Ужо ў панядзелак. Супраць Расеі падрыхтавалі новыя санкцыі за атручваньне Скрыпалёў

Паліцэйская ўлётка для вышуку Аляксея Пятрова і Руслана Башырава, падазраваных у атручваньні Скрыпалёў, архіўнае фота

Расеі пагражаюць новыя санкцыі Эўразьвязу ў сувязі з прымяненьнем нэрвова-паралітычнага рэчыва ў ангельскім горадзе Солсбэры, паведамляе газэта The Telegraph.

Адпаведны дакумэнт у панядзелак плянуюць падпісаць міністры замежных спраў ЭЗ. Абмежавальныя захады будуць скіраваныя супраць чыноўнікаў расейскай выведкі і іх паплечнікаў. Ім будзе забаронены ўезд у Эўразьвяз, а іхныя рахункі замарозяць.

Лёндан абвінавачвае расейскае кіраўніцтва ў арганізацыі атручваньня Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі. Паводле брытанцаў, замах учынілі агенты расейскай вайсковай выведкі пад прыдуманымі імёнамі Аляксандра Пятрова і Руслана Башырава.

Выведніцкая група Bellingcat сьцьвярджае, што іх сапраўдныя імёны — Аляксандар Мішкін і Анатоль Чэпіга. У Крамлі адпрэчылі абвінавачаньні.

Пры канцы верасьня паведамлялася, што брытанскія ўлады высьветлілі асобу трэцяга падазраванага ў замаху на Скрыпалёў. Паводле зьвестак Лёндана, гэта афіцэр расейскай вайсковай выведкі, які прыехаў у Солсбэры да таго, як ягоныя меркаваныя калегі прывезьлі ў Вялікую Брытанію атрутнае рэчыва «Навічок».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Назвалі імя трэцяга расейца, датычнага да атручваньня Скрыпаля

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Bellingcat: другі падазраваны ў атручэньні Скрыпаля — таксама Герой Расеі