Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў пра свой намер адмовіцца ад пагадненьня аб кантролі над узбраеньнямі — пасьля таго, як яго на працягу некалькіх гадоў парушала Масква. Крэмль назваў выхад ЗША з дамовы «вельмі небясьпечным крокам».
Дагавор аб ліквідацыі ракет сярэдняй і малой далёкасьці (РСМД), падпісаны ў 1987 годзе, забараняе Злучаным Штатам і Расеі валодаць, вырабляць і выпрабоўваць крылатыя ракеты наземнага базіраваньня далёкасьцю ад 500 да 5500 кілямэтраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея пагражае ЗША контразахадамі за намер выйсьці з дамовы аб ракетахМіністар замежных спраў Нямеччыны Хайка Маас назваў рашэньне Трампа «годным шкадаваньня, заявіўшы, што дагавор зьяўляецца» важным стаўпом эўрапейскай архітэктуры бясьпекі«, і выхад зь яго «уздымае складаныя пытаньні для нас і Эўропы».
Маас таксама заявіў, што Нямеччына неаднаразова заклікала Маскву «праясьніць сытуацыю з сур’ёзнымі абвінавачваньнямі ў парушэньні дамовы аб РСМД, чаго Расея пакуль не зрабіла».
У той жа час міністар абароны Вялікабрытаніі Гэвін Уільямсан заявіў, што яго краіна «абсалютна цьвёрда» падтрымлівае ЗША ў дыскусіі з нагоды дамовы. Уільямсан абвінаваціў Расею ў тым, што яна паставіла пад пагрозу дамову аб кантролі над узбраеньнямі, і заклікаў Крэмль «навесьці парадак у сваім доме».
Уільямсан заявіў газэце Financial Times у нядзелю, што Масква «насьміхаецца» над дамовай аб РСМД.
Адносіны паміж Расеяй і ЗША ўскладніліся ў выніку крызісу ва Ўкраіне, вайны ў Сырыі і абвінавачваньняў ва ўмяшаньні Расеі ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША ў 2016 годзе.