Зьмяніць сьвет і паехаць на TEDx у Аўстрыю: конкурс для вучняў па-беларуску 

TEDx Minsk 2018

Аб’яўлены конкурс праектаў velcom YOUTH для старэйшых школьнікаў, якія хочуць зьмяніць навакольны сьвет да лепшага. Вучні 10–11-x клясаў маюць магчымасьць атрымаць неабходныя веды і рэалізаваць праект па цікавай для сябе тэме.

Найлепшыя выступяць на TEDxYouth@Minsk і атрымаюць iPhone Xs. А пераможцы паедуць на TEDx у Аўстрыю. Адметная рыса праекту — уся камунікацыя ад падачы заяўкі да прэзэнтацыі ў фінале будзе на беларускай мове.

Глябальныя ідэі на роднай мове

Згодна з палажэньнем конкурсу, падлеткам трэба прапанаваць сваю тэму ў адным з трох кірункаў: тэхналёгіі, культура, інклюзія. У іх будзе магчымасць паўдзельнічаць працы у шэрагу майстэрняў, а пасьля рэалізаваць сваю ідэю і зьняць пра гэта відэаролік, які ацэніць журы. 10 фіналістаў возьмуць удзел у выніковай канферэнцыі TEDxYouth@Minsk і прэзэнтуюць ідэю ў выглядзе публічнага выступу.

Прамоўцы TEDxMinsk

Прыём заявак завершыцца 11 лістапада. Там трэба пазначыць тэму выступленьня і абгрунтаваць свой удзел у конкурсе. Падаваць заяўкі могуць вучні 10–11-х клясаў з усіх рэгіёнаў Беларусі.

Сацыяльна-адукацыйны праект velcom YOUTH рэалізуецца кампаніяй velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, а таксама арганізатараў канфэрэнцый TEDxMinsk. У аснове канцэпцыі — выкарыстаньне сучасных тэлекамунікацыйных каналаў для інтэрактыўнага ўзаемадзеяньня са школьнікамі: зь іх дапамогай удзельнікі змогуць наведаць анлайн-майстэрні «Мастацтва прэзэнтацыі», «Аратарскае майстэрства», «Майстэрства лідэра».

«Сёньня мы можам назіраць зьмяшчэньне акцэнтаў ад традыцыйных формаў навучаньня ў бок інтэрактыўных мэтадаў, ад рашэньня агульнаадукацыйных задачаў у бок раньняга выяўленьня і разьвіцьця прафэсійных і так званых надпрафэсійных навыкаў: уменьня ладзіць камунікацыю, працаваць у камандзе, эфэктыўна плянаваць сваю дзейнасьць. Праект velcom YOUTH дапаможа сёньняшнім школьнікам знайсьці найбольш эфэктыўны шлях да пасьпяховай самарэалізацыі», — адзначыў дырэктар Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтру Міністэрства адукацыі Павал Ліс.

Стымул для інтэлектуальнага росту

Ад 20 студзеня да 20 лютага 2019 году ўдзельнікі конкурсу будуць мець магчымасьць рэалізаваць сваю ідэю: падрыхтаваць і правесьці нефармальную адукацыйную імпрэзу: майстар-клясу, дэбаты ці дыскусію на абраную тэму. Відэаролік з прэзэнтацыяй рэалізаванага праекту і доказам яго значнасьці неабходна будзе разьмясьціць на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках з хэштэгам #velcomYOUTH і даслаць спасылку на info@velcom-youth.by.

Гледачы і ўдзельнікі сакавіцкай канфэрэнцыі TEDxMinsk 2018

«У сучасным сьвеце межы паміж краінамі робяцца ўсё больш умоўнымі — калі ідзецца пра зносіны, абмен ідэямі, пошук месца атрыманьня вышэйшай адукацыі ці працаўладкаваньня. З дапамогай праекту velcom YOUTH мы вырашылі прадэманстраваць падлеткам магчымасьці для рэалізацыі іх патэнцыялу — і адначасова паказаць, што ідэі, народжаныя ў Беларусі, могуць зь цікавасьцю ўспрымацца па-за яе межамі і нават зьмяняць да лепшага сьвет на глябальным узроўні», — перакананы начальнік аддзелу карпаратыўных камунікацый velcom Мікалай Брэдзелеў.

Аўтары самых значных і арыгінальных праектаў трапяць у лік 10 фіналістаў. Яны наведаюць TEDxMinsk 2019 і пачнуць працаваць над прэзэнтацыяй сваёй ідэі зь лепшымі мэнтарамі. Іх выступы адбудуцца на выніковым TEDxYouth@Minsk у траўні наступнага году. Усе фіналісты атрымаюць мабільныя тэлефоны iPhone Xs, а тры пераможцы (па адным у кожным напрамку конкурсу) будуць запрошаныя на TEDx у Аўстрыю.

Гісторыя TED у сьвеце і Беларусі


TED (з ангельскай technology, entertainment, design — тэхналёгіі, забавы, дызайн) — фармат канфэрэнцыяў, першая зь якіх адбылася ў 1984 годзе ў ЗША. Асноўная місія — пашырэньне і прасоўваньне ўнікальных ідэяў. Сярод вядомых удзельнікаў TED-канфэрэнцыяў былі Стыў Джобс, Стывэн Гокінг, Біл Клінтан ды іншыя.

У Беларусі першая імпрэза ў фармаце TEDx адбылася ў 2009 годзе, Канфэрэнцыя TEDxMinsk 2018 аказалася самай прадстаўнічай колькасьцю гледачоў, выступаў і ўдзельнікаў.