Цяпер у Беларусі каля 1600 зуброў — але папуляцыя яшчэ не адноўленая ў дзікай прыродзе. Каб разабрацца з праблемамі зуброў, кажа навуковец, трэба мяняць праўныя акты.
Як паведамляе газэта «СБ. Беларусь сегодня», доктар біялягічных навук Міхаіл Нікіфараў расказаў аб праблемах зуброў на навукова-практычнай канфэрэнцыі ў праблемах аховы жывёльнага сьвету ў Беларусі, якая праходзіла ў НПЦ біярэсурсаў Нацыянальнай акадэміі навук.
Колькасьць зуброў у Беларусі вырасла да цяперашніх 1600 з нуля — у час Першай усясьветнай вайны і немцы, і мясцовыя забівалі апошніх зуброў на мяса. Задача нарошчваньня колькасьці зуброў да «аптымальнай» (неабходнай для захаваньня і падтрыманьня віду), пастаўленая 20 гадоў таму, выкананая. Але казаць, што зуброў «вярнулі ў прыроду», нельга: ёсьць толькі «мікрапапуляцыі» ў асобных месцах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі якіх жывёлаў у Беларусі. Адной карцінкайНікіфараў назваў некалькі праблем беларускіх зуброў:
- Каб пракарміць зуброў, ужо не хапае «экалягічнай ёмістасьці»: тая была разьлічаная на расьселеныя мікрапапуляцыі, а не на тое, што зубры будуць размнажацца ў большых за мікрапапуляцыі колькасьцях. Кармавыя палі на ўсе сэзоны не стварылі ў патрэбных аб’ёмах, бо гэта вымагала грашовых выдаткаў. Зуброў аддавалі «карыстальнікам», якія ўтрымлівалі іх за свае грошы.
- У выніку зубры цяпер нярэдка «атакуюць» сельскагаспадарчыя ўгодзьдзі, што выклікае канфлікты.
- Празь вялікую шчыльнасьць папуляцыяў зуброў уключаюцца прыродныя мэханізмы рэгуляваньня колькасьці: зубры становяцца ўразьлівымі да хваробаў, павялічваецца сьмяротнасьць і зьніжаецца нараджальнасьць.
- Розныя папуляцыі зуброў у Беларусі ізаляваныя, не перакрыжоўваюцца, таму не ідзе біялягічнага разьвіцьця. У ранейшых праграмах меркавалася, што жывёлаў будуць перавозіць з адной групы ў іншую, каб разглядаць усіх беларускіх зуброў як адзіную папуляцыю. Але ініцыятыва «не атрымала разьвіцьця».
- Няма навукова-сэлекцыйнага цэнтра, гадавальніка, дзе можна было б праводзіць ацэнку генэтычнага статусу, весьці мэтанакіраваную сэлекцыю зуброў, забясьпечваць размнажэньне з аптымальным генафондам. Не адпрацаваныя мэханізмы ўзяцьця генэтычных пробаў у зуброў пры жыцьці.
- Дагэтуль адсутнічаюць біятэхнічныя нарматывы ў разьвядзеньні зуброў. Імуна-паразыталягічны маніторынг праводзіцца ня ў поўным аб’ёме.
Выйсьці на новы этап вяртаньня зуброў у беларускую прыроду можна, мяркуе Нікіфараў, толькі скарэктаваўшы шэраг нарматыўна-праўных актаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вожыку — 21 рубель на год, мядзьведзю — 300. Які пражытковы мінімум для жывёлаў?Але падобна, што ў беларускіх дзікоў значна больш сур’ёзныя праблемы, чым у зуброў. У Беларусі практычна вынішчылі дзікоў, за тры гады забілі сто тысяч. Гэта адбылося праз афрыканскую чуму сьвіней: праўда, паводле афіцыйных зьвестак, гэтай хваробы ў Беларусі «няма», але сьвіньні паміраюць, а ўлады змагаюцца зь дзікамі.