Сяржук Бахун: «Беларускі рэжым можа абрынуцца раптоўна ў кожную ноч»

Настаўнік, выдавец, палітык і патрыёт: берасьцеец Сяржук Бахун пра мінулае змаганьне і цяперашнюю актыўнасьць — у праекце Радыё Свабода «Забытыя. Размова з героямі ўчорашніх дзён».

Ад рукі маляваў улёткі, памнажаў на прынтары і разам зь сястрой Аленай раздаваў мінакам на вуліцах Берасьця падчас рэфэрэндуму 1995 году. Так 20-гадовы Сяржук Бахун заклікаў людзей «бараніць Канстытуцыю, дэмакратыю і нацыянальныя сымбалі Беларусі».

«Для мяне гэта было асабістай абразай: як гэта магчыма адмаўляцца ад нацыянальнай сымболікі?», — прыгадвае Сяржук. Пасьля рэфэрэндуму далучыўся да «Маладога фронту», а затым стаў ягоным старшынём у Берасьці.

Настаўнік геаграфіі — такую спэцыяльнасьць атрымаў пасьля заканчэньня Берасьцейскага ўнівэрсытэту. У горад над Бугам зь сям’ёй бацькоў Сяржук Бахун пераехаў з Прыпяці пад Туравам пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Кіраваў падлеткавым клюбам у Берасьці ў якасьці пэдагога-арганізатара, але мусіў пакінуць працу, бо былі «малыя заробкі, ідэалягічны і адміністрацыйны ціск, шмат незразумелай і непатрэбнай папяровай працы».

Магістар палітычных навук — такую навуковую кваліфікацыю атрымаў пасьля заканчэньня Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Вільні.

«Нёс у руках бел-чырвоны сьцяг, ускідваў угору руку і паказваў два пальцы» — паводле такой фармулёўкі Сяржук Бахун атрымаў адміністрацыйны штраф за ўдзел у Дні Волі 1998 году ў Менску. За грамадзка-палітычную дзейнасьць актывіста неаднойчы затрымлівалі ў Менску і Берасьці, ён атрымліваў штрафы і адбываў адміністрацыйныя арышты. У выбарах 2006 году ўдзельнічаў як сябра каманды Аляксандра Мілінкевіча і руху «За свабоду».

«Князь Вітаўт» — такую назву атрымала крама нацыянальных вырабаў, якую Сяржук Бахун разам зь сябрамі адкрыў у Берасьці.

«Мне заўсёды было крыўдна: вось „заходнія вароты“ Беларусі, а горад зрусыфікаваны, няма ніводнай беларускамоўнай школы. І крама нацыянальных сувэніраў — гэта такі пасільны ўнёсак у справу беларусізацыі Берасьця», — кажа Сяржук.

Рак шчытападобнай залозы — такі дыягназ Сяржук Бахун атрымаў у 29 гадоў.

«Перад апэрацыяй міжволі пераасэнсоўваў усё сваё жыцьцё, думаючы, што не пасьпеў зрабіць. І злавіў сябе на думцы, што не прачытаў рамана Ўладзімера Караткевіча „Каласы пад сярпом тваім“. І вось перад апэрацыяй дзень і ноч чытаў раман і думаў: „Божа, я мог усё жыцьцё пражыць і не прачытаць такой цудоўнай кнігі“».

«Каханьне мацнейшае за лекі», — заявіў Сяржук пасьля перамогі над хваробаю, стаўшы адным з герояў кнігі бібліятэкі Радыё Свабода «Жыцьцё пасьля раку».

Вандроўкі-заплывы па палескіх рэках — традыцыйны летні адпачынак, які Сяржук праводзіць зь сябрамі і сямʼёй:

«Мы прайшлі катамаранам па Прыпяці з Лунінца да Турава! Наша экспэдыцыя пасьпяхова завяршылася: уражаныя краявідамі, жывёльным і расьлінным сьветам Прыпяці», — кажа Сяржук пра сёлетнюю вандроўку.

Ажаніўся са Сьвятланай Завадзкай — удавой зьніклага апэратара Зьмітра Завадзкага. Разам гадуюць 9-гадовую дачку Адэлю. У часопісе ARCHE працуе камэрцыйным дырэктарам.

Разам з маці выдае беларускамоўныя паштоўкі. За ўласныя сродкі выдаў 3D-канструктар і 3D-пазл «Мірскі замак».

