На маёмасьць старшыні партыі БНФ Рыгора Кастусёва наклалі абмежаваньні

Рыгор Кастусёў

Аддзел прымусовага выкананьня Шклоўскага раёну 19 кастрычніка наклаў абмежаваньні на маёмасьць старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва для забесьпячэньня аплаты штрафу за Курапаты.

Паводле самога Рыгора Кастусёва, штраф быў ужо даўно сплачаны.

Як паведаміў Рыгор Кастусёў прэс-службе Партыі БНФ, 19 кастрычніка ён атрымаў па пошце пакет дакумэнтаў, зьвязаных з адміністрацыйнымі штрафамі, якімі палітык быў пакараны ў часе сёлетніх пратэстаў у Курапатах. У тым ліку Рыгору Кастусёву была дасланая позва і пастанова аб накладаньні абмежаваньняў на маёмасьць у дачыненьні да аўтамабіля і гаража, якія належаць старшыні БНФ.

Рыгора Кастусёва цытуе сайт партыі БНФ:

«Справа ў тым, што ўсе штрафы па сёлетніх адміністрацыйных спагнаньнях у мяне слочаныя. Нягледзячы на гэта, судовыя выканаўцы вынесьлі на мой адрас пастанову пра накладаньне арышту на аўтамабіль і гараж... Я разглядаю гэтыя дзеяньні судовай улады як дробную помсту за пададзеную мною ў Камітэт ААН па правах чалавека скаргу на выкарыстаньне адміністрацыйнага перасьледу як сродку абмежаваньня свабоды сходаў у Беларусі. Гэтая скарга была ў мінулым месяцы мною пададзеная пры дапамозе юрыстаў правабарончага цэнтру «Вясна».

4 ліпеня суд Партызанскага раёну Менску аштрафаваў Рыгора Кастусёва на 30 базавых велічынь (735 рублёў) па артыкуле 23.34 КаАП за ўдзел у акцыях па абароне Курапатаў, дзе адчынілася забаўляльная ўстанова «Поедем-поедим».