У Быхаўскім раёне ў вёсцы Лудчыцы на ўроку фізкультуры 19 кастрычніка памёр вучань трэцяй клясы. Пахавалі яго 21 кастрычніка.
У лудчыцкай школе пра здарэньне гаварыць адмаўляюцца.
У аддзеле адукацыі Быхаўскага райвыканкаму сказалі толькі, што з 22 кастрычніка прычыны сьмерці вучня высьвятляе камісія.
«Пакуль ня скончанае расьсьледаваньне, ніякіх камэнтароў мы не даём, — сказала намесьніца аддзелу адукацыі Натальля Малашэнка. — На гэты момант няма нават вынікаў экспэртызы. Праверку праводзіць пракуратура. У склад камісіі ўвайшлі двое прадстаўнікоў аддзелу адукацыі».
Як паведаміў Сьледчы камітэт, у хлопчыка было хворае сэрца. Паводле Tut.by, школьнік штогод праходзіў абсьледаваньне ў стацыянары. У даведцы, якую выдалі маці памерлага, напісана: прычына сьмерці высьвятляецца. Заключэньне экспэртаў будзе празь месяц.
Ягор, так звалі вучня, жыў з маці і бабуляй у суседняй з Лудчыцамі вёсцы Та́йманава. На яго пахаваньне прыйшло шмат людзей, у тым ліку настаўнікі, — расказалі аднавяскоўцы.
«Вы ж разумееце, якое гэта гора, калі дзяцей хаваюць, — сказала адна зь вясковак. — А што адбылося на тым уроку, гавораць у вёсцы рознае, але дакладна можа сказаць толькі маці. Яе цяпер лепей не даймаць пытаньнямі».
У школе для сямʼі Ягора сабралі грошай, дапамаглі і аднавяскоўцы.