Жыве ў двух гарадах: у Берасьці, дзе мае бізнэс, і ў Менску, дзе жыве сямʼя.

Сваю дзейнасьць у складзе «Маладога фронту» Сяржук Бахун перапыніў ад 2007 году, у руху «За свабоду» — ад 2012 году.

«Ня вырашаныя тыя праблемы, з прычыны якіх я стаў актывістам»

— Сяржук, чаму вы пакінулі жыцьцё ў палітыцы: была на тое прычына ці сышлі без асаблівых прычын?

— «Малады фронт» пакінуў таму, што просту надышоў узрост, пара было займацца якімісьці іншымі праектамі. Бо калі табе за трыццаць гадоў, працягваць быць «маладафронтаўцам», пэўна, няправільна. Акрамя таго, я тады ажаніўся і перабраўся ў Менск да жонкі, хоць насамрэч і па сёньня працягваю жыць паміж двума гарадамі.

А рух «За свабоду» пакінуў таму, што для мяне гэта была пэрсаналісцкая арганізацыя. Гэта значыць, што лідэр, якому я давяраю, дзеля якога гатовы ахвяраваць сваім вольным часам, гэта быў Аляксандар Мілінкевіч. А калі прыйшоў новы лідэр, то даверу да яго ў мяне ўжо не было.

Я сышоў з арганізацыі, не зважаючы на тое, што быў каардынатарам руху ў Менску. Дарэчы, праз аўтарытарызм новага кіраўніка і недавер да яго рух «За свабоду» тады пакінулі пяць сяброў рады і некалькі дзясяткаў актывістаў.

Акрамя таго, на сёньня ў нас папросту няма сапраўднай палітычнай барацьбы, каб пазмагацца на палітычным полі і мець пэўны вынік. Напрыклад, стаць дэпутатам ці дапамагчы камусьці стаць дэпутатам. Таму ня бачу сэнсу актыўна займацца і прыкладаць высілкі там, дзе яны не дадуць выніку.

— У такім выпадку, ці не шкадуеце «патрачанага на палітыку» часу?

— Не шкадую адназначна, бо трэба быць праўдзівым перш за ўсё перад самім сабой. Каб бяз сораму адказаць на пытаньне: што ты зрабіў дзеля ажыцьцяўленьня сваіх мараў і ідэалаў, дзеля пабудовы той краіны, пра якую марыш?

Акрамя таго, зьяўляюцца магчымасьці займацца іншай дзейнасьцю, якая таксама накіраваная на разьвіцьцё грамадзтва і падвышэньня самасьвядомасьці людзей. І цалкам перастаць быць грамадзка актыўным чалавекам няма шанцаў, бо ня вырашаныя тыя праблемы, з прычыны якіх я стаў актывістам: дзяржава не бароніць нацыянальныя каштоўнасьці, сацыяльныя і грамадзянскія правы.

Таму застаюся шараговым сябрам Партыі БНФ і цяпер з аднадумцамі спрабуем зарэгістраваць культурна-асьветніцкую арганізацыю «Дзея», каб займацца грамадзкімі праектамі. Таксама займаюся выданьнем часопіса ARCHE і беларускіх кніг — лічу гэта таксама вельмі важнай справай выхаваўчага і гуманітарнага парадку.

«Удзячны лёсу, што магу займацца справай, якую люблю і ў якую веру»

— А яшчэ ў Берасьці вы маеце свой уласны «нацыянальна арыентаваны» бізнэс, так? Дакладна ведаю, што вы ўласнаручна распрацавалі, сканструявалі і вырабілі нават 3D-канструктар «Мірскі замак».

— Гэта праўда: у Берасьці разам зь сябрамі адкрылі сувэнірную краму «Князь Вітаўт». Тут прадаецца нацыянальная атрыбутыка, паштоўкі, вышыванкі і шмат яшчэ з таго, што ўплывае на пачуцьцё самаідэнтычнасьці беларусаў. І прыемна, што гэтая прадукцыя запатрабаваныя.

Быў такі выпадак, што інвалід на вазку прыехаў зь Бярозаўскага раёну — папрасіў, каб яго адмыслова прывезьлі ў нашую краму. Гэты чалавек быў вельмі рады, што пабываў у ёй, і нам, натуральна, такая ўвага вельмі прыемная. І гэтая запатрабаванасьць беларускай адметнасьці, яна ўвесь час расьце.

