ЗША назвалі прынцыпы сваёй новай палітыкі ва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе. Асноўнымі супернікамі ЗША ў гэтым рэгіёне зьяўляюцца Расея і Кітай, заявіў памочнік дзяржсакратара ЗША. Вашынгтон будзе даваць эўрапейскім краінам прыклад дэмакратыі, але і дамагацца таго, каб яны не патуралі Маскве.
На працягу доўгага часу Захад не ўспрымаў канкурэнцыю за ўплыў ва Ўсходняй Эўропе, заявіў памочнік дзяржсакратара ЗША ў справах Эўропы і Эўразіі Уэс Мітчэл. Запіс выступу Мітчэла на мерапрыемстве Атлянтычнай Рады — амэрыканскага экспэртнага цэнтру па міжнародных справах — выкладзены ў Twitter.
Стратэгія ЗША ў адносінах да Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы заснаваная на наступных прынцыпах, сказаў чыноўнік.
- Вашынгтон, па-першае, будзе дамагацца «пазытыўнага ўплыву» за мяжой з дапамогай свайго іміджу. «Амэрыка — магутная дэмакратыя, яркі маяк волі, чыё сьвятло прыцягвае іншых», — патлумачыў Мітчэл.
- Другі прынцып — ЗША чакаюць, што краіны, якім Амэрыка дапамагае, «ня будуць патураць супернікам». «Заходняя Эўропа ня можа працягваць узмацняць сваю энэргетычную залежнасьць ад той самай Расеі, ад якой яе абараняе Амэрыка», — прывёў прыклад дыплямат. Непрымальна, што саюзьнікі ЗША ў Цэнтральнай Эўропе падтрымліваюць энэргетычныя праекты накшталт «Паўночнага патоку-2», дадаў ён. Гэта робіць увесь рэгіён больш уразьлівым перад Расеяй.
- Трэці прынцып: ЗША будуць паважаць тэрытарыяльную цэласнасьць і сувэрэнітэт саюзьнікаў — Украіны, Грузіі «і нават Беларусі», «муру супраць расейскага нэаімпэрыялізму».
Вашынгтон чакае, што дзяржавы будуць паважаць правы сваіх суседзяў. «Мы не прызнаем тэрытарыяльную агрэсію Расеі супраць суседняй Украіны, і мы не прымаем драпежніцкага ціску Кітаю праз пазыкі Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе», — дадаў Мітчэл.