«Моладзь БНФ» правяла акцыю ля Мінабароны супраць дзедаўшчыны. ВІДЭА

Такім чынам актывісты распачалі анансаваную раней кампанію «Білет на той сьвет».

​Акцыя працягвалася некалькі сэкундаў. Да актывістаў адразу ж падышоў АМАП, былі затрыманыя трое ўдзельнікаў актывістаў: Дзяніс Мандзік, былая старшыня «Моладзі БНФ» Ганна Пахолка і яшчэ адзін хлопец.

Першая акцыя ў межах кампаніі прайшла 16 кастрычніка на беразе Сьвіслачы, недалёка аб будынка Мінабароны.

Паводле кіраўніка «Моладзі БНФ» Дзяніса Мандзіка, кампанія «Білет на той сьвет» накіраваная на тое, каб паказаць людзям «усе рэаліі сучаснага войска ў Беларусі», а таксама даказаць перавагі кантрактнай службы.

«У сувязі з тым, што апошнім часам пачасьціліся выпадкі гвалту ды забойстваў у войску, мы пачынаем гэтую кампанію, — гаварылася ў распаўсюджаным актывістамі прэс-рэлізе. — Асноўная наша мэта — выклікаць грамадзкі рэзананс, прыцягнуць увагу грамадзтва і зрабіць так, каб пра гэта гаварылі ня толькі тады, калі памрэ новы хлопец. Колькі яшчэ павінна загінуць хлопцаў, пакуль людзі перастануць маўчаць?»

Актывістаў затрымліваюць