Прысуд камандзірам Аляксандра Коржыча вынесуць у пятніцу 19 кастрычніка

Прапаршчык Артур Вірбал (зьлева) і лейтэнант Павел Сукавенка на судзе, 1 кастрычніка 2018 году

Пракурор просіць пакараць старшага лейтэнанта Паўла Сукавенку 6 гадамі пазбаўленьня волі.

Прысуд у справе старшага лейтэнанта Паўла Сукавенкі і прапаршчыка Артура Вірбала вынесуць 19 кастрычніка ў 14.30. Пра гэта стала вядома на паседжаньні 17 кастрычніка, на якім падсудныя выступілі з апошнім словам.

Працэс у справе Паўла Сукавенкі і Артура Вірбала пачаўся 1 кастрычніка, яго разглядае Менскі абласны суд. Абодва падсудныя камандавалі ротай, у якой служыў Аляксандар Коржыч. Сукавенка зьяўляецца адзіным афіцэрам, якога судзяць пасьля сьмерці Коржыча. Непасрэдна на працэсе па факце сьмерці салдата ён выступаў у якасьці сьведкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд над камандзірамі Коржыча. Стала вядома, якое пакараньне запатрабаваў пракурор

Сукавенку і Вірбала абвінавачваюць у перавышэньні ўлады, альбо ў бязьдзеяньні ўлады паводле частак 1 і 2 артыкулу 455 Крымінальнага кодэксу. Паводле вэрсіі сьледзтва, яны неаднаразова білі падначаленых ім сяржантаў, а таксама вымагалі ў іх прадукты харчаваньня і цыгарэты. Акрамя гэтага, Сукавенку абвінавачваюць у прысваеньні часткі грашовых сродкаў, якія ён павінен быў выдаваць падначаленым салдатам і сяржантам.

Сваю віну Артур Вірбал прызнаў цалкам, Павал Сукавенка адмаўляе, што ягоныя дзеяньні былі накіраваныя на замацаваньне ўласнага аўтарытэту і прыніжэньне падначаленых.

Справа Аляксандра Коржыча. Што важна ведаць

3 кастрычніка 2017 году 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай ў склепе мэдроты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Некалькі саслужыўцаў Коржыча на паседжаньні паведамілі, што чулі, быццам майка была абматаная скотчам.

5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.

Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?

Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Расьсьледаваньне цягнулася каля 9 месяцаў.

Your browser doesn’t support HTML5

Асноўныя факты пра справу Аляксандра Коржыча. Відэа

У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.

Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.

Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча

Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.

У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу.

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча. Храналёгія падзей