Захоўнік палескага скарбу: Фёдар Клімчук (1935-2018)

Фёдар Клімчук

Недзе ў пачатку 1990-х, калі я жыў у Беластоку, трапіла ў мае рукі невялікая памерамі кніжка «Гаворкі Заходняга Палесся. Фанетычны нарыс» (Мінск, Навука і тэхніка, 1983; 128 с.). У той час гэтае выданьне, аўтарам якога значыўся нехта па прозьвішчы Фёдар Клімчук, ня выклікала майго асаблівага зацікаўленьня.

Гэта была мовазнаўчая манаграфія, прысьвечаная фанэтычнаму аналізу групы загародзкіх (берасьцейска-пінскіх) гаворак, якая стракацела ад прыкладаў фанэтычнай транскрыпцыі і зводных табліц вакалізацыі розных дзівотных гаворак Палесься. Усё выглядала настолькі нязвыкла для мяне, чалавека з нефілялягічнай адукацыяй, што я адклаў кніжку на самую дальнюю паліцу.

Мне і ў галаву не магло прыйсьці, што міне гадоў дзесяць зь невялікім лішкам, і гэтая манаграфія стане для мяне на нейкі час настольным чытаньнем. І што я пазнаёмлюся зь яе аўтарам, і што мы будзем цягам гадоў перамаўляцца па скайпе, і што — гэта ўжо абсалютна з жанру фантастыкі — мы апублікуем свае артыкулы пад адной вокладкай у выданьні аднаго вядомага эўрапейскага ўнівэрсытэту.

Фёдар Клімчук нарадзіўся ў вёсцы Сіманавічы Драгічынскага павету Палескага ваяводзтва Польшчы (сёньня: Драгічынскі раён Берасьцейскай вобласьці). Вучыўся ў школах у Сіманавічах, Вольцы Сіманавіцкай і Драгічыне. У 1952—1954 гг. вучыўся на гістарычным факультэце Пінскага настаўніцкага інстытуту, потым доўгі час працаваў настаўнікам гісторыі ў вясковых школах Столінскага і Драгічынскага раёнаў. Завочна закончыў гістарычны факультэт Мінскага пэдагагічнага інстытуту (1964–1967).

Аднак найпершым жыцьцёвым і прафэсійным зацікаўленьнем Фёдара Клімчука стала не гісторыя, а дыялекталёгія. Навуковую працу ў гэтым накірунку ён пачаў у 1957 годзе зборам дыялектнага, фальклёрнага і этнаграфічнага матэрыялу на Палесьсі. У 1968 годзе паступіў у асьпірантуру пры Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР у Менску. У 1971 годзе пачаў працу ў сэктары дыялекталёгіі гэтага інстытуту. У 1973 годзе стаў кандыдатам філялягічных навук на падставе дысэртацыі «Да лінгвагеаграфіі Заходняга Палесся (фанетыка чатырох палескіх гаворак)». У 1981 годзе атрымаў ступень старэйшага навуковага супрацоўніка Інстытуту мовазнаўства.

Фёдар Клімчук стаў аўтарам больш чым 200 навуковых працаў і артыкулаў па дыялекталёгіі, лінгвагеаграфіі, лексыкаграфіі, фальклёры, этнагенэзе, сацыялінгвістыцы, тапаніміцы і агульнай славістыцы. Як суатар і рэдактар, удзельнічаў у ажыцьцяўленьні некалькіх найбольш значных лексыкаграфічных дасягненьняў Беларусі мінулага стагодзьдзя: «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (у пяці тамах, Мінск, 1979–1986); «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» (у пяці тамах, Мінск, 1993–1998); «Жывёльны сьвет. Тэматычны слоўнік» (Мінск, 1999); «Раслінны свет. Тэматычны слоўнік» (Мінск, 2001).

Пра гаворкі Пінска-Берасьцейскага Палесься Фёдар Клімчук ведаў практычна ўсё. І, відаць, разумеў, што яны ня толькі прападаюць як жывая зьява сярод носьбітаў, але і «зьнікаюць» у агульным пэйзажы беларускага мовазнаўства. Таму ў 1995 годзе, за дзесяць гадоў да свайго выхаду на пэнсію, Фёдар Клімчук заснаваў Заходнепалескае навукова-краязнаўцае таварыства «Загародзьдзе» з мэтай пашырэньня ведаў пра Берасьцейска-Пінскае Палесьсе ды збору гістарычных, этнаграфічных, моўных, археалягічных і іншых матэрыялаў датычных да гэтага рэгіёну. Пад шыльдай таварыства выйшла паўтузіна кнігаў, у тым ліку: «Новый Завет. Перевод на западнополесский говор» (пераклад Ф. Клімчука, 2010; 392 с.); «Пераклады з твораў Л. М. Талстога на гаворкі Палесся» (складальнік Ф. Клімчук, 2011; 312 с.); «Традыцыйнае вяселле вёскі Сіманавічы Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці» (2011; 84 с.); «Пераклады на заходнепалескую гаворку» (Ф. Клімчук, 2012; 184 с.)

З Фёдарам Клімчуком мне пашчасьціла сустрэцца ўсяго раз, у красавіку 2017 году ў Менску. Мы дамовіліся на спатканьне ў Нацыянальнай бібліятэцы і правялі ў фае таго будынка дзьве гадзіны, гамонячы пра Палесьсе і Падляшша ў агульнасьці ды ягоную сіманавіцкую і маю падляскую гаворку ў прыватнасьці.