Прыходзяць, купляюць і дзякуюць ня толькі нашы людзі, але і турысты, якія хочуць мець менавіта беларускі сувэнір. Словам, гэтая справа дае радасьць, і яна мае будучыню. Я ўдзячны лёсу, што маю занятак, які люблю і ў які веру.

3D-канструктар «Мірскі замак» і беларускамоўныя паштоўкі мы робім разам з маёй маці і сястрой Аленай, далучаецца і дачка Адэлька — гэта сямейная наша справа. Якраз Адэля першая агучыла ідэю выдаць 3D-канструктар з нацыянальнай архітэктурай — у выніку мы цяпер маем «Мірскі замак».

— Але як вам удаецца: мець бізнэс у Берасьці, а сямʼю ў Менску? Вы рэальна дзе жывяце?

— У 2006 годзе, калі ажаніўся, я пераехаў у Менск, дзе праводжу значны час, бо так, сапраўды, тут жыве мая сямʼя. Але таксама стараюся бываць і ў Берасьці, бо там жывуць мае бацькі, сябры і шмат знаёмых. Я люблю Берасьце, бо сфармаваўся там як асоба. Той, якім я цяпер ёсьць, я стаў менавіта ў Берасьці.

Калі я бываю дзесьці ва Ўкраіне, то сябрам задаю пытаньне: угадайце, колькі ў Берасьці беларускіх школ? Пачынаюць называць розныя лічбы, і тады я кажу: правільны адказ — нуль. Нуль школаў на беларускай мове ў абласным беларускім горадзе Берасьці. Усе не перастаюць зьдзіўляцца: як такое можа быць?

Альбо, да прыкладу, налета будзе сьвяткавацца 1000-годзьдзе Берасьця, а ў горадзе няма будынкаў ня тое што тысячагадовай даўніны, а якім няма нават 400-500 гадоў. Гэта значыць, што пасьля захопу Расейскай імпэрыяй горад быў зруйнаваны і архітэктурнай спадчыны ў ім не засталося. Таму я таксама хачу штосьці даць свайму любімаму гораду — зрабіць свой пасільны ўнёсак у ягонае разьвіцьцё.

«У Адэлькі тры бабулі: мая мама, мама Сьвятланы і мама Зьмітра Завадзкага»

— Сьвятлана, ваша жонка, так і пакінула сваё ранейшае прозьвішча — Завадзкая?

— Так, гэта было нашае супольнае рашэньне. Бо гэтае прозьвішча — як даніна памяці Зьмітру. Я нават і ня думаў настойваць, каб яна яго зьмяняла. У нашай сямʼі мы шануем памяць пра Зьмітра: у нас стаіць ягоны партрэт, з ягонай мамай Вольгай Рыгораўнай мы і стэлефаноўваемся, і сустракаемся, дапамагаем пры патрэбе. Мы ня страчваем сувязі, а ў нашай са Сьвятланай дачкі Адэлькі ў выніку ёсьць тры бабулі: мая мама, мама Сьвятланы і мама Зьмітра — Вольга Рыгораўна. Адэлька яе так і называе — бабуля — і з радасьцю едзе ў госьці.

— А як вы тлумачыце дзяўчынцы, што ў іншых дзяцей па дзьве бабулі, а ў яе тры?

— Мы кажам: Адэлька, вось у твайго браціка Юрася (гэта сын Сьвятланы і Зьмітра) таксама быў тата. Але кепскія людзі дрэнна зь ім абышліся, і яго з намі цяпер няма. А Вольга Рыгораўна — мама дзядзькі Зьмітра, бабуля твайго браціка, і яна ёсьць і твая бабуля таксама. Ну і так Адэлька ведае пра ўсіх сваіх трох бабуль і ўсіх трох аднолькава любіць.

Юрася любіць таксама — ён у нас ужо дарослы чалавек, 27 гадоў. І ростам — я высокі, а ён яшчэ вышэйшы за мяне. Жыве ён ужо асобна са сваёй дзяўчынай, а да нас прыяжджае ў госьці. Юрась мае вышэйшую адукацыю і сваю прыватную справу — ён любіць вельмі тэхніку і працуе ў аўтасэрвісе.

— Ці цяжка вам было прывыкаць адно да аднаго?

