Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш запатрабаваў раскрыць праўду пра лёс саудаўскага апазыцыйнага журналіста Джамаля Хашокджы, які зьнік пасьля візыту ў консульства Саудаўскай Арабіі ў Стамбуле, паведамляе ВВС. Як заявіў Гутэрыш, ён мяркуе, што падобныя інцыдэнты ў будучыні могуць стаць «новай нормай».
«Мы павінны ведаць, што менавіта адбылося, хто канкрэтна нясе адказнасьць за гэта, — сказаў генэральны сакратар ААН. — Такіх інцыдэнтаў становіцца ўсё больш, таму міжнародная супольнасьць павінна ясна заявіць пра тое, што гэта непрымальна».
Напярэдадні зьявілася інфармацыя, што ўлады Турцыі валодаюць аўдыё- і відэазапісамі, якія даказваюць, што журналіст быў забіты ў будынку консульства. У СМІ трапілі падрабязнасьці забойства. Улады Саудаўскай Арабіі назвалі ўсе гэтыя сьцьвярджэньні ілжывымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямеччына выдасьць падазраванага ў забойстве баўгарскай журналісткіДжамаль Хашокджы , вядомы крытык кіруючай саудаўскай дынастыі ў Эр-Рыядзе, зайшоў у консульства Саудаўскай Арабіі ў Стамбуле ўдзень 2 кастрычніка, каб завяршыць працэдуру разводу. Журналіст стала жыў у Турцыі і хацеў ажаніцца з сваёй турэцкай нявестай. Перад тым, як увайсьці ў будынак, журналіст папрасіў нявесту падняць трывогу, калі ён не выйдзе праз чатыры гадзіны. Яна чакала будучага мужа 11 гадзін.
У пятніцу блізкая да спэцслужбаў Турцыі крыніца паведаміла ВВС, што ў турэцкіх уладаў ёсьць відэа- і аўдыёзапісы, якія даказваюць, што журналіст быў забіты ў консульстве. Газэта Washington Post, спасылаючыся на неназваных турэцкіх чыноўнікаў, таксама напісала пра доказы забойства. Паводле СМІ, Хашокджы зайшоў на тэрыторыю консульства з уключаным «разумным» гадзіньнікам, які перадаваў усе гукі на пакінуты ў аўтамабілі тэлефон. У выніку да турэцкіх уладаў трапілі запісы, на якіх чуваць гучная размова, крыкі і гукі забойства.
Па дадзеных СМІ, у будынку консульства саудаўскага журналіста забілі, а яго цела расчлянілі, вывезьлі на аўтамабілях з дыпляматычнымі нумарамі і закапалі непадалёк ад месца жыхарства консула.