Кожны з нас гаварыў па-свойму, але нейкаму вонкаваму слухачу магло падацца, што мы гаворым на адной мове. Нам, дарэчы, таксама час ад часу так падавалася, хоць мы і дакладна ўсьведамлялі сабе, што сіманавіцкую гаворку Клімчука і падляскую гаворку Максімюка нельга зьвесьці да аднаго «літаратурнага стандарту». У нашых гаворках розная вакалізацыя (сярод іншага, у Сіманавічах людзі адрозьніваюць тры варыянты фанэмы [I], якая рэалізуецца як беларускія «і» і «ы» ды яшчэ нешта пасярэдняе паміж імі, што Клімчук абазначае на пісьме як «и»; такой «трыяды» ня чуецца на Падляшшы). Але розная вакалізацыя, можна сказаць, гэта дробязь у параўнаньні з адрозным інвэнтарам галосных і зычных фанэмаў. На Падляшшы фанэмамі зьяўляюцца два дыфтонгі — «уо» і «і(ы)э» — у Сіманавічах іх няма. У Сіманавічах фанэмай зьяўляецца мяккае [р’], на Падляшшы мы маем цьвёрдае «р» ва ўсіх пазыцыях. У Сіманавічах могуць зьмякчаць «ш», «ч» і «ж», на Падляшшы гэтыя зычныя зацьвярдзелыя ва ўсіх пазыцыях.

Тады ў Менску я сказаў Фёдару Клімчуку, што мая ідэя «літаратурнай падляскай мовы» зыходзіць зь дзьвюх практычных прадпасылак: 1) фанэтычна-марфалягічную структуру пісьмовай падляскай мовы я абапіраю на найбольш распаўсюджаны падляскі дыялект (на якім гавораць дзьве траціны носьбітаў падляскіх гаворак); 2) што тычыцца слоўніка, ядро складае падляская лексыка, але я таксама бяру словы з усяго Заходняга Палесься, у тым ліку і з таго на ўкраінскім баку.

Пачуўшы такое, спадар Клімчук запрапанаваў, што можа дапамагчы мне раздабыць «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча», у які была ўключаная і лексыка ягонай роднай вёскі. Мы дамовіліся на спатканьне на наступны дзень, і 82-гадовы мовазнаўца прыцягнуў пяць тамоў слоўніка ад сям’і свайго калегі, які ўжо адышоў у лепшы сьвет. Мы тады пайшлі ў кандытарскую краму на праспэкце (ці не ў «Лакамку»?), і я закупіў там беларускіх цукерак амаль столькі, колькі важыў той слоўнік, ды нагрузіў спадара Клімчука заданьнем занесьці цукеркі сям’і ўладальніка слоўніка як падзяку. Калі сёньня я думаю пра Фёдара Клімчука, дык перш за ўсё мне прыгадваецца гэты менскі эпізод са слоўнікам і цукеркамі — мы брыдзем па цэнтральным праспэкце Менску, я валаку кіляграмы чатыры слоўніка ў пяці кнігах, а спадар Клімчук валачэ столькі ж кіляграмаў менскіх цукеркаў. Усё дзеля жыцьця нашага Палесься, так бы мовіць...

Фёдар Клімчук «Яныс» (аповесьць, на заходнепалескай гаворцы в. Сіманавічы; Мінск, 2013)

Потым мы даволі часта кантактавалі з Фёдарам Клімчуком па скайпе. Я пытаўся ў яго пра розныя словы, якія мне траплялі ў слоўніках палескіх гаворак, ён пытаўся ў мяне пра некаторыя звычаі на Падляшшы. Апошні раз мы пагаварылі, здаецца, пад канец мінулага году...

Ня ведаю, ці прыдадуцца каму ў Беларусі кнігі на заходнепалескай гаворцы, якія апублікаваў Фёдар Клімчук. Калі я пытаў яго ў Менску, ці ёсьць хто зацікаўлены працягам ягонай працы сярод малодшага пакаленьня, мовазнаўца адказваў даволі невыразна. Але недзе на заднім пляне адчувалася ягоная горыч, што ўвесь той назапашаны ім матэрыял можа прапасьці дарма.

Што тычыцца мяне асабіста, у палескіх лексычных скарбах, захаваных Фёдарам Клімчуком, я знаходжу моцныя цаглінкі для выбудоўваньня слоўніка «падляскай літаратурнай мовы». Ня ведаю, як доўга можа прастаяць такі будынак і колькі людзей у ім абжывецца, але мне тут прыходзіць на згадку верш Фёдара Клімчука, які ён напісаў на пачатку свайго шляху захоўніка палескіх скарбаў:

Кажуть, займаюся я йірундою,
Кажуть, ныкому нэ трэба воно.
Правда, кажу вам ны пыршыною,
Всэ, што роблю я, ля вас сёромно.

Вам з ёго пользы ныколі нэ будэ,
Гэтака польза і всім од ёго,
Алэ ж вы тое подумайтэ, людэ:
Ныц ны поможэ з казання того.

Чым я займався, я буду займатысь,
Можэ я впартый, скажітэ, шо не.
Алэ быз тых впартошчів дэ дыватысь,
Лыхо быз йіх ны мынэ.

Што я роблю, вы на тэ нэ дывітэсь,
Собі займітэсь, шо вам на умі.
Я вас прошу, од мынэ одчыпітэсь
І нэ мышяйтэ мыні.