтавай аўдыторыі. А незадаволеныя эстэты… Не для вас гэтая кветачка цьвіла. Чытайце Жылку.
Наста Грышчук
«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.