Трамп: Саудаўскую Арабію чакае пакараньне, калі журналіст у Стамбуле быў забіты

Джамаль Хашокджы

Саудаўскую Арабію чакае суровае пакараньне, калі высьветліцца, што зьніклы журналіст Джамаль Хашокджы быў забіты ў саудаўскім консульстве ў Стамбуле. Пра гэта прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў у інтэрвію тэлеканалу CBS.​

Пры гэтым Трамп адзначыў, што не хацеў бы разрываць з Эр-Рыядам кантракты ў абароннай галіне. «Я не хачу ставіць пад удар працоўныя месцы ў ЗША. Ёсьць іншыя спосабы пакараць іх», — падкрэсьліў Трамп.

Саудаўскі журналіст Джамаль Хашокджы , які крытыкаваў палітыку Эр-Рыяду і супрацоўнічаў з The Washington Post, зьнік 2 кастрычніка. Ён увайшоў у будынак генэральнага консульства Саудаўскай Арабіі ў Анкары і больш не зьяўляўся. Турэцкія ўлады мяркуюць, што журналіст быў забіты. Саудаўская Арабія гэта адмаўляе.

Раней камітэт міжнародных справаў Сэнату ЗША заклікаў Дональда Трампа ўвесьці санкцыі ў дачыненьні да Эр-Рыяду ў рамках «акту Магніцкага». У прэзыдэнта ЗША ёсьць 120 дзён на тое, каб вызначыцца, рабіць гэта ці не. Ён паабяцаў, што зьвяжацца з насьледным прынцам Мухамадам бэн Сальманам.