Сьвятар Сьвята-Міхайлаўскага праваслаўнага прыходу ў Менску Аляксандар Шрамко пакуль не атрымаў афіцыйнага ўказу пра забарону служыць. Ён мае зьявіцца заўтра, 16-га кастрычніка, у Менскую эпархіяльную ўправу, дзе яму абвесьцяць рашэньне.
Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў старшыня Сынадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы протаярэй Сергій Лепін.
«Калі ён яшчэ не атрымаў указу, якая тут можа быць афіцыйная пазыцыя? Тут будзе дарэчна задаваць пытаньні яму непасрэдна», — сказаў протаярэй Сергій Лепін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менскаму сьвятару забаранілі служыць, бо крытыкаваў паводзіны патрыярха Кірыла«Паводле раскладу, я павінен быў служыць сёньня ўвечары ў храме, але ня буду»
Cьвятар Аляксандар Шрамко сказаў карэспандэнту Свабоды, што пра забарону служыць яму сказалі вусна, а ўсе ўмовы будуць вядомыя заўтра.
— Мяне выклікаюць заўтра ў эпархіяльную ўправу і, магчыма, дадуць указ альбо нешта скажуць. Бо забарона бывае з рознымі ўмовамі тэрміну, магчыма, трэба будзе несьці нейкі послух. Альбо наогул за штат.
— А сёньня як вы праводзіце дзень?
— Я не магу служыць. Па раскладзе я павінен быў служыць сёньня ўвечары ў храме, але ня буду. Я адразу патэлефанаваў у нашу царкву і сказаў, што не магу служыць. Бо калі забарона, то ты не можаш нават крыж насіць, бласлаўляць. Ты становісься на ўзровень міраніна. Толькі што застаецца сан.
«Мне сказалі, што я зьняславіў Беларусь, царкву і патрыярха»
— Раскажыце, што адбылося, што стала падставай для такога рашэньня?
— Я быў на сустрэчы патрыярха Кірыла, рабіў фатаздымкі і з подпісам разьмяшчаў у фэйсбуку. Галоўная да мяне прэтэнзія, што я рабіў акцэнт на ахове, што яе многа, а фатаграфаваць нельга. Што я сфатаграфаваў спэцмашыну, на якой прывезьлі патрыярха, а гэта таксама нельга было — «сьвяціць» нумары гэтай машыны. Са мной гутарылі прадстаўнікі гэтай аховы — і з нашага боку, і з боку патрыярха. І ўсё гэта дайшло да патрыярха. Цяпер наогул складная сытуацыя. А тут атрымалася, што я са сваімі пастамі яшчэ рэпутацыю пагоршыў. Я быў запрошаны на асьвячэньне храма, ужо нават апрануўся адпаведна, але мяне паклікалі, размаўлялі, і ўрэшце мітрапаліт сказаў, што вы забараняецеся, распранайцеся і прыходзьце ў аўторак.
— А што не спадабалася ахове, гэта яны першыя вам прад’явілі прэтэнзіі?
— Магчыма, гэта і патрыярху не падабаецца, калі падкрэсьліваюць, што вакол яго шмат аховы. Можа, ім не падабаецца, што яны «сьвецяцца». Я сам не асабліва ведаю, чаму гэта ўжо такая праблема. Але мне сказалі, што я ўсіх зьняславіў, зьняславіў Беларусь, царкву і патрыярха.
«Ахоўнікі стаяць сьпінай да алтара, і гэта прыцягвае ўвагу»
— Але вашы фатаздымкі з сустрэчы патрыярха выклікалі вельмі вялікую цікавасьць у інтэрнэце.
— Проста ў мяне такая звычка: калі іду на якую падзею, вяду рэпартаж, іншы раз з гумарам. Я так і рабіў на гэты раз. Нешта мяне зацікавіла. Гэтая ж ахова выбіваецца з усяго, з богаслужэньня, яны стаяць сьпінай да алтара. І гэта прыцягвае да іх увагу. Яны хочуць быць у цені, а як яны могуць быць у цені?
Гэта ж ня тое, што ідзе нейкі палітычны дзеяч і вакол яго шмат людзей, і яны ўсе ў гальштуках. І тое, што сярод іх ёсьць ахова адразу і не пабачыш. А тут ідзе служба, усе моляцца, сьвятары ў царкоўным адзеньні, і тут стаяць людзі ў гарнітурчыках і гальштуках, з навушнікамі, стаяць адзін да аднаго сьпінай, сьпінай да алтара.
Магчыма, у Маскве да гэтага прывыклі, а ў нас жа няма аховы ў мітрапаліта, і нічога ня здарылася. Я не разумею, навошта гэтая ахова, хоць мне даказвалі, што гэта нармальна. Ва Ўкраіне ўсе мітрапаліты ходзяць без аховы, сярод іх мітрапаліт Ануфрый. А чамусьці ў Маскве патрыярх без аховы ня можа быць, бо яму там небясьпечна. Я гэтага не разумею.
— Пытаньне яшчэ ў тым, што патрыярх, атрымліваецца, недаступны для простых людзей, вернікаў.
— У тым і справа. У нас герархі, гэта наша нялепшая традыцыя ў праваслаўі, трымаюць сябе на дыстанцыі. А тут яшчэ такая дыстанцыя, што патрыярх ставіцца на ўзровень нейкага палітычнага дзеяча, які там недзе далёка падыходзіць і якога ахова абараняе. Гэта ня самыя лепшыя тэндэнцыі. Таму я і зрабіў на гэта акцэнт, каб паказаць бязглуздасьць.
— Таксама і ўваход на богаслужэньне з удзелам патрыярха быў па запрашальніках, не для ўсіх?
— Магчыма, гэта і трэба рабіць. Але пытаньне ў тым як выдаваліся гэтыя запрашэньні? Я ведаю сталых прыхаджанаў, якім казалі, што ўваход будзе вольны, а калі прыйшлі, то аказалася, што па запрашальніках. Неяк ненармальна арганізавана.
«Выказваць сваё стаўленьне чалавек мае права»
— Гэта ўжо ня першы раз, калі вам забараняюць служыць...
— Тады была кампанія збору подпісаў аб адмене зьменаў у закон аб свабодзе сумленьня. Я быў супраць гэтага закону. Мяне паклікалі на канфэрэнцыю ў пратэстанцкую царкву «Новае жыцьцё», дзе былі прадстаўнікі розных цэркваў. Я там выступіў, і мяне абвінавацілі нібыта ва ўдзеле ў палітычнай дзейнасьці, што забаронена. Сваё незадавальненьне выказаў упаўнаважаны ў справах рэлігіі. Мяне выклікалі, правялі царкоўны суд, пасьля якога вынесьлі рашэньне пра забарону. А цяпер іншая сытуацыя. Спачатку забарона, а потым ужо рашэньне.
— Як вы пракамэнтуеце такую рэакцыю патрыярха на вашы фатаздымкі?
— Не павінна быць такога абмежаваньня. Я думаю, што выказваць сваё стаўленьне чалавек мае права.