Свабода разьбіралася, што і чаму ў Беларусі лічыцца экстрэмізмам, падпадае пад афіцыйную забарону і пакараньне ў выпадку распаўсюду.
Суд Цэнтральнага раёну Менску 23 верасьня прызнаў экстрэмісцкай крычалку «Хто ня скача, той м...ль». Рашэньне суду пакуль не апублікаванае, пра сам факт стала вядома праз два з паловай тыдні. Невядома, ці ёсьць экстрэмізмам тэкст ці толькі цэлая крычалка ў харавым выкананьні. Да таго экстрэмісцкімі прызнаваліся асобныя (але ня ўсе) відэа з выкананьнем крычалкі.
У кастрычніку таксама стала вядома пра справу, заведзеную за экстрэмізм у сацсетках супраць журналіста і лідэра гурту Dzieciuki Алеся Дзянісава: сьцьвярджаецца, ён рабіў «УКантакце» рэпост са старонкі анархістаў «Революционное действие». Ды ён кажа, што ня ведаў, што суполка прызнаная экстрэмісцкай, і сьцьвярджае, што ня стаў бы распаўсюджваць матэрыялы, якія распальваюць нянавісьць.
Што такое экстрэмізм
Ведаць гэта важна. За выраб, распаўсюд ці нават перавозку экстрэмісцкіх матэрыялаў (у тым ліку падабайку і рэпост) паводле арт. 17.11 КаАП РБ можа пагражаць штраф да 50 базавых велічыняў (1225 рублёў) і канфіскацыя сродку ўчыненьня злачынства (напрыклад, кампутара, зь якога ставілася падабайка) і адміністрацыйны арышт.
Даведацца, якія матэрыялы ў Беларусі лічацца экстрэмісцкімі, можна з закону «Аб процідзеяньні экстрэмізму» або са сьпісу экстрэмісцкіх матэрыялаў на сайце Міністэрства інфармацыі.
Да 2016 году экстрэмісцкімі лічыліся матэрыялы, прызнаныя такімі судом і ўнесеныя ў гэты сьпіс. Цяпер такімі лічацца інфармацыя з прапагандай экстрэмісцкай дзейнасьці або з заклікамі да яе — гэта значыць, можна пакараць чалавека за распаўсюд (або нават перавозку з мэтай распаўсюду) матэрыялу, яшчэ не прызнанага экстрэмісцкім.
За экстрэмісцкі матэрыял, яшчэ ня ўнесены ў сьпіс, прадугледжаныя меншыя штрафы і не прадугледжаны арышт.
Паводле адпаведнага закону, экстрэмізм — гэта дзейнасьць або заклікі да дзейнасьці, накіраванай на:
- гвалтоўную зьмену канстытуцыйнага ладу або тэрытарыяльнай цэласнасьці;
- захоп або ўтрыманьне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам;
- ажыцьцяўленьне і спрыяньне тэрарыстычнай дзейнасьці, у тым ліку фінансаваньне і нават дапамога сродкамі сувязі;
- стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня;
- распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці;
- арганізацыю масавых беспарадкаў, хуліганскіх дзеяньняў і актаў вандалізму з матываў расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці; палітычнай або ідэалягічнай варожасьці;
- прапаганду выключнасьці, перавагі або непаўнавартасьці грамадзянаў паводле прыкметы сацыяльнай, расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або моўнай прыналежнасьці; перашкоды законнай дзейнасьці дзяржаўных органаў (у тым ліку выбарчых камісіяў) з ужываньнем гвалту, падману, подкупу або пагрозай гвалту, ужываньнем гвалту да блізкіх службовым асобам людзей;
- і іншае, пазначанае ў законе.
Некаторыя пункты сьпісу экстрэмісцкіх матэрыялаў можна назваць відавочнымі: як і ў многіх краінах сьвету, у Беларусі экстрэмісцкімі прызнаюць нацысцкія, антысэміцкія, радыкальна-ісламісцкія матэрыялы. Некаторыя ж пункты сьпісу выклікаюць пытаньні — пры тым, што шмат судоў, на рашэньні якіх спасылаюцца, былі закрытымі.
Пяць «Майн Кампфаў», партрэт Гітлера і манэта. Але не «Хайль Гітлер!»
Аўтабіяграфічная кніга Адольфа Гітлера ўваходзіць у сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў пяць разоў, але экстрэмісцкімі кожны раз прызнаюцца канкрэтныя выданьні кнігі, а ня іхны тэкст. Тэкст застаецца дасяжным праз інтэрнэт цалкам або ўрыўкамі.
