Магілёўскае спэцаўтапрадпрыемства вінавацяць у жорсткім абыходжаньні з адлоўленымі жывёламі. Карэспандэнт Свабоды пагутарыў зь яго кіраўніком і актывістамі Таварыства аховы жывёлаў.
За няпоўны месяц магілёўскае спэцаўтапрадпрыемства двойчы станавілася абʼектам крытыкі ў сацыяльных сетках. Тое, як абыходзяцца з адлоўленымі жывёламі супрацоўнікі арганізацыі, абаронцы жывёлаў характарызуюць як негуманнасьць.
На самім прадпрыемстве не згаджаюцца з крытыкай. Дырэктар Генадзь Іванчанка пагадзіўся выказаць сваё бачаньне праблемы зь бяздомнымі жывёламі ў Магілёве і расказаць, як працуе арганізацыя, якой ён кіруе.
Сваё бачаньне сытуацыі зь бяздомнымі сабакамі ды катамі выказала і старшыня магілёўскага Таварыства аховы жывёлаў Сьвятлана Ярмоленкава. Валянтэры гэтай арганізацыі падбіраюць іх з вуліц і спрабуюць знайсьці новых ці старых гаспадароў.
Прэтэнзіі да спэцпрадпрыемства і пазыцыя кіраўніцтва
Спэцаўтапрадпрыемства адзінае ў Магілёве, якому дадзена права адлоўліваць, транспартаваць у месцы часовага ўтрыманьня бадзяжных жывёлаў, у тым ліку небясьпечных для людзей ці з прыкметамі інфэкцыйных хваробаў. Пры адлове, гаворыцца на яе сайце, супрацоўнікі выкарыстоўваюць мэтодыкі, якія не траўмуюць і ня шкодзяць здароўю жывёлаў.
У апублікаваным 20 верасьня ананімным лісьце аўтар ад імя нібыта былога супрацоўніка прадпрыемства сьцьвярджае: каты і сабакі, якія на часовым утрыманьні, пакутуюць у сьпёку і холад. Некаторых адлоўленых жывёлаў, сьцьвярджае ён, жорстка забіваюць супрацоўнікі арганізацыі.
Кіраўніцтва прадпрыемства абвергла кожны эпізод, у якім згадваецца сьмерць жывёлы. Акрамя таго зьвярнулася ў міліцыю, каб тая прыцягнула да адказнасьці аўтара за распаўсюджваньне непраўдзівых зьвестак. У лісьце выкладзена лухта, кажа Генадзь Іванчанка.
«Прадпрыемства, — адзначае ён, — створана, каб выконваць пэўную працу, прыемная яна ці не. Ёсьць статут прадпрыемства і адпаведнае даручэньне ўлады».
Напярэдадні візыту ў Магілёў Лукашэнкі і Пуціна ў сацыяльных сетках зьявілася абвестка з засьцярогай тых, хто апякуецца бяздомнымі жывёламі. «У сувязі з прыездам прэзыдэнтаў будуць адстрэльваць жывёлаў-беспрытульнікаў», — гаварылася ў ёй. У спэцаўтапрадпрыемстве такія зьвесткі зьняпраўдзілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Магілёве зьняпраўдзілі зьвесткі пра адстрэл бадзяжных жывёлаў перад прыездам Лукашэнкі і ПуцінаАсноўны від дзейнасьці прадпрыемства — вываз і абясшкоджаньне адходаў. Яго тэрыторыя застаўленая сьмецьцявозамі ды іншай тэхнікай для прыбіраньня вуліц. Тут жа невялікая пляцоўка з вальерамі і будынкам, у якім завяршаецца «ўсыпленьнем» жывёлаў тэхналягічны працэс.
Нямногім зь іх шчасьціць знайсьці гаспадара і застацца жыць. Два вальеры выкарыстоўваюцца для платнага гасьцінічнага знаходжаньня свойскіх сабак. Гаспадары аддаюць іх на непрацяглы час, пакуль самі ў разьездах. Ёсьць гасьцініца і для дробных жывёлаў, а таксама невялікая вэтэрынарная лячэбніца.
Генадзь Іванчанка прызнае: большасьць адлоўленых жывёлаў чакае «ўсыпленьне». Пэўны час іх утрымліваюць у вальерах са спадзевам, што знойдзецца гаспадар. Такія выпадкі бываюць, але ня часта.
