Калі замест «Пройдемте» вам рыкнуць: «Пшо-о-ол!»

«Ноч расстраляных паэтаў» у Курапатах

Гэта будзе азначаць, што зноў насталі часы «не такоўскія», хоць яшчэ ўчора, здаецца, нішто не абяцала бяды. Зусім як ў 1930-я, калі ніхто не хацеў верыць, што НКВД у Беларусі расстраляе ўсю нацыянальную эліту.

Чорная ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году стала кульмінацыяй гэтага зьнішчэньня. За некалькі гадзін чэкісты расстралялі больш за сто беларускіх паэтаў, пісьменьнікаў, навукоўцаў.

Чаму гэта важна ведаць сёньня?

Бо гэта не пра гісторыю, а пра мэханізм, які час ад часу запускаецца на гэтай зямлі, каб пасьля ўражваць нашчадкаў маштабамі зьнішчэньня. Так было ў 1918-м, у 1860-я, у 1830-я. Хоць там, чым глыбей у мінулае, тым большы быў супраціў. Але ў 1930-я грамадзтва зусім «выгарала», апусьціла рукі, страціла імунітэт.

Гэты імунітэт называюць словам «эмпатыя», па-расейску «сострадание», па-беларуску — жаль. Жаль — нібы ствол таго дрэва, ад якога разыходзяцца галіны шкадаваньня, любові, сяброўства…

У жывёлаў жалю няма, калі толькі ён не разьвіты праз дрэсуру. Але ў цэлым для жывёльнага сьвету адсутнасьць жалю — норма. У чалавечым грамадзтве жаль выхоўваецца, гэта не прыродная зьява, а набытая ўласьцівасьць. Адсутнасьць жалю тут — паталёгія, якая асобна ўзятага чалавека можа ператварыць у Брэйвіка, а ўсё грамадзтва ахапіць сталінскімі ці гітлераўскімі рэпрэсіямі і вайной.

Як распазнаць, што грамадзтва страчвае імунітэт?

Дачыненьні людзей робяцца больш прымітыўнымі. Начальнік трымае «простага чалавека» запанібрата. Адпаведна «простыя людзі» пачынаюць абыходзіцца адно з адным. Праваахоўнік замест «Пройдемте» зараве вам: «Пшо-о-ол!» Жаль лічыцца праявай слабасьці і адсутнасьці волі. Зьнікае этычная дыстанцыя, выказваньні грубеюць і страчваюць кантэкст. Замест інфармацыі — прапаганда, замест гістарычных фактаў — фэйкі. Прападае крытыка. На зьмену законам і нормам прыходзяць «паняцьці». Людзі звыкаюцца з уласнай роляй расходнага матэрыялу (кожнага можна пасадзіць і расстраляць, бо на кожнага знойдзецца «нешта»). 52% насельніцтва выступаюць за сьмяротную кару (нават ня ведаючы, для каго). Экс-турэмшчык Алкаеў перакананы, што труп, які зьявіўся ў выніку расстрэльнага прысуду, ня трэба аддаваць сваякам: «Ён жа не герой якісьці». Традыцыя, між іншым, бярэ пачатак ад графа Мураўёва, але факт — з нашых дзён.

Хто ў грамадзтве адказвае за імунітэт?

Хто ў грамадзтве адказвае за імунітэт, за тое, каб людзі ня страчвалі жалю? Вернемся ў першы абзац гэтага тэксту. Эліта. Аўтарытэтныя пэрсоны, надзеленыя ўнутранай свабодай, годнасьцю і ўласным меркаваньнем.

Яшчэ прыходзіць на думку царква, якая, нібыта, вызнае каштоўнасьць спачуваньня. Але, беручы маскоўскае праваслаўе, у ХІХ стагодзьдзі яно цалкам было на баку зьнішчальнікаў, у 1930-я яго проста не было, а сёньня колькі ні ўслухоўвайся ў прамовы і казані, ні разу не пачуеш ані спачуваньня, ані жалю. Усё добра, акрамя ворагаў, — такі лейтматыў РПЦ.