Забарона на нацысцкую сымболіку асобна прапісаная ў беларускім Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэньнях — у артыкуле 17.10. Але не на ўсю: арышт і штраф пагражае за прапаганду або публічную дэманстрацыю «сьцяга, гімна, эмблемы, вымпела, гальштука, нагруднага і апазнавальнага знаку Нацыянал-сацыялістычнай рабочай партыі Нямеччыны».
Такія цацкі з Гітлерам свабодна прадаваліся ў Беларусі, за іх распаўсюд нікога не судзілі:
У сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў пазначаныя розныя выявы і рэчы, зьвязаныя з нацызмам, у тым ліку сымбаль СС (дзьве літары-маланкі) у любым выглядзе, асобныя значкі са свастыкай, асобныя маркі з выявай Гітлера і адзін ягоны партрэт, нават адна нямецкая манэта 1938 году.
Ды ні ў сьпісе, ні ў артыкуле КаАП не прапісаная забарона на саму свастыку (якая існавала як сымбаль за тысячы гадоў да нацызму і дагэтуль шырока ўжываецца ў індуізме), ні на сам па сабе герб Трэцяга рэйху (але на некаторыя рэчы зь ім), ні на нацысцкае вітаньне жэстам, ні на фразу «Хайль Гітлер!».
Але міліцыя папярэджвае, што такія рэчы могуць быць прызнаныя экстрэмісцкімі, калі так вырашыць суд або экспэртная камісія па экстрэмізьме.
Дыск «Урок беларускай мовы»
Першы па парадку пункт у сьпісе — CD-R-дыск «Урок беларускай мовы». Што гэта, дакладна невядома. Верагодна, маецца на ўвазе дакумэнтальны фільм 2006 году пад такой назвай, які расказвае пра прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі і вучняў выгнанага беларускімі ўладамі Коласаўскага ліцэю. Але такую назву таксама носіць фільм тэлеканалу «Белсат» 2011 году. А мо і ні першы, ні другі: абодва можна паглядзець шмат дзе ў інтэрнэце.
Экстрэмісцкі матэрыял, паводле сьпісу, гэта кружэлка з такой назвай, а ня сам фільм. Кожны школьны настаўнік беларускай мовы можа выпадкова стварыць матэрыял, які падпадае пад апісаньне са сьпісу экстрэмісцкіх.
Дыск з канцэртам «Салідарныя зь Беларусьсю»
У тым жа пункце экстрэмісцкім прызнаецца дыск з канцэртам «Салідарныя зь Беларусьсю». Як і ў папярэднім выпадку, экстрэмісцкім прызнаны ня фільм, а дыск пад такой назвай. Але наконт яго ўдакладняецца: гэта канцэрт на рынкавай Плошчы Новага места ў Варшаве 12 сакавіка 2006 году. Там сьпявалі беларускія і польскія музыкі; беларусы выконвалі польскія гіты 1980-х у перакладзе на беларускую.
У вольным доступе зь Беларусі застаюцца як запісы з таго канцэрту, так і з наступных пад такой назвай. Музыкаў з канцэрту за нейкія незаконныя заклікі не каралі.
Дакладна, што на тым канцэрце не выконваліся песьні, прызнаныя ў Беларусі экстрэмісцкімі: такіх песень няма. Але экстрэмісцкімі прызнаваліся тэкст расейскамоўнай песьні фанатаў футбольнага клюбу ЦСКА, назва якой перакладаецца як «Разам весела крочыць па балотах з кулямётам» (ці цэлы тэкст, ці толькі асобныя радкі, невядома, але ня музыка), аўдыёфайл з расейскамоўнай песьняй (файл, а не сама песьня) пра джыхад, назва якой перакладаецца як «Мая мама, не смуткуй», а таксама CD-дыск з шэрагам нэанацысцкіх песень (і нават буклеты, але ня самі песьні).
Разам з гэтымі дыскамі забаронены CD-R пад назвай «MEGAUS MEG 16753». Чым бы гэта не было, распаўсюджваць гэта ў Беларусі нельга. Кажуць, там былі здымкі з «Плошчы-2006», але якія зь іх экстрэмісцкія, невядома.
