Менск і Брусэль шукаюць, хто тармозіць перамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму 

Візавы цэнтар у Менску

Беларусь і Эўразьвяз да канца 2018 году могуць падпісаць пагадненьні аб спрашчэньні візавага рэжыму і рэадмісіі, заявіла кіраўніца прадстаўніцтва ЭЗ у Менску Андрэа Віктарын.

«Пагадненьне аб рэадмісіі можа быць падпісанае толькі ў пакеце з пагадненьнем аб спрашчэньні візавага рэжыму, — цытуе дыпляматку агенцтва БелаПАН. — 11 кастрычніка прайшоў чарговы раўнд перамоў, вельмі канструктыўны. Бакі змаглі ўзгадніць асноўныя моманты тэксту дамовы».

Паводле Андрэя Віктарын, засталося ўзгадніць некаторыя тэхнічныя дэталі, і ў выпадку поўнага паразуменньня да канца году дакумэнты будуць падпісаныя.

Літаральна днямі міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей даў зразумець, што працэс аблягчэньня візавага рэжыму і рэадмісіі тармозіцца па віне заходніх партнэраў. А таму ня мае такога аптымізму ў тэрмінах, як некаторыя эўрапейскія калегі.

«У цэлым ёсьць зрухі па ўсіх дакумэнтах, якія мы цяпер адпрацоўваем з Эўразьвязам, але, на жаль, ня з нашай віны пэрыядычна зьяўляюцца новыя нюансы, якія патрабуюць дадатковага часу для аналізу, удакладненьня або прыняцьця рашэньняў», — адзначыў кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі.

Што менавіта замінае завершыць неапраўдана зацягнуты працэс, ён не ўдакладніў.

Польскі шэнген для беларусаў

Дыялёг пра спрашчэньне візавага рэжыму і рэадмісіі афіцыйна вядзецца ад 2013 году. Сёлета ў чэрвені эўракамісар у эўрапейскай палітыцы суседзтва і перамовах аб пашырэньні ЭЗ Ёханэс Хан падчас візыту ў Менск заявіў, што перамоўны працэс трэба было б паскорыць.

«Я думаю, калі ёсьць добрая воля з абодвух бакоў, тады можам не прайсьці, а прабегчы апошні кілямэтар, — выказаўся ён. — Эўразьвяз і Эўракамісія не зацікаўленыя ў тым, каб рабіць візавыя пытаньні крыніцай даходу. Наша мэта — забясьпечыць хуткую выдачу візаў. Ёсьць пэўныя ўмовы, але мы ня маем намеру зарабляць на гэтым грошы».

Раней амбасадары краін-чальцоў Эўразьвязу ўхвалілі мандат Эўракамісіі на пачатак перамоваў з Эўрапарлямэнтам аб унясеньні зьменаў у Візавы кодэкс. Сярод заплянаваных карэктываў — пэрыяд падачы візавых заявак не пазьней за 15 дзён да паездкі і павелічэньне консульскага збору з 60 да 80 эўра.

Павелічэньне збору не закране тыя краіны, зь якімі ў ЭЗ падпісаныя пагадненьні аб спрашчэньні візавых працэдураў і для грамадзянаў якіх шэнгенскія візы каштуюць 35 эўра.

Грузія, Малдова і Ўкраіна з 2017 году маюць з Эўразьвязам бязьвізавы рэжым, грамядзяне Расеі плацяць за шэнгенскія візы па 35 эўра. Беларусам гэтая віза каштуе 60 эўра.