«У Смаргонях мне падабаецца тое, чаго няма», — кажа Таня Скарынкіна ў інтэрвію Свабодзе з нагоды менскай прэзэнтацыі яе кнігі па-ангельску.
Пісьменьніца Таня Скарынкіна доўга жыла ў Партугаліі, вярнулася ў Смаргоні і напісала зборнік эсэ «Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэсьлі». Эсэ расказваюць пра жыцьцё ў беларускім мястэчку каля літоўскай мяжы — і ў той жа час поўныя разваг пра сусьветную літаратуру. Адразу пасьля выданьня ў 2015 годзе зборнік прынёс аўтарцы шырокую вядомасьць. Спачатку трапіў у шорт-ліст прэміі Гедройця, потым пабываў на міжнародных кніжных кірмашах, а ў жніўні гэтага году яго ў перакладзе на ангельскую мову прэзэнтавалі на кніжным фэсьце ў Эдынбургу.
Напярэдадні прэзэнтацыі ангельскага выданьня ў Менску Свабода даведалася, як зьмянілася жыцьцё Тані Скарынкінай пасьля паездкі ў Вялікую Брытанію.
«Гэта не шалёны хуткі посьпех»
«Не сказаць, каб пісьменьніцкія схільнасьці перайшлі ад бацькоў, — прызнаецца Таня Скарынкіна. — Бацька — каморнік, маці — бухгальтар. Пашчасьціла, што ў савецкія часы модна было мець кнігі дома, мама пастаянна іх набывала.
У мяне ўсе дзіцячыя кнігі былі пранумараваныя, я пастаянна выпісвала адтуль цытаты. Завучвала іх на памяць. Ніколі ня бачыла, каб такое рабіў нехта з хатніх. Але я разумела інтуітыўна, напэўна, што мне гэта неабходна. Зь дзяцінства пішу вершы. Амаль кожную раніцу, калі прачынаюся, складаю нешта паэтычнае».
«Першая кніга вершаў выйшла дзякуючы намаганьням паэткі і перакладчыцы Юлі Цімафеевай, калі мне было 43 гады. Так што гэта ніякі не шалёны, зусім ня хуткі посьпех», — усьміхаецца аўтарка.
Таня скончыла Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію, аднак па спэцыяльнасьці бухгальтара не працавала ані дня. Пісаць празаічныя тэксты навучылася ў смаргонскай газэце:
«Аднойчы я зайшла да знаёмых у рэдакцыю прыватнай „Новай газеты Смаргоні“. Мне сказалі, што „вядучыя“ журналісты кінулі працу і раптоўна зьехалі, і прапанавалі пісаць для іх. Так у 30 гадоў я выпадкова стала журналісткай. За тры з паловай гады навучылася там пісаць. Калі б не газэта, наўрад ці напісала б гэтую кнігу. Адмысловай адукацыі ў мяне не было».
«Як і не было той Партугаліі»
Доўгі час Скарынкіна жыла ў Партугаліі, а ў 2014-м вярнулася ў Смаргоні.
«Як і не было той Партугаліі. Я ніколі ня марыла там жыць. Наагул ні пра што ня мару, ні на што не спадзяюся. Як казаў філёзаф Мэраб Мамардашвілі: „Самае дурное — гэта надзеі“», — кажа пісьменьніца.
Яна ўзгадвае, як пасьля вяртаньня з Партугаліі нечакана для сябе пачала пісаць эсэ.
— Мы адразу пасябравалі зь Юляй Цімафеевай і Альгердам Бахарэвічам. Яны і прапанавалі мне пісаць эсэ. Дагэтуль я ніколі не пісала і не чытала іх. Нават ня ведала, што гэта такое.
Прыблізна я ўяўляла, што гэта такія кароткія дакумэнтальна-мастацкія апавяданьні. Альгерд быў упэўнены, што ў мяне атрымаецца, мяркуючы па маіх вершах. Ён быў так у гэтым перакананы, што я прыехала дадому зь Менску ў той дзень, села і адразу напісала.
Друкавала эсэ па-беларуску на «Будзьме» і на сайце Свабоды. За год будзьмаўскіх тэкстаў назьбіралася столькі, што мне пачалі казаць, каб я выдавала кнігу.