Альбом «Прэс-фота Беларусі 2011»
Экстрэмісцкім прызнанае друкаванае выданьне альбому пераможцаў фатаконкурсу менавіта 2011 году. Ці ёсьць экстрэмісцкімі асобныя здымкі, ці яны становяцца такімі толькі разам у форме альбому, невядома.
Ці ня ўсе фота з альбому паасобку дасяжныя на сайце конкурсу, а матэрыялы з сайту (як і выданьні папярэдніх і наступных альбомаў «Прэс-фота Беларусі») не прызнаваліся экстрэмісцкімі агулам.
Гэта не адзіная кніга, з назвы якой цяжка здагадацца, што яна экстрэмісцкая. Напрыклад, у сьпісе ёсьць расейскамоўная кніга гомельскага сьвятара пад назвай «Православным о православии. Популярное богословие, или Богословие для чайников», якая вольна прадаецца ва Ўкраіне.
Анархісты, але ня тыя, у гонар якіх названыя вуліцы
Агулам анархісты ў Беларусі не забароненыя — некаторыя ідэолягі анархізму нават ушаноўваюцца. Так, у Менску ёсьць вуліца імя расейскага анархіста Пятра Крапоткіна, у Гомлі — вуліца імя расейскага анархіста Міхаіла Бакуніна, ня кажучы ўжо пра частае ўшанаваньне расейскага пісьменьніка Льва Талстога, прапагандыста ідэі негвалтоўнага анархізму. Але суполкі анархістаў фігуруюць у сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў хіба не часьцей за нацыстаў.
Экстрэмісцкімі лічыцца нават ня ўсё, зьвязанае з названымі супольнасьцямі, а толькі матэрыялы з канкрэтных суполак і публічных старонак у сацсетках, асобныя кнігі, налепкі і відэазапісы. Шэраг тых старонак заблякаваны, некаторыя ж закінутыя. Шмат якія супольнасьці анархістаў проста стварылі новыя старонкі, якія працягваюць заставацца ў вольным доступе.
Падобная сытуацыя — экстрэмізм у матэрыялах са спасылкамі, блякаваньне канкрэтных суполак пры магчымым стварэньні новых — з супольнасьцямі беларускіх нацыяналістаў, «антыфа» і «рускаміраўцаў» (але ня ўсіх «рускаміраўцаў»: суполка «Віцебская народная рэспубліка» ў сьпісе, «Гомельская» — не), а таксама ўкраінскай Тактычнай групы «Беларусь».
Пры тым адносна нэанацысцкай супольнасьці Misanthropic Division фармулёўка прынцыпова іншая: забаранілі не матэрыялы са спасылак, а «матэрыялы, якія дублююць і рэтрансьлююць інфармацыйныя паведамленьні інфармацыйных рэсурсаў Misanthropic Division», «у тым ліку іх варыяцыі», а таксама «аўдыёвізуальныя творы, разьмешчаныя на Youtube.com, празь які асьвятляецца дзейнасьць актывістаў MD».
Некаторыя словы на замежных мовах
З «анархісцкага сьпісу» выбіваецца супольнасьць Revbel: ня толькі матэрыялы зь іхных старонак, але і адрасы двух (ня ўсіх) сайтаў супольнасьці экстрэмісцкія, «незалежна ад носьбіта інфармацыі»: на сьцягах, транспарантах, эмблемах, стыкерах, значках ды іншым.
Забароненыя незалежна ад носьбіту і надпісы на ангельскай мове, якія перакладаюцца як «клясавая вайна» і «тэрор-машына». І надпісы па-ўкраінску са шматлікімі памылкамі, якія значаць «Курыш ці п’еш? Хутчэй памрэш! Трымай кроў чыстай» і «Ня важна, маскаль ты ці не. Галоўнае, каб не маскаль».
Ці будуць гэтыя надпісы экстрэмісцкімі не на мове арыгіналу (або апошнія па-ўкраінску, але без памылак), невядома.
Неўзабаве ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў маюць унесьці яшчэ два скарачэньні з чатырох літар. Яны ўжо паўтара месяца як прызнаныя экстрэмісцкімі, але пакуль іх у сьпісе няма.
Старонкі некаторых людзей
Побач з тым у сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў больш як два дзясяткі спасылак на асабістыя старонкі людзей у сацсетках. Што было экстрэмізмам на такіх старонках, у сьпісе не ўдакладняецца, ды й большая частка такіх старонак выдаленая або закрытая.
