Генпракуратура: КДБ ня ціснуў на фігурантаў справы Коржыча

Ілюстрацыйнае фота. Падчас суду над сяржантамі Коржыча, жнівень 2018 году

Праверка заяваў абвінавачаных сяржантаў працягвалася з 18 верасьня.

Аб фактах маральнага і фізычнага ціску з боку супрацоўнікаў КДБ падчас папярэдняга сьледзтва на разглядзе справы Коржыча заявілі ўсе трое абвінавачаных сяржантаў, а таксама сьведка Павел Сукавенка, які быў камандзірам роты Коржыча.

18 верасьня ў сувязі з заявамі абвінавачаных пракурор Шарсьнёў падаў хадайніцтва аб неабходнасьці правесьці праверку агучаных абвінавачанымі фактаў. Першапачаткова праверка павінна была скончыцца 8 кастрычніка, аднак была працягнутая да 17 чысла.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У прыбіральню дагэтуль з кроўю хаджу». Абвінавачаныя ў справе Коржыча расказалі пра допыты ў КДБ

Як паведаміў суду ў гэты дзень пракурор Шарсьнёў, праверку дзеяньняў супрацоўнікаў КДБ праводзіла Генпракуратура, у яе выніку ва ўзбуджэньні крымінальнай справы па фактах супрацьпраўных дзеяньняў у дачыненьні абвінавачаных сяржантаў Бараноўскага, Скуратовіча і Вяжэвіча вырашана адмовіць.

«Падставы для ўзбуджэньня крымінальнай справы ў дачыненьні да супрацоўнікаў КДБ не існуе», — заявіў на працэсе пракурор Шарсьнёў. Па словах дзяржаўнага абвінаваўцы, падчас праверкі былі апытаныя супрацоўнікі КДБ, якія вялі допыты абвінавачаных па справе Коржыча. Факты прымяненьня фізычнай сілы ў дачыненьні да абвінавачаных, а таксама псыхалягічнага ціску, не пацьвердзіліся.

Адвакаты абвінавачаных сяржантаў заявілі суду, што праверка праводзілася толькі на падставе апытаньня супрацоўнікаў КДБ, да іх падабаронных ніхто з Генпракуратуры не прыходзіў і іх не апытваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд па справе Коржыча амаль скончаны. Коратка пра асноўнае, што мы даведаліся на працэсе

Справа Аляксандра Коржыча. Што важна ведаць

3 кастрычніка 2017 году 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай ў склепе мэдроты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Некалькі саслужыўцаў Коржыча на паседжаньні паведамілі, што чулі, быццам майка была абматаная скотчам.

5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.

Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?

Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Расьсьледаваньне цягнулася каля 9 месяцаў.

Your browser doesn’t support HTML5

Асноўныя факты пра справу Аляксандра Коржыча. Відэа

У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.

Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.

Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча

Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.

У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу.

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча. Храналёгія падзей