Так неяк незаўважна для мяне тры гады таму выйшаў зборнік эсэ «Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэсьлі».
«Прэмія Гедройця — справа выпадку»
Падарожжа кнігі па міжнародных кніжных кірмашах пачалося пасьля таго, як у 2016 годзе кніга трапіла ў шорт-ліст прэміі Гедройця.
«Ляўрэатам стаць не атрымалася, хоць мне гэта прадракалі ўсе, нават варажбітка. Ну, прэмія Гедройця — гэта ж справа выпадку», — кажа аўтарка.
Але і шорт-ліст аказаўся надзвычай карысны. На Франкфурцкім кірмашы кнігу заўважыла пісьменьніца і выдавец Джын Фіндлі з Эдынбургу.
— У Джын сваё выдавецтва. Як мне распавялі, яна заснавала яго, каб выдаць уласную кнігу, якая ў нечым пераклікаецца з маёй: агульная тэма ўспамінаў пра дзяцінства. Магчыма, таму Джын заўважыла маю кнігу, штосьці яе зачапіла, і яна прапанавала выдавецтву «Логвінаў» выдаць яе па-ангельску.
Пошукі перакладчыка прывялі яе да Джыма Дынглі, англічаніна, які ведае шмат моў, у тым ліку і беларускую. Ганарар для перакладчыка знайшлі дзякуючы лёнданскай прэміі ПЭН-цэнтру. Кожны год там праводзіцца перакладчыцкі конкурс сярод кніг з усіх моваў. Зь вялікай колькасьці выбіраюць малую на конкурснай аснове. І кнізе эсэ пашчасьціла. Яна трапіла ў лік пераможцаў.
У жніўні кнігу прэзэнтавалі на Эдынбурскім міжнародным кніжным фэсьце. Па словах Фіёны Гіб, амбасадаркі Вялікай Брытаніі ў Беларусі, Таня Скарынкіна — першая зь Беларусі, хто трапляе на гэты фэст за ўсе трыццаць пяць гадоў яго існаваньня.
«Я заўжды казала, што на маім месцы мог бы апынуцца любы. Як казалі ў „Брыльянтавай руцэ“: „Нап’есься — будзеш!“» — сьмяецца пісьменьніца.
Валянцін Акудовіч: «Скарынкіна быццам зь неба звалілася»
— Калі я пісала эсэ, то рабіла гэта абсалютна безадказна. У мяне не было ніякага ўсьведамленьня, што я пісьменьніца, пішу кнігу. Я лічыла іх тэкстамі-аднадзёнкамі. Я не кажу, што мая кніга — нейкая нятленка, але яна жыве даўжэй, чым я думала. Мне нават крыху крыўдна, бо я ўсё жыцьцё пішу вершы, і зь імі такога не адбывалася. Кніга ж накручвае шторазу новыя віткі.
Чатыры месяцы назад пасьля фэсту інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» зборнік зрабіў яшчэ адзін віток у Беларусі з падачы філёзафа і пісьменьніка Валянціна Акудовіча падчас ягонай лекцыі.
«Хоць жанр эсэ ў сьвеце старажытны, у Беларусі ён быў у забыцьці, а нейкі ўсплёск здарыўся толькі цяпер, — казаў Акудовіч. — З тых, хто цяпер адраджае жанр эсэ, магу назваць толькі тры імені: Альгерда Бахарэвіча, Віктара Марціновіча і Тацяну Скарынкіну. Скарынкіна невядома адкуль зьявілася ў Беларусі. Як зь неба звалілася. Не было, не было — і раптам пачала пісаць так, што кожны тэкст — гэта штосьці дзіўнае, на мяжы паэзіі і прозы».
«Пасьля маю кнігу пачалі прадаваць у „Галіяфах“ нібыта навінку», — дадае аўтарка.
«Быт — гэта такая нуда»
У Вялікую Брытанію Таня Скарынкіна трапіла ўпершыню, калі паехала на прэзэнтацыю кнігі:
— Самае моцнае ўражаньне ад паездкі — паветра ў Эдынбургу. Праўда, большую частку часу я правяла ў цягніку. У асноўным на ўсё глядзела з вакна. Увесь час мы езьдзілі: з аэрапорту ў Лёндан, зь Лёндана ў Маргіт (там жыве перакладчык Джым Дынглі), з Маргіта зноў у Лёндан, зь Лёндана ў Эдынбург...