Эліта 1930-х — міністры, акадэмікі, знаныя пісьменьнікі — была або зьнішчаная, або бутафорская. Гэта значыць, не было каму адказваць за імунітэт. Усё грамадзтва хварэла на паталёгію без надзеі на паратунак. Толькі шмат пазьней, у хрушчоўскую адлігу, калі пачнуць масава «выпускаць», у грамадзтва вернецца жаль і зьявіцца новая эліта, мы ўспомнім мільёны ахвяраў сталіншчыны і пачнём іх аплакваць. Але не заўсёды будзем гаварыць пра тое, чаму трагедыя стала магчымай, і чаму яна патэнцыйна магчымая цяпер. Добра думаць, што мэханізм незваротна зьнік, але ён ня зьнік.

Нехта ў фэйсбуку напісаў, што пачуваецца шчасьлівым, бо сёньняшніх паэтаў не расстрэльваюць. Можна падумаць, Уладзіслаў Галубок, першы народны артыст БССР, дапускаў, што яго вось так возьмуць і расстраляюць. Ці кампанія Тодара Кляшторнага ў ТАВІЗе (Таварыства аматараў выпіць і закусіць) за чаркай абмяркоўвала, як іх заўтра паставяць да сьценкі. Зразумела, не. Яны гэтаксама пачуваліся шчасьлівымі, што іх не павесяць, як Каліноўскага ў «тыя, дзікія часы». Іх расстралялі. Дык адкуль перакананьне, што сёньня такой небясьпекі няма?

Мы пацяшаемся з заяваў прэзыдэнта, ягоных міністраў і акадэмікаў, не заўсёды разумеючы, што такое глыбіннае нас насамрэч пацяшае. А гэта адсутнасьць жалю, спагады, спачуваньня. І, як вынік, дасягненьне таго прымітывізму, які мала чым адрозьніваецца ад прымітывізму 1930-х.

Як і тады, роля «эліты» ў грамадзтве зьведзеная да нуля, прынамсі на дзяржаўным узроўні. Руляць «Лінія Сталіна» і рэстаран у Курапатах. Руліць КГБ зь беспардонна сфабрыкаванымі справамі арганізаваных злачынных груп. Руліць міліцыя. Суду як такога няма.

Незалежнае грамадзтва

Адзінае, дзе яшчэ цепліцца гэты паказьнік грамадзкага здароўя — незалежная супольнасьць (што ўласна грамадзтвам, а ня проста насельніцтвам, і ёсьць).

І вось назіраньне апошніх дзён, якое само выклікае жаль. Незалежнае грамадзтва, якое пасьпяхова скінулася на #БНР100, ня можа сабраць грошы на «(Не)расстраляную паэзію» — памяць пра тых Галубка, Кляшторнага і тысячы іншых, даваенную беларускую эліту. Хоць гэты праект — ня што іншае, як наўпроставы выказ спачуваньня.

Кажу гэта не з дакорам, а як назіраньне. Жалю шмат і ня трэба, галоўнае, каб ён быў.

Расчалавечваньне адбываецца вельмі хутка. Мы нават вокам не міргнем, як па суседа ноччу прыедзе варанок. А наш замутнёны звыклым беззаконьнем зрок гэтага проста і не заўважыць. Бо якога толькі бясчынства мы не пабачылі за гэтыя 25 гадоў!

Вы скажаце, ня трэба згушчаць фарбы, адна рэч прэцэдэнты, і іншая, калі ўвесь народ асьлеплены і ўцягнуты ў гэтую ўсеагульную вайну даносаў, расстрэлаў і забыцьця. Магчыма і так, рубікон не перайшлі. А як зразумець, што наблізіліся, як распазнаць, што вось ён, рубікон? Сачыце за спачуваньнем.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.