Як адбываецца адлоў жывёлаў
З уласнай ініцыятывы бадзяжных жывёлаў ня ловім, тлумачыць Генадзь Іванчанка. Экіпаж прыяжджае па выкліку ў пэўны падворак, калі ў ім крызіс, ад жывёлаў няма паратунку. Супрацоўнікі прадпрыемства абслугоўваюць толькі тэрыторыі агульнага карыстаньня. Права ўваходзіць у падвалы і падʼезды ў іх няма. Адлоў ажыцьцяўляецца ў прысутнасьці міліцыі ці супрацоўнікаў жыльлёва-камунальных арганізацыяў.
«Меней бадзяжных жывёлаў не становіцца, — кажа ён. — Папярэдзіць іхнае зьяўленьне мы ня ў стане, ды й гэта ня нашы паўнамоцтвы. Калі б была крымінальная адказнасьць за кінутую жывёліну і адпаведны закон, то гэта паўплывала б на сытуацыю. Цяпер жа ніякай адказнасьці. Чалавек нагуляўся з жывёлай, выкінуў ды забыў. Далей працуем мы, і нас жа вінавацяць у жорсткасьці».
Паводле Генадзя Іванчанкі, апошнім часам пачасьціліся выпадкі, што ў гарады і буйныя паселішчы пачалі заходзіць зь лесу дзікія жывёлы: ласі, бабры, дзікі, лісы. Вызначыць, што адлоўленая жывёла хворая, можна толькі праз аналізы.
Каб жывёле было добра, трэба выхоўваць людзей
У жывёл вялізны стрэс, калі гаспадар іх выкідае, кажа Генадзь Іванчанка. З часам яны становяцца агрэсіўнымі, і іхнае суіснаваньне з чалавекам небясьпечнае.
«Мы ў адказе за тых, каго прыручылі. На жаль, гэта ня стала нормай у людзей, якія наважваюцца выкідаць жывёлаў. Таму мы існуём, каб падчышчаць нечы грэх», — адзначае ён.
На яго думку, каб зьмяніць сытуацыю з бадзяжнымі жывёламі, разам з больш жорсткім пакараньнем неабходна і адпаведна выхоўваць чалавека.
«Мы існуём, каб падчышчаць нечы грэх. Выхоўваць дарослага чалавека бессэнсоўна, — лічыць ён. — За выхаваньне варта брацца, калі ён ляжыць упоперак лаўкі, а як уздоўж, то толку ня будзе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каля сотні катоў забралі з аднапакаёвай кватэры ў Менску. Наўрад ці ўратуюць усіхХто ідзе працаваць у адлоў жывёлаў
Генадзь Іванчанка кажа: супрацоўнікі прадпрыемства, якія адлоўліваюць жывёл, прайшлі адпаведнае навучаньне і здалі іспыты. Увага ў такой працы надаецца бясьпецы, бо наперад невядома, ці здаровая жывёліна і наколькі яна агрэсіўная. Ня кожны, адзначае ён, здольны на гэтую працу, бо адлоўленую жывёліну давядзецца «ўсыпіць».
«Відаць, ёсьць нейкія характарыстыкі ў чалавека, якія дазваляюць гэтым займацца, — кажа ён. — Такі чалавек нібы паляўнічы. Але ўсе нашы лаўцы любяць жывёлаў. Нянавісьці няма да іх. Без патрэбы ніхто крыўдзіць жывёлаў ня будзе. Такая ў нас работа».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія правы маюць жывёлы ў Беларусі і краінах ЭўразьвязуПаводле Генадзя Іванчанкі, выдзеленых на адлоў сродкаў хапае толькі на сем месяцаў. Грошы на рэшту году даводзіцца зарабляць самой арганізацыі, выконваючы платныя паслугі насельніцтву. Адмовіцца ад адлову жывёлаў прадпрыемства ня мае права. Дзесяць вальераў арэндуе ў спэцпрадпрыемства Таварыства аховы жывёлаў.
