Зноў затрыманьні пратэстоўцаў супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці

На традыцыйныя пратэсты многія берасьцейцы прыходзяць зь дзецьмі

Міліцыянты затрымалі берасьцейскіх актывістаў супраць акумулятарнага заводу Валера Фамінскага і Аляксандра Аблака.

Яны былі выкліканыя ў пастарунак позвай якраз на час сёньняшняй акцыі, што адбывалася на галоўнай плошчы Берасьця. Як апавёў праваабаронца Ўладзімер Вялічкін, на Фамінскага і Аблака склалі пратаколы за ўдзел у масавай акцыі і пакінулі ў ізалятары. У панядзелак іх будуць судзіць.

Шараговых гараджанаў міліцыя не чапала

На чарговай маўклівай акцыі праціўнікаў заводу затрыманьняў не было. На плошчу, паводле падлікаў праваабаронцы Рамана Кісьляка, выйшла больш за 120 чалавек.

Праціўнікі акумулятарнага заводу

«Гэта ня меней, чым на мінулыя выходныя і паказвае, што затрыманьні людзей не напалохалі,» — кажа Раман Кісьляк.

Сёньняшняя акцыя вярнулася ў ранейшы фармат — людзі не выкрыквалі лёзунгаў, ня было плякатаў.

Удзельнікі кармілі галубоў, гулялі зь дзецьмі. Плошчу патрулявалі міліцыянты, асобы ў цывільным здымалі на камэру, але людзей на плошчы не затрымлівалі.

Пратэст бяз блогераў і некаторых лідэраў

Акцыі праціўнікаў акумулятарнага заводу адбываюцца ў Берасьці штонядзелі некалькі месяцаў. Звычайна яны праходзілі ціха, бязь лёзунгаў і транспарантаў. Людзі зьбіраліся на плошчы ды кармілі галубоў.

Пратэстоўцы пад кантролем міліцыі

Апошнія два тыдні пачаліся затрыманьні найбольш актыўных пратэстоўцаў і блогераў, якія іх падтрымліваюць.

На акцыі 14 кастрычніка было затрымана паўтара дзясятка чалавек, у тым ліку апазыцыйны палітык Мікола Статкевіч. Ён быў пакараны 5 суткамі арышту.

Такі ж тэрмін прысудзілі і блогерам Аляксандру Кабанаву і Сяргею Пятрухіну, якія прыйшлі на плошчу з плякатам супраць заводу. Падчас акцыі 21 кастрычніка блогеры знаходзіліся пад арыштам.

Апроч іх, 20 кастрычніка быў затрыманы адзін зь лідэраў пратэсту Дзям’ян Лепясевіч. Міліцыянты забралі яго з дому ўвечары, стала вядома, што да панядзелка ён будзе ў пастарунку, а потым яго будуць судзіць.

Спэцслужбы адсочваюць удзельнікаў акцыі

Таксама, цягам тыдня некаторыя актывісты атрымалі позвы з патрабаваньнем зьявіцца ў міліцыю ў нядзелю, якраз у час, калі на плошчы адбываецца акцыя.

Такія ж позвы атрымалі і берасьцейскія незалежныя журналісты Яўген Скрабец, Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава. На журналістаў склалі пратаколы за працу без акрэдытацыі ды адпусьцілі.