У сьпіс ільготных і бясплатных лекаў уключана 39 новых прэпаратаў

У жніўні Міністэрства аховы здароўя зацьвердзіла новы пералік асноўных лекавых сродкаў для льготнага і бясплатнага забесьпячэньня пры аказаньні мэдыцынскай дапамогі ў амбуляторных умовах. Зараз на сайце ведамства зьявіўся камэнтар да пастановы.

У паведамленьні адзначаецца, што «прымаюцца захады па пашырэньні льготнага забесьпячэньня пры лячэньні пацыентаў з найбольш цяжкімі і распаўсюджанымі захворваньнямі», таму новая рэдакцыя пераліку значна пашырана.

Уключана 39 новых лекаў айчыннай і замежнай вытворчасьці, у тым ліку антыкаагулянты — рывараксабан і дабігатран, базэнтан для лячэньня лёгачнай гіпэртэнзіі ў дзяцей, дарагія лекі для лячэньня імунных захворваньняў, камбінаваныя лекі для лячэньня бранхіяльнай астмы, паркінсанізму, сухотаў і ВІЧ, — паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

Прынцып прызначэньня і продажу камбінаваных лекавых сродкаў з аптэк не зьмяніўся: акрамя фіксаванай, доктар мае права прызначыць свабодную камбінацыю лекавых сродкаў з прэпаратаў, якія ўваходзяць у пералік.