Амаль палова насельніцтва Зямлі — 46%, або 3,4 млрд чалавек — змагаецца за задавальненьне базавых патрэб і жыве на менш чым $ 5,5 на дзень, гаворыцца ў прэс-рэлізе Сусьветнага банку.
5,5 даляра на дзень — гэта рыса беднасьці ў краінах з узроўнем даходу, вышэйшым за сярэдні.
Больш за 26% насельніцтва плянэты (звыш 1,9 мільярда чалавек) жыве на суму, меншую за 3,2 даляра на дзень — паказьнік рысы беднасьці ў краінах з узроўнем даходу, ніжэйшым за сярэдні.
Паказьнікі крайняй галечы (існаваньне менш як на $ 1,90 за дзень) з 1990 году значна зьнізіліся, скараціўшыся з 36 %(на 1990 год) да 10 % на 2015 год, гаворыцца ў дакладзе Сусьветнага банку «Беднасьць і ўсеагульны росквіт, сумеснае вырашэньне праблем ліквідацыі галечы».
Даклад складзены на аснове дадзеных 2015 году.
Самымі хуткімі тэмпамі з праблемай беднасьці спраўляюцца Ўсходняя Азія і Ціхаакіянскі рэгіён, дзе даход найбяднейшых 40% насельніцтва рос у сярэднім на 4,7% з 2010-га па 2015 год, адзначаецца ў дакладзе.
У Эўропе і Цэнтральнай Азіі назіраецца запаволеньне росту даходаў беднага насельніцтва. Пры гэтым там самы нізкі адсотак насельніцтва, які жыве за рысай беднасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўмільёна беларусаў жывуць за рысай беднасьці. Хто гэта?Як у Беларусі
У Беларусі за рысай беднасьці ў другім квартале 2018 году было 5,7% насельніцтва. Калі ўлічыць, што ў краіне цяпер жыве 9 мільёнаў 478 тысяч чалавек (зьвесткі на канец чэрвеня), лік бедных складае 540 тысяч чалавек. Іх сярэднедушавыя наяўныя рэсурсы не перавышалі бюджэт пражытковага мінімуму (з 1 жніўня ён складае 213,67 рубля, то бок каля 7 беларускіх рублёў на дзень).
Згодна з афіцыйнай статыстыкай, кожны пяты беларус (21,2%) штомесяц выжывае на суму, меншую за 300 рублёў. Найбольш заможным на гэтым фоне выглядае Менск: 24,4% насельніцтва кожны месяц маюць у сваім распараджэньні 800 рублёў.
Сярод сем’яў узровень малазабяспечанасьці ў студзені–чэрвені складаў 4% (у папярэднім квартале — 4,1%). Часьцей за ўсё за рысай беднасьці апынаюцца сем’і зь непаўналетнімі дзецьмі, сярод якіх 8,3% — малазабясьпечаныя (кварталам раней — 8,4%). У сем’ях безь дзяцей гэты паказьнік складае 1,9%.