Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка перакананы, што рашэньнем аб спыненьні дачыненьняў з Канстантынопалем Расейская праваслаўная царква выйшла на шлях самаізаляцыі і канфлікту з усясьветным праваслаўем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шлях на канфрантацыю і ізаляцыю. Ва Ўкраіне камэнтуюць спыненьне дачыненьняў між РПЦ і Канстантынопалем«Зь відавочнай падачы Крамля, ад якога цалкам залежыць, расейскае царкоўнае начальства заявіла пра разрыў эўхарыстычных зносінаў з Канстантынопальскай маці-царквой. Я ўпэўнены, што такое рашэньне толькі пацьвярджае, што мы цяпер на правільным шляху. Таксама цяпер, на жаль, Расейская царква паставіла сябе на шлях самаізаляцыі і канфлікту з усім усясьветным праваслаўем», — заявіў Пятро Парашэнка сёньня на сустрэчы з прадстаўнікамі Канстантынопальскага патрыярхату ў Кіеве.
Парашэнка дадаў, што ў дзень абаронцаў Украіны, які адзначаўся 14 кастрычніка, плянаваліся правакацыі і захопы храмаў:
«Яны чакалі, што нехта будзе штурмаваць храмы, дзе будуць бойкі. Яны нават падрыхтавалі сваіх „цітушак“, якія павінны былі выконваць гэтую ролю».
Адзін з прадстаўнікоў Канстантынопальскага патрыярхату паведаміў, што працягнуць працэс наданьня Ўкраінскай царкве томасу, які засьведчыць «духоўную незалежнасьць» Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзе цяпер «нельга» маліцца вернікам РПЦ і што за гэта будзе