Некалькі публічных фондаў, якія валодаюць акцыямі кампаніі Facebook, прапанавалі адхіліць ад пасады генэральнага дырэктара яе заснавальніка Марка Цукербэрга, паведамляе Reuters.
Да прапановы далучыліся казначэйствы штатаў Ілінойс, Род-Айлэнд і Пэнсільванія, таксама рэвізор гораду Нью-Ёрку Скот Стрынгер.
Прапанову маюць вынесьці на галасаваньне падчас сходу акцыянэраў кампаніі ў траўні 2019 году. У прапанове раду дырэктараў Facebook просяць зрабіць ролю кіраўніка кампаніі незалежнай пасадай.
У дакумэнце адзначаецца, што адсутнасьць незалежнага старшыні рады дырэктараў і пэўныя недагляды прывялі да таго, што кампанія Facebook «кепска справілася» з шэрагам сур’ёзных спрэчак, у тым ліку адносна ўмяшаньня Расеі ў выбары ў ЗША і ўцечкі дадзеных Cambridge Analytica.
У красавіку 2018 году заснавальнік Facebook Марк Цукербэрг даваў паказаньні юрыдычнаму і гандлёваму камітэтам Сэнату ЗША ў справе аб уцечцы зьвестак карыстальнікаў гэтай сацыяльнай сеткі і ўмяшаньні Расеі ў амэрыканскія выбары ў 2016 годзе. Ён абяцаў, што працу сацсеткі ўдасканаляць для лепшай абароны асабістых зьвестак карыстальнікаў.