Адзін з уладальнікаў «экстрэмісцкай» асабістай старонкі казаў Свабодзе, што ня ведае, што на ёй было экстрэмісцкім, бо суд быў безь ягонага ўдзелу (і адбыўся за паўгода да ўключэньня матэрыялаў у сьпіс экстрэмісцкіх).
Чорныя фуфайка з надпісам «Воля або смерть»
Асобным пунктам экстрэмісцкімі прызнаюцца фуфайкі чорнага колеру са згаданымі англамоўнымі надпісамі «клясавая вайна» і «тэрор-машына», а таксама чорная фуфайка з надпісам па-ўкраінску «Воля або смерть». Калі першыя два надпісы пазьней былі прызнаныя экстрэмісцкімі ў любым выглядзе, то трэці прынамсі пакуль не прызнаны такім.
Застаецца невядомым, ці будзе прызнаная экстрэмісцкай, напрыклад, белая байка з надпісам па-беларуску «Воля або сьмерць». І невядома, што было экстрэмісцкага ў чорнай фуфайцы з такім надпісам па-ўкраінску.
«Выдзіралі з кантэксту сказ і прыпісвалі яму іншы сэнс», — аўтар матэрыялаў блогу 1863x, прызнаных экстрэмісцкімі
Калі з сайту расейскіх «імпэрцаў» «Спутник и погром» былі прызнаныя экстрэмісцкімі ўсе матэрыялы, то доступ да яго быў заблякаваны цалкам. Зь беларускім блогам 1863x сытуацыя іншая: ён застаецца дасяжным, экстрэмісцкімі прызнаныя толькі асобныя матэрыялы з сайту.
Аўтар блогу Эдуард Пальчыс быў прызнаны вінаватым у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў, правёў за кратамі ў чаканьні прысуду 10 месяцаў, але быў вызвалены ў залі суду.
Пальчыс сумняваецца ў добрасумленнасьці экспэртызаў, якія вызначаюць «экстрэмісцкасьць матэрыялаў».
«Справа ў тым, што экспэрты часта робяць так, як трэба сілавікам, — кажа ён Свабодзе. — У маёй справе даходзіла да крайніх абсурднасьцяў, калі выдзіралі з кантэксту сказ і прыпісвалі яму іншы сэнс. Што тычыцца крытэраў, то экспэрты карыстаюцца напрацоўкамі расейскіх калег у вызначэньні экстрэмізму».
За варыяцыі забароненых матэрыялаў, напрыклад крычалку «Хто ня скача, той бульбаш» або фразы са словам «маскаль», не павінна быць «аўтаматычных» санкцыяў, мяркуе Пальчыс.
Слова «маскаль» не экстрэмізм
Словы «бульбаш», «маскаль», «хахол», «жыд» ды іншыя, якія адпаведныя нацыі могуць палічыць крыўднымі, у Беларусі не забароненыя, вынікае са сьпісу экстрэмісцкіх матэрыялаў, — хоць забараняюцца асобныя матэрыялы з гэтымі словамі.
Актывісты, абураныя выкарыстаньнем слова «бульбаш» у камэрцыі, прасілі Інстытут мовазнаўства расказаць, якія з такіх словаў абразьлівыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бульбаш» — гэта абраза? А «маскаль», «жыд» і «нігер»? Інстытут мовазнаўства даў афіцыйны адказПаводле лінгвістычнага аналізу (які актывісты не прызнаюць кампэтэнтным — сярод іншага за спасылкі на Вікіпэдыю), толькі «маскаль» і «нігер» маюць «выразна нэгатыўную канатацыю», але выявіць іхны абразьлівы характар можна толькі пры ўжываньні ў пэўным тэксьце, у канкрэтнай камунікатыўнай сытуацыі. Пры тым са словам «хач», у якім у Інстытуце мовазнаўства не пабачылі нэгатыўнай канатацыі, ёсьць некалькі матэрыялаў у сьпісе экстрэмісцкіх — такіх, дзе людзі, якіх называюць гэтым словам, зьневажаюцца дадатковым чынам.
Слова «бульбаш» будзе абразай «толькі ў пэўным кантэксьце», калі ў іншым можа мець «станоўчую афарбоўку», вызначылі ў Інстытуце мовазнаўства. У адказ на просьбу да кампаніі «Бульбашъ» не ўжываць слова, якое можа быць абразьлівым, дырэктар кампаніі засьцярог саміх актывістаў ад распальваньня міжнацыянальнай варожасьці праз крыўду на гэтае слова.