Паводле зьвестак ДАІ а 3-й ночы 22 кастрычніка пад коламі цяжкагрузнага аўтамабіля загінуў салдат 1999 году нараджэньня.
Ён нечакана выбег на дарогу каля вёскі Бароўка Лепельскага раёну, дзе базуецца 231-я артылерыйская брыгада і 52-гі спэцыяльны пошукавы батальён. Здарэньне адбылося на 167-м кілямэтры аўтадарогі Менск — Віцебск. Хлопец загінуў у выніку наезду фуры DAF з паўпрыцэпам, за стырном якога быў кіроўца 1987 году нараджэньня.
Паводле папярэдняй інфармацыі, кіроўца быў цьвярозы.
Праводзіцца праверка акалічнасьцяў ДТЗ. Таксама праверку па факце здарэньня праводзіць Сьледчы камітэт і спэцыяльная камісія Міністэрства абароны.
Абноўлена: СК завёў крымінальную справу за парушэньне ПДР, якое стала прычынай сьмерці па неасьцярожнасьці. Паводле ч.2 арт. 317 КК кіроўцу могуць пагражаць папраўчыя працы і да 5 гадоў абмежаваньня ці пазбаўленьня волі. Падазраванага адпусьцілі з абавязаньнем яўкі.