Злучаныя Штаты гатовыя даць Савудаўскай Арабіі «яшчэ некалькі дзён» на расьсьледаваньне зьнікненьня апазыцыйнага журналіста Джамаля Хашокджы. Пра гэта ў чацьвер заявіў у Вашынгтоне дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа. Ён вярнуўся ў Вашынгтон з Эр-Рыяду, куды тэрмінова вылецеў у сувязі са справай Хашокджы і распавёў у чацьвер прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу аб выніках сваёй паездкі.
Паводле Пампэа, савудаўскія ўлады запэўнілі яго, што правядуць дбайнае расьсьледаваньне. Дзяржсакратар сказаў, што ў Вашынгтоне чакаюць яго вынікаў у бліжэйшыя дні, пасьля чаго прымуць рашэньне аб далейшых кроках.
Джамаль Хашокджы, уплывовага журналіста, які жыў у ЗША і крытыкаваў савудаўскага насьледнага прынца Махамэда, ніхто ня бачыў пасьля таго, як ён 2 кастрычніка зайшоў у будынак савудаўскага консульства ў Стамбуле. Улады Турэччыны выказалі падазрэньне, што ён быў забіты ў будынку консульства. Турэцкія СМІ ў апошнія дні апублікавалі розныя матэрыялы, якія сьведчаць на карысьць вэрсіі аб наўмысным забойстве журналіста.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Запляміў краіну і запляміў сябе». Як ЗША паступяць з савудаўскім саюзьнікам?Афіцыйны Вашынгтон пакуль не вылучаў абвінавачваньняў на адрас Эр-Рыяду, аднак запатрабаваў расьсьледаваньня. Абставіны справы вывучае сумесная турэцка-савудаўская сьледчая група. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі ў чацьвер заклікалі правесьці расьсьледаваньне на ўзроўні ААН.
З-за сытуацыі са зьнікненьнем Хашокджы шматлікія кампаніі і прыватныя інвэстары адмовіліся ад удзелу ў бізнэс-форуме ў Савудаўскай Арабіі на наступным тыдні. У чацьвер аб сваёй адмове ехаць на форум пасьля сустрэчы з Трампам і Пампэа заявіў міністар фінансаў ЗША Стывэн Мнучын.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запіс расправы над савудаўскім журналістам быў зроблены на Apple Watch