Старшыня Таварыства аховы жывёлаў: праца спэцпрадпрымства многіх шакуе
Старшыня магілёўскага Таварыства аховы жывёлаў Сьвятлана Ярмоленкава ўдзельнічала ў дыскусіі, выкліканай лістом пра нібыта жорсткае абыходжаньне з жывёламі спэцпрадпрыемствам. Пасьля яе камэнтару рэзкасьць выказваньняў у адрас лаўцоў бадзяжных жывёл спала.
«Чаму ніхто ня піша пра сотні, тысячы сабак і катоў, якія пакутуюць на вуліцах гораду? — запытала Сьвятлана ў камэнтатараў. — Калі вы лічыце, што гэта норма, — адказала яна сама, — тады вас усіх трэба запісаць у штат адлову, бо вам іх таксама не шкада».
Сьвятлана Ярмоленкава нагадала, што ў спэцаўтапрадпрыемстве ўладальнікі сабак з прыватнага сэктару, каб запабегчы адлову, могуць іх зарэгістраваць і павесіць на шыю жэтон. З мноства гаспадароў, якія маюць у падворку сабак, зрабілі гэта толькі 80 чалавек. «Астатнім, — піша яна, — іхныя жывёлы не патрэбныя».
Сьвятлана Ярмоленкава кажа: людзі жыва рэагуюць на гісторыі з жахлівым сюжэтам, пры гэтым не спрабуюць разабрацца ў дэталях. Суразмоўца зь недаверам ставіцца да выкладзеных у лісьце фактах жорсткага абыходжаньня з жывёламі.
«Калі такія выпадкі яму вядомыя, то чаму не пайшоў да кіраўніка прадпрыемства? — ставіць пытаньне яна і сама ж адказвае. — Ён разьлічваў на рэакцыю публікі, бо самі словы „пункт адлову“ гучаць жахліва, і водгук ад іх прадказальны. Так, сапраўды праца гэтай арганізацыі непрыемная. Там ёсьць свае жахі, але гэта такая работа. Яна многіх палохае і шакуе».
Ці выкінуць жывёлу — больш гуманна, чым усыпіць?
Валянтэры таварыства 11 гадоў зьбіраюць кінутых сабак і катоў. Паводле Сьвятланы Ярмоленкавай, іх з году ў год становіцца болей.
«Возьмем мой падворак, — прыводзіць яна прыклад. — Пяць котак я стэрылізавала, але цягам месяца зьявілася яшчэ шэсьць. Людзі матывуюць выкіданьне жывёлаў тым, што на іх догляд няма часу і грошай. Яны лічаць, што кінутую жывёлу нехта падбярэ».
У той жа час такія людзі, працягвае суразмоўца, асуджаюць дзеяньні спэцпрадпрыемства, бо лічаць іх негуманнымі.
«Наша дзяўчынка-валантэрка пад дажджом днямі падабрала траіх кацянят, — прыводзіць яшчэ адзін прыклад Сьвятлана. — Яны былі свойскімі, бо нікуды не ўцякалі. Сядзелі ў траве і чакалі. Чаму кацянят не ўсыпілі гаспадары? Бо палічылі, што забіваць сваёй рукой негуманна. З другога боку, яны асуджаюць спэцпрадпрыемства, што яно адлоўлівае і ўсыпляе такіх жывёлак. Выходзіць, выкінуць самім гуманна, а ўсыпленьне арганізацыяй — негуманна. Дык на чым баку праўда?»
Няма законных падстаў караць тых, хто выкідае катоў і сабак
Таварыства сваю пазыцыю даносіла ўладам, але, на жаль, прызнаецца Сьвятлана, адсутнасьць закону «Аб абыходжаньні з жывёламі» не даюць падстаў для пакараньня чалавека, які кінуў свайго гадаванца. Гэты закон пакуль у стадыі распрацоўкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Законапраект «Аб абыходжаньні з жывёламі» шосты раз вярнулі на дапрацоўку. Камэнтар экспэртаАпекавацца кінутымі жывёламі, даводзіць суразмоўца, няпроста, бо бракуе фінансаў. Людзі дапамагаюць, але, улічваючы, што жыцьцё становіцца даражэйшым, то ахвяраваньняў усё меней. Сыходзяць і валянтэры. Шмат хто зь іх стамляецца і ня можа адолець дэпрэсію ад бачаньня таго, што адбываецца з жывёламі.