— Не, нічога цяжкага не было. Мы адразу ўсёй сямʼёй — са Сьвяланай і Юрасём — пасябравалі з усімі нашымі роднымі і сваякамі. Прынялі адно аднаго і таксама сталі роднымі людзьмі.

Мы напачатку разважалі са Сьвятланай, як быць зь вясельлем — быць яму ці не. А пасьля нашы сваякі сказалі нам: ведаеце, у нашым жыцьці ёсьць вельмі шмат сумнага і цяжкага. То давайце, падарыце нам хоць штосьці радаснае і прыемнае. Так у выніку мы і вырашылі згуляць вясельле.

Ну а пазнаёміліся мы ў санаторыі ў Друскеніках — я праходзіў там рэабілітацыю пасьля апэрацыі. Па-мойму, не прайшло тады і месяца, як я зрабіў Сьвятлане «прапанову рукі і сэрца». Зразумеў, што гэта той чалавек, зь якім бы я хацеў мець сямʼю і пражыць рэшту свайго жыцьця. І разумеў, што чым хутчэй зраблю прапанову, тым больш атрымаю асалоды ад жыцьця і не памыліўся.

«Калі б супраць Беларусі здарылася нейкая агрэсія, то сямʼю я вывез бы, а сам вярнуўся бараніць»

— Пра якую будучыню для Адэлі вы марыце?

— Бацькі бачаць гэтую будучыню па-свойму, а дзеці часьцей за ўсё вырашаюць інакш. Таму я перадусім хацеў бы і марыў, каб мая дачка жыла ў вольнай дэмакратычнай дзяржаве, дзе гарантаваныя правы і свабоды чалавека. Каб у яе не было патрэбы займацца грамадзкай ці палітычнай дзейнасьцю, каб дзяржава клапацілася пра інтарэсы грамадзтва, а дачка займалася прафэсійнай дзейнасьцю і стала майстрам у сваёй справе.

А пакуль што Адэлька ходзіць у звычайную менскую пачатковую школу. Мы са Сьвятланай, вядома, хацелі б, каб яна вучылася ў беларускамоўнай клясе, але ня здолелі гэтага дамагчыся. Таму навучаем яе беларускай мове ў сямʼі і спадзяёмся, што калі яна скончыць пачатковую школу, то будзе магчымасьць перайсьці ў школу зь беларускай мовай навучаньня.

Яна здольная вучаніца, вельмі добра вучыцца, і спадзяюся, што ў яе ўсё атрымаецца.

— А калі б стаў такі выбар: рэалізаваць свой прафэсійны і жыцьцёвы патэнцыял за межамі Беларусі без праблем альбо ў сваёй краіне, але тут за гэта трэба было б пазмагацца — вы б што выбралі?

— Я ўжо выбраў. Я жыву і працую тут, у Беларусі, дзеля нацыянальных ідэалаў, якія грунтуюцца на патрыятызьме і ўзмацненьні нашай дзяржавы. І будучыню сваю і сваёй дачкі я бачу толькі ў Беларусі. Нават калі дапусьціць, што супраць маёй Беларусі здарылася б нейкая вонкавая агрэсія, то, напэўна, сямʼю я і вывез бы з краіны, але сам вярнуўся бараніць маю Беларусь.

Я хоць і не царкоўны чалавек, але ж крыху веру ў Бога. Чамусьці ж мы нарадзіліся на гэтай зямлі і чамусьці Бог прыслаў нас менавіта сюды. Безумоўна, можна зьехаць за мяжу, дзе ўсё гатовае, дзе краіна багатая. Але ж мы сюды былі пасланыя і прызначаныя жыць тут. Таму і мусім рабіць усё, каб квітнела тая краіна, у якую мы Богам пасланыя.

— Сьвятлана вас падтрымлівае ў гэтым?

— Натуральна. Яшчэ да тае пары, пакуль мы пазнаёміліся, калі я толькі марыў мець жонку, ужо тады я хацеў, каб яна была маім аднадумцам. Бо жыць у сямʼі і мець розныя палітычныя погляды — гэта, пэўна, складана. І Бог мне дапамог, таму ўдзячны і Богу, і лёсу, што маю жонку, якая і блізкі чалавек, і паплечнік. Мы часта абмяркоўваем са Сьвятланай і грамадзкія, і палітычныя працэсы, якія адбываюцца ў краіне, і маем паразуменьне. Прычым Сьвятлана паводле адукацыі палітоляг, як і я. Таму мы дыскутуем не эмоцыямі, а тэрмінамі і аргумэнтамі, прыводзім цытаты розных аўтараў — як і належыць прафэсійным палітолягам.

