У Менску трывожнымі кнопкамі абсталявана больш як 300 навучальных установаў, паведаміў 18 кастрычніка кіраўнік МУС Ігар Шуневіч, адказваючы на пытаньне журналістаў, зьвязанае з трагедыяй у Керчы.
«Некалькі гадоў таму мы пачалі праводзіць пэўную працу, не афішуючы яе: дэпартамэнт аховы Міністэрства ўнутраных справаў бясплатна абсталяваў шэраг навучальных установаў трывожнай сыгналізацыяй і ўзяў іх пад ахову», — прыводзіць словы Шуневіча прэс-служба МУС.
Трывожныя кнопкі, праўда, у меншай колькасьці, таксама ўстанаўлівалі ў рэгіёнах. Паводле міністра, дзейнасьць у гэтым кірунку працягваецца, адшукваюцца сродкі.
Як падкрэсьліў Шуневіч, акрамя вырашэньня пытаньняў тэхнічнага абсталяваньня праводзіцца праца з пэрсаналам аховы навучальных устаноў. «Наша задача — мінімізаваць магчымыя рызыкі і пагрозы», — дадаў міністар.