У Польшчы ўтрая павялічаць войска на мяжы з Расеяй, за 40 км ад Беларусі

Міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак (зьлева) і амбасадар ЗША Пол Джонс, сакавік 2018

Кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак заявіў, што полк у горадзе Сувалкі, разьмешчаным на мяжы з Расеяй, будзе адноўлены, паведамляецца на старонцы міністэрства ў Twitter.

«Я прыняў рашэньне аб аднаўленьні палка ў Сувалках. Бясьпека — адзін з нашых прыярытэтаў. У бліжэйшыя месяцы падразьдзяленьне, якое дзейнічае ў Сувалках, будзе павялічанае», — цытуе Мінабароны словы Блашчака.


Цяпер у Сувалках разьмешчаны дывізіён, полк — утрая большае вайсковае падразьдзяленьне — быў расфармаваны ў 2010 годзе.

Горад Сувалкі разьмешчаны недалёка ад мяжы зь Літвой, Беларусьсю і расейскай Калінінградскай вобласьцю.

Вясной 2018 году польскае Міністэрства абароны прапанавала ЗША стварыць вайсковую базу на тэрыторыі Польшчы. Неабходнасьць у вайсковай базе Польшча патлумачыла неабходнасьцю стрымліваньня «ўсё больш моцнай і небясьпечнай пазыцыі Расеі».

У верасьні прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп сказаў, што ў Вашынгтоне «вельмі сур’ёзна» разглядаюць запыт Польшчы на стварэньне амэрыканскай вайсковай базы на тэрыторыі краіны.