«Ня з нашай віны зьяўляюцца новыя нюансы». Спрашчэньню візавага рэжыму з Эўразьвязам зноў нешта замінае 

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей

Аляксандар Лукашэнка сустрэўся зь міністрам замежных спраў Уладзімерам Макеем. Пазьней Макей расказаў БелТА, пра што ішла гаворка.


Падрыхтоўка пагадненьняў з Эўразьвязам


Уладзімер Макей, сярод іншага, праінфармаваў пра свой удзел 15 кастрычніка ў сустрэчы міністраў замежных спраў краін-удзельніц «Усходняга партнэрства» і краін Эўразьвязу ў Люксэмбургу.

«Дакумэнты, якія мы цяпер адпрацоўваем з Эўразьвязам, тычацца найперш прыярытэтаў партнэрства, у прыватнасьці пагадненьня аб палягчэньні візавага рэжыму і рэадмісіі. У цэлым ёсьць зрухі па ўсіх дакумэнтах, але, на жаль, ня з нашай віны пэрыядычна зьяўляюцца новыя нюансы, якія патрабуюць дадатковага часу для аналізу, удакладненьня або прыняцьця рашэньняў», — сказаў міністар.

Паводле яго слоў, ёсьць устаноўка Лукашэнкі на разьвіцьцё нармальных адносінаў з Эўразьвязам, у першую чаргу эканамічных, палітычных і гуманітарных.

Кіраўнік МЗС таксама расказаў пра вынікі працы міністэрства ў сфэры зьнешнеэканамічнай дзейнасьці. Паводле ягоных слоў, назіраецца рост экспарту, хоць цяпер яго тэмпы запавольваюцца.


Графік сустрэч Лукашэнкі


Макей паведаміў, што ў канцы 2018 году будзе шмат сустрэч на самых высокіх узроўнях. Сярод іх, у прыватнасьці, Форум рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны 25–26 кастрычніка ў Гомлі. Там бакі плянуюць падпісаць вялікі пакет пагадненьняў і кантрактаў на дзясяткі мільёнаў даляраў.

Акрамя таго, Аляксандар Лукашэнка праінфармаваны пра падрыхтоўку да сустрэчы Асноўнай групы Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы, якая пройдзе ў Менску 30 кастрычніка — 1 лістапада. Свой удзел ужо пацьвердзілі некаторыя прэзыдэнты і прэм’ер-міністры, кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў, прадстаўнікі спэцслужбаў, аналітычных супольнасьцяў.

Паводле міністра, асноўная тэма форуму — як пазьбегнуць далейшага нагнятаньня канфрантацыі, якая сёньня існуе ў рэгіёне.