5 пытаньняў Свабоды:

Беларуская нацыянальная ідэя — гэта...

Гэта калі кожны чалавек штосьці робіць для падтрымкі і абароны сваёй дзяржавы. Гэтая абарона можа быць рознай: палітычнай, культурнай, сацыяльнай, ваеннай і іншай. Менавіта тая, на якую здольны кожны чалавек.

Назавіце трох нацыянальных герояў Беларусі.

Максім Багдановіч — паэт, які бальшыню свайго кароткага жыцьця пражыў за межамі Беларусі, але пакінуў нам глыбокую і пранікнёную паэзію, напоўненую любоўю да Беларусі. Алесь Чаркашын — чалавек,які моцна любіў Беларусь, але ахвяраваў сваім жыцьцём, каб спыніць агрэсію супраць братняй Украіны. І Станіслаў Шушкевіч, які паставіў свой подпіс пад пагадненьнямі, дзякуючы якім мы сёньня маем незалежную Рэспубліку Беларусь.

Якая кніга найбольш паўплывала на вас як на асобу?

«Каласы пад сярпом тваім» — я проста ў захапленьні ад гэтай кнігі. Яна стаіць у нашым доме на ганаровым месцы, і я вельмі ўдзячны Ўладзімеру Караткевічу, што ён пакінуў нам такі твор, які будуць чытаць нашыя дзеці і ўнукі і які ёсьць сапраўдным нацыянальным скарбам беларусаў.

Колькі грошай вам патрэбна для поўнага шчасьця?

Складана назваць пэўную суму ва ўмовах дэвальвацыі: сёньня назавеш, а заўтра дзеці прачытаюць і будуць сьмяяцца што гэта за грошы такія. Няма такой пэўнай сумы, а мусіць быць гэтулькі грошай, якія дазволілі бы забясьпечыць годнае жыцьцё сямʼі.

Калі і як у Беларусь зьменіцца ўлада?

Як палітоляг, скажу, што мы маем нэааўтарытарны рэжым. І такія рэжымы могуць існаваць, канечне, нават працяглы час, але яны вельмі крохкія. Яны могуць абрынуцца раптоўна ў кожную ноч. Таму складана сказаць калі гэта здарыцца, але гэта можа здарыцца неспадзявана. Бо аўтарытарныя рэжымы трымаюцца на адной асобе, а зь ёй можа здарыцца што заўгодна і тады гэтыя рэжымы рассыпаюцца імгненна. Таму грамадзтва мусіць быць гатовым да такой неспадзяванкі, каб былі гатовыя і ўрадоўцы, і банкіры, і чыноўнікі і судзьдзі — увесь альтэрнатыўны дзяржаўны апарат.

У праекце «Забытыя. Размовы з героямі ўчорашніх дзён» таксама чытайце

Наймалодшы вязень Плошчы Мікіта Ліхавід: «Зьбіраюся заняцца бізнэсам — хочацца „дзьвіжухі“»

Былы «палітпрызыўнік» Андрусь Цянюта: «Апазыцыйны досьвед мяне ўмацаваў, і цяпер мяне мала чым можна напалохаць»

Забытыя. Актывіст Алесь Кіркевіч: «Апазыцыйныя структуры і білборды „Люблю Беларусь“ нічога ня зьменяць»

Забытыя. Зьміцер Хведарук: «Тады я зразумеў, што зьмяніць жыцьцё ў Беларусі на раз-два не атрымаецца»

Павал Юхневіч: «Больш не дзялю Беларусь на бел-чырвона-белую і чырвона-зялёную»

Маўлюда Атакулава: «Сьпявалі „Мы выйдзем шчыльнымі радамі“ на ўсё Акрэсьціна»

Андрэй Клімаў: «Мару памерці раней, чым перастане існаваць Беларусь»

Як смаргонскі хлопец стаў сьвядомым беларусам, паслухаўшы Радыё Свабода

Аляксандар Зьдзьвіжкоў: «Я лішні чалавек і мару скончыць жыцьцё годна»

Яўген Скочка: «Тут турма, але яна свая, а там свабода — і яна чужая»

Былы моладзевы актывіст: «Многія сябры зьехалі, але мне камфортна ў Беларусі. Нават калі цяжка»