За апошнія два гады аўтарка ўпершыню выехала са Смаргоняў больш як на тры дні.
— Я люблю мерны лад жыцьця. Мне не падабаецца мітусьня. На сьвеце ёсьць і лепшыя месцы за Смаргоні. Тут у мяне ня вельмі мернае жыцьцё. Тут у мяне хворая мама.
У Брытаніі было добра. Ня трэба было хадзіць у краму, гатаваць ежу, мыць посуд. Я не займалася бытам. Быт — гэта такая нуда. Цярпець не магу гатаваць, але мне трэба рабіць гэта пастаянна.
Спрабую жыць так, каб кухня займала менш часу. Галубцы, напрыклад, набываю ў краме, пельмені. Насамрэч я ўмею гатаваць, навучылася ў Партугаліі, экспэрымэнтавала, як магла. Калі я штосьці гатую, мне трэба сканцэнтравацца як сьлед. А часу і натхненьня на гэта ўсё менш апошнім часам«.
«Я закрэсьліваю дні, нібыта Рабінзон Круза»
Жыцьцё ў Смаргонях Скарынкіна апісвае так:
— Ні на што не хапае часу. Увесь час мне трэба хадзіць у краму, набываць прадукты, плаціць за кватэру ці ісьці ў госьці да якіх-небудзь сваякоў. Ёсьць сябры, я хаджу зь імі на шпацыры, ем, чытаю, гатую, мыю посуд.
Рытм жыцьця ў мяне прыкладна такі: прачнулася, легла спаць, потым ізноў прачнулася, потым ізноў легла спаць.
На Новы год адна мастачка з Масквы даслала ў падарунак каляндар. Я закрэсьліваю на ім дні, нібыта Рабінзон Круза. Мне хацелася б застацца на бязьлюднай высьпе, толькі каб падвозілі самае неабходнае.
Раней я захаплялася фатаграфаваньнем, але фотаапарат зламаўся, цяпер толькі пішу вершы, зрэдку — прозу.
Яшчэ адно яе захапленьне — падбіраць згубленыя рэчы, цацкі ці нават мэблю. «З партугальскіх часоў звычка. Там такія сьметнікі! Гэтую прыгожую панду я знайшла на сьметніку. Ці вось, напрыклад, лялька, беспрытульная — шкада яе, не змагла прайсьці міма», — дэманструе знаходкі аўтарка.
З усіх забаў у Смаргонях, па словах Тані, найбольш займальна хадзіць па сэкандах. Часам гэты занятак нагадвае сапраўдную азартную гульню. У дзень прывозу ўсё прадаецца па пэўным кошце, але з кожным днём робіцца таньнейшым. Можна знайсьці цікавую рэч і рызыкнуць: пакінуць, каб прыйсьці на наступны тыдзень і набыць са зьніжкай.
«У Смаргонях мне падабаецца тое, чаго няма»
«Мой улюбёны дом у Смаргонях — дом Янкеля на Кірава, 16, амаль у цэнтры гораду. Калі б магла, набыла б і зрабіла б там дом-музэй, ладзіла б экскурсіі. У адной палове хаты я б жыла, а ў другой быў бы музэй», — праводзіць аўтарка экскурсію па горадзе.
«Прыкра, што ўвесь час у горадзе высякаюць дрэвы. Кажуць, аднойчы начальнік ЖКГ зьезьдзіў за мяжу і пабачыў там акуратныя дрэўцы. Ён вырашыў, што ўсе дрэвы, якія нельга абрэзаць, трэба сьпілаваць. І хоць ён ужо даўно памёр, але яго чорную бяздушную справу працягваюць дагэтуль.
Калісьці я знайшла брашурку, дзе было напісана, што Смаргоні — самы зялёны горад Беларусі. На архіўных здымках ён сапраўды так і выглядае. Я сумую па гэтай зеляніне. У Смаргонях мне падабаецца тое, чаго няма».