Саудаўская Арабія пагражае санкцыямі ЗША

Саудаўская Арабія не пацярпіць у свой адрас ні эканамічных, ні палітычных пагрозаў. Пра гэта паведаміла крыніца ва ўрадзе краіны, перадае дзяржаўнае агенцтва Saudi Press.

Раней прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паабяцаў сурова пакараць Эр-Рыяд, калі высьветліцца, што за верагодным забойствам журналіста Джамаля Хашокджы стаяць улады Саудаўскай Арабіі. Тэлеканал Al Arabia са спасылкай на заяву МЗС паведамляе, што Эр-Рыяд гатовы адказаць у выпадку ўвядзеньня санкцый. Па дадзеных агенцтва Франс Прэс, дэлегацыя з Саудаўскай Арабіі прыбыла ў Анкару, там пройдзе пасяджэньне сумеснай рабочай групы прадстаўнікоў дзьвюх краін у расьсьледаваньні зьнікненьня Хашокджы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запіс расправы над савудаўскім журналістам быў зроблены на Apple Watch

Журналіст Джамаль Хашокджы ​супрацоўнічаў з заходняй прэсай і часта крытыкаваў саудаўскія ўлады. Ён зьнік у консульстве Саудаўскай Арабіі ў Стамбуле 2 кастрычніка. Турцыя лічыць, што там яго там забілі. Эр-Рыяд гэтыя абвінавачваньні абвяргае.

Трамп прыгразіў саудаўскім уладам санкцыямі, але ўдакладніў, што забарону на продаж узбраеньняў каралеўству ён уводзіць ня мае намеру.