Пасьля Данбасу і Сырыі — Лібія. Расейскія прыватныя вайсковыя кампаніі ўжо ня першы год дзейнічаюць разам ці замест арміі Расейскай Фэдэрацыі. Паводле брытанскай газэты The Sun, Расея перакінула ў Лібію наёмнікаў, афіцэраў ГРУ, і рыхтуе ўварваньне. Што робяць расейскія прыватныя вайсковыя кампаніі ў Афрыцы? Ці страціла свой уплыў група «Вагнера» пасьля разгрому ў Сырыі?
Пра гэта — у матэрыяле журналістаў праекту Радыё Свабода «Донбас. Реалии».
Пасьля падзеньня ўлады Муамара Кадафі, які кіраваў больш за сорак гадоў, і яго забойства ў 2011 годзе Лібія пачала распадацца як краіна і пагрузілася ў грамадзянскую вайну. Цяпер там некалькі цэнтраў улады — прызнаны ААН прэм’ер-міністар, два парлямэнты і галоўнакамандуючы арміі, але большую частку тэрыторыі не кантралюе ніхто.
«Захад больш цікавіць, каб з Лібіі не наплывалі ўцекачы. Таму што Лібія цяпер — адзін з асноўных цэнтраў, адкуль уцекачы спрабуюць дабрацца да Эўропы. Лібія багатая нафтай — у гэтым цікавасьць і для Расеі», — перакананы aналітык Цэнтру дасьледаваньня Афрыкі Анатоль Максімаў.
У апошнія месяцы ў Лібію з Расеі перакінулі расейскіх вайскоўцаў
Паводле інфармацыі заходніх СМІ, у апошнія месяцы ў Лібію з Расеі перакінулі расейскіх вайскоўцаў, ствараюць дзьве базы ў Тобруку і Бэнгазі і паставілі зброю — зэнітна-ракетныя комплексы С-300 і крылатыя ракеты «Калібр». Вайсковую прысутнасьць Расейскай Фэдэрацыі ў краіне Масква абвяргае. А СМІ пішуць, што дапамога прызначана для сіл маршала Халіфа Хафтара — яны кантралююць ўсход Лівіі, але не прызнаныя ААН як мясцовыя ўлады.
«Расія перакідае туды зьнішчальнікі. Не з экіпажам, а менавіта як такую свайго роду вайсковую дапамогу. Год таму мы бачылі там зьбітыя бесьпілётнікі „Арлан-10“, якія таксама выкарыстоўваюцца ў Данбасе і ў Сырыі», — кажа заснавальнік Conflict Intelligence Team Руслан Левіеў.
Выданьне The Washington Times піша, што, прынамсі, зь вясны мінулага году ў Лібіі знаходзяцца расейскія прыватныя вайсковыя кампаніі. Называюць і канкрэтнае назва — «РСБ-Груп». Яны на сваім сайце сьцьвярджаюць, што не наёмнікі і ў чужых інтарэсах не ваююць.
Наёмнікі ПВК «Вагнера» атакавалі пазыцыі амэрыканскіх вайскоўцаў
У пачатку лютага 2018 у сырыйскай правінцыі Дэйр-эз-Зор расійскія наёмнікі ПВК «Вагнера» атакавалі пазыцыі амэрыканскіх вайскоўцаў. Тыя ў адказ расстралялі калёну авіяцыяй і бесьпілётнікамі. Страціўшы каля сотні байцоў, атакуючыя адступілі. Тады ж зьяўляецца інфармацыя — уплыў «вагнераўцаў» страчаны і новай расейскай ПВК, якая дзейнічае ў Афрыцы, становіцца «Патрыёт».
«Уся інфармацыя, якая пра яе распаўсюджвалася, вельмі непераканаўчая. І сама ідэя стварэньня яшчэ адной ПВК супярэчыць лёгіцы і ідэі стварэньня і выкарыстаньня ПВК „Вагнера“. Таму што гэта група адна, яна ніякая не прыватная. Яна пад дзяржавай знаходзіцца, пад уплывам Мінабароны і пад іх кантролем», — заўважае Руслан Левіеў.
Група «Вагнера» да гэтага часу адыгрывае ключавую ролю сярод расейскіх наймітаў
Дасьледчыкі кажуць, што, нягледзячы на адчувальныя страты ў Сырыі, група «Вагнера» да гэтага часу адыгрывае ключавую ролю сярод расейскіх наймітаў. Назва можа мяняцца ў залежнасьці ад краіны, напрыклад, у Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы — гэта Sewa Security. Большая частка наёмнікаў, кажуць яны, атрымала першы баявы вопыт на Данбасе, а пазьней — у Сырыі.
«Вярбоўка так званых наёмнікаў ажыцьцяўляецца супрацоўнікамі расейскіх спэцслужбаў пастаянна, у тым ліку і сярод тых, хто ўдзельнічае ў баявых дзеяньнях на Данбасе на баку расейскага акупацыйнага кантынгенту войскаў. Затым, падпісаўшы новы кантракт зь Міністэрствам абароны Расейскай Фэдэрацыі, яны накіроўваюцца, у залежнасьці ад бягучай абстаноўкі і наяўнасьці неабходных навыкаў, у Сырыю або іншыя краіны», — тлумачыць кіраўнік апарату СБУ Ігар Гуськоў.
Аналітыкі лічаць: расейскія ПВК ў Афрыцы прысутнічаюць у абмежаванай колькасьці. Трэніруюць мясцовых вайскоўцаў, якія ахоўваюць важныя аб’екты, у прыватнасьці, для прыбытку. Адначасова такую прысутнасьць Расея нарошчвае ў сваіх інтарэсах.
«Галоўная задача адна — падрыхтоўка і навучаньне мясцовых узброеных груповак з мэтай дэстабілізацыі сытуацыі ў той ці іншай краіне Афрыкі, якая павінна нанесьці шкоду інтарэсам іншых краін, праціўнікаў Расеі, у гэтым рэгіёне — як эканамічную (там, дзе вайна, гандаль не ідзе), так і палітычную», — адзначае Ігар Гуськоў.
Пра тое, што Расея ў Афрыцы ўмацоўвае свае пазыцыі, сьведчаць пагадненьні Расейскай Фэдэрацыі з краінамі гэтага кантынэнту. Паводле інфармацыі Reuters, за апошнія чатыры гады іх было падпісана 19. Як правіла, усе яны тычацца сфэры вайсковага супрацоўніцтва, вучэньняў, пастаўкі ўзбраеньняў і барацьбы з тэрарызмам. Але пакуль незразумела, ці будуць гэтыя пагадненьні рэалізаваны на самай справе.