17 кастрычніка судзьдзя абвясьціў, што разгляд справы аб сьмерці Аляксандра Коржыча завершаны і пачынаюцца спрэчкі бакоў.
Першым выступіў дзяржаўны абвінаваўца Юры Шарсьнёў, які папрасіў суд прызнаць абвінавачаных сяржантаў вінаватымі і пакараць:
- Яўгена Бараноўскага — 9 гадамі пазбаўленьня волі,
- Антона Вяжэвіча — 7 гадамі,
- Ягора Скуратовіча — 6 гадамі.
Пасьля пракурора выступіла Сьвятлана Коржыч. Маці загінулага салдата сказала, што не чакала такога хуткага канца справы і не рыхтавалася да выступленьня.
«Я мела вялікія прэтэнзіі да камандзіра Печаў Чарнецкага, — сказала Сьвятлана Коржыч. — Я больш да яго маю прэтэнзіі, чым да абвінавачаных сяржантаў. Мне камандзір гэты ў Печах сказаў, што сын увесь у даўгах. Я тады ў яго папрасіла патлумачыць, адкуль у сына даўгі, дзе яго тэлефоны, гадзіньнік».
Сьвятлана Коржыч выступала вельмі эмацыйна, расказвала пра сваё бачаньне справы і сытуацыі ў арміі агулам, зьвяртаючыся часам да абвінавачаных.
«Я хачу спытаць у міністра абароны, за якія такія заслугі палкоўнік Чарнецкі пайшоў на павышэньне ў Мінабароны? — сказала Сьвятлана Коржыч. — Калі б нармальныя меры былі прынятыя ў часьці, мой сын быў бы жывы. Калі б мы зь сястрой Сашы яго не пачалі шукаць, то цела б там у падвале яшчэ месяц правісела. Чаму я ня ведаю, дзе мой сын быў з 26 чысла па 3-га?».
Сьвятлана Коржыч яшчэ раз заявіла, што ня згодная з вынікамі сьледзтва і разгляду справы ў судзе. Яна лічыць, што сын быў забіты.
«Я ня згодная з гэтым „давядзеньнем да самагубства“, — дадала яна. — Я аддавала ў армію здаровага сына. Гэта ўсё кашмарны сон, кашмарны сон, які адбываецца не са мной. Буду зьвяртацца ў адміністрацыю кіраўніка краіны, каб Мінабароны хаця б помнік Сашу на могілках паставіла.
Абэліск. Каб на ім так і напісалі — „Вызваліцелю Печаў“. Каб ня ён, невядома што б там было далей. Колькі там людзей загінула, колькі маладых хлопцаў…»
18 кастрычніка ў судзе выступяць адвакаты абвінавачаных. Пасьля гэтага застанецца выслухаць толькі іх саміх з апошнім словам і прысуд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Шараговае самагубства». Першы дакумэнтальны фільм пра справу КоржычаСуд па справе Коржыча. Коратка
Абвінавачанымі ў «справе Коржыча» прызнаныя трое сяржантаў зь ягонай роты, якія, паводле сьледзтва, давялі салдата да самагубства. Антона Вяжэвіча і Ягора Скуратовіча вінавацяць ва злоўжываньні ўладай, атрыманьні хабару і перавышэньні службовых паўнамоцтваў. Яўгена Бараноўскага ў дадатак да гэтага ў крадзяжы.
Маці Аляксандра Коржыча Сьвятлана лічыць, што яе сын стаў ахвяраю забойства. Прычынай злачынства, перакананая яна, стала нежаданьне сына плаціць сяржантам грошы за знаходжаньне ў мэдычнай роце. Саслужыўцы загінулага салдата, апытаныя пракурорам і суддзёй, таксама ня вераць у самагубства.
Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.