Затрыманы кіраўнік жодзінскага гарвыканкаму Юры Шары

Юрый Шары, архіўнае фота

У прыёмнай кажуць, што чыноўнік у адпачынку.

Пра затрыманьне Юрыя Шарага Свабодзе паведамілі ўласныя крыніцы ўдзень 23 кастрычніка. Паводле гэтай інфармацыі, затрыманьне Шарага адбылося ў ноч на 22 кастрычніка. Меркаванай прычынай магло стаць злоўжываньне службовым становішчам. Чыноўнік нібыта мог выкарыстоўваць ва ўласных патрэбах працу людзей, аформленых у якасьці супрацоўнікаў гарадзкой ЖКГ.

У прыёмнай гарвыканкаму Жодзіна інфармацыю пра затрыманьне Юрыя Шарага пацьвердзіць не змаглі.

«Мне сказалі, што Юры Аляксандравіч у адпачынку, — сказала Свабодзе супрацоўніца гарвыканкаму. — Апошні раз я яго бачыла ў гарвыканкаме ў суботу ўдзень».

Жонка чыноўніка Сьвятлана Шарая ў размове са Свабодай сказала, што ня будзе камэнтаваць інфармацыю пра затрыманьне мужа.

Афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч пацьвердзіў інфармацыю пра затрыманьне кіраўніка Жодзіна.

«Сьледчым камітэтам Рэспублікі Беларусь па матэрыялах Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС Рэспублікі Беларусь узбуджаная крымінальная справа па прыкметах злачынства карупцыйнай скіраванасьці ў дачыненьні да старшыні Жодзінскага гарадзкога выканаўчага камітэту, — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні СК. — Расьсьледаваньне крымінальнай справы даручана галоўнаму ўпраўленьню па расьсьледаваньні злачынстваў у сфэры арганізаванай злачыннасьці і карупцыі цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту. Падазраваны затрыманы, зь ім працуюць сьледчыя. Цяпер вырашаецца пытаньне аб ужываньні да службовай асобы меры стрыманьня. Сьледчыя сумесна з супрацоўнікамі ГУБАЗіК праводзяць комплекс апэратыўна-сьледчых і іншых працэсуальных дзеяньняў, накіраваных на ўсталяваньне ўсіх акалічнасьцяў зьдзейсьненага злачынства».

Юры Шары ўзначаліў гарвыканкам Жодзіна 25 кастрычніка 2016 году. Дагэтуль шэсьць гадоў працаваў намесьнікам кіраўніка гарвыканкаму.

«Я вельмі жорсткі, патрабавальны ў першую чаргу да сябе, калі ёсьць прычыны, — казаў Шары адразу пасьля прызначэньня ў інтэрвію тэлеканалу СТВ. — Я думаю, гэта дасьць станоўчы вынік».