«Апошні раз такое здаралася на прэзэнтацыі кнігі Ўладзімера Арлова», — кажа супрацоўніца Акадэмкнігі. Яна ўражаная ня менш за чытачоў, якія прыйшлі атрымаць аўтограф Віктара Мрціновіча на асобніку ягонага новага раману «Ноч». Яны чакаюць ня менш за гадзіну. Паўсотні чалавек стаіць на вуліцы. Амаль столькі ж — унутры кнігарні. Мы распыталі чытачоў, чым іх так прыцягвае Марціновіч.
Адзін зь першых аўтараў, хто мяне ўразіў
Арцём, 20 год, студэнт БДУІР:
— Я зацікавіўся беларускай літаратурай яшчэ зь ліцэя. Марціновіч быў адным зь першых беларускіх аўтараў, хто мяне насамрэч уразіў. Гэты быў «Сцьюдзёны вырай». Там сюжэт так перакручваецца! Потым ужо пачаў чытаць іншых аўтараў.
Мая мама чытае Марціновіча ў фэйсбуку. Яна расказала, што ў яго выйшаў новы раман. Вось мы прыйшлі на аўтограф-сэсію са сваім асобнікам.
Мне яшчэ Станкевіч падабаецца. Цёмныя, нярадасныя тэксты піша. Як Быкаў. Я бы яго назваў яго другім экзыстэнцыяналістам беларускай літаратуры пасьля Быкава. А яшчэ мне вельмі падабаецца Бахарэвіч. Зараз чытаю ягоных «Сабак Эўропы».
У яго можна прачытаць пра нас саміх
Яўген, 33 гады, сыстэмны адміністратар:
— Я толькі пачынаю знаёміцца зь беларускай літаратурай. І ён адзін зь першых аўтараў, каго я пачаў чытаць. Мне падабаецца, што Марціновіч апярэджвае час. Піша ў сваіх кнігах пра тое, што неўзабаве адбываецца.
Добра, што ў яго можна прачытаць пра нас саміх. Ён гэтым прыцягвае ўвагу.
А куды ўсе стаяць? Новы iPhone прадаюць?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амаль 100 чалавек пасталі ў чаргу, каб набыць новую кніжку Марціновіча. ФАТАФАКТМалады хлопец з барадой. Ён прыпыніўся каля «Акадэмкнігі» на чырвонай Audi і выйшаў з машыны:
— А што гэта за чарга? Куды ўсе стаяць? Марціновіч? Хто? Я думаў, гэта новы iPhone прадаюць у Менску.
Чытаю яго яшчэ з часоў «Белгазеты»
Аляксандар, 58 год, займаецца фатаграфіяй:
— Сучаснага пакуль не чытаў нічога. Для мяне гэта будзе першая кніга Марціновіча, якую я прачытаю. Увогуле я чытаю яго яшчэ з часоў «Белгазеты», у фэйсубуку зараз чытаю. Лічу, што гэта наш выбітны піьсменьнік.
Ён піша пра рэчы, якія потым сапраўды здараюцца празь некалькі гадоў
Алена, стаматоляг, 49 год
— Мяне прывяла сюды сама асоба Марціновіча і ягоны талент. Мы больш за гадзіну стаялі ў чарзе. Пасьля Марціновіча зьявіўся інтарэс і да Бахарэвіча, і да Сыса, і да Бартосіка, да ўсіх астатніх аўтараў.
Я люблю Быкава і Караткевіча. Але гэта было яшчэ ў школьныя часы. Потым проста нічога не было такога кшталту.
Я не крытык, але на мой погляд, Марціновіч найбольш таленавіты. Ён піша пра рэчы, якія потым сапраўды здараюцца празь некалькі гадоў. Гэта проста неверагодна.
Аднаўляю мову праз кнігі Марціновіча
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марціновіч: раманы Пясецкага заходзяць нават камэнтатарам «Анлайнэра»Ірына, 60 год, інжынэр па спэцыяльнасьці, зараз на пэнсіі:
— Я тут не адна. Мы тут у чарзе пасябравалі яшчэ зь людзьмі, якія прыйшлі па аўтограф.
Год пяць я ўжо чытаю яго. І допісы ў фэйсбуку, і кнігі па-беларуску. Я забылася на мову, трэба яе аднаўляць. Раблю гэта ў тым ліку празь кнігі Марціновіча.
Добрая літаратура любога аўтара мае дачыненьне да нас. Мяне гэта падкупіла
Варвара, 34 гады, архітэктар
— Да ЭГУ я была ў іншай суполцы. Я працавала архітэктарам. У часы навучаньня ў ліцэі пры Акадэміі мастацтваў мне вельмі падабаўся Ўладзімер Арлоў. Сюды ж езьдзіла па ягоныя кніжкі. Зараз я пачала атрымліваць другую адукацыю ў ЭГУ. І мне прарэклямавалі Віктара ягоныя студэнты. Я запісалася на ягоны курс.
Для мяне гэта ўваход у сучасную беларускую літаратуру, бо ў апошні час я больш за ўсё чытала перакладную літаратуру.
Мне падабаецца, што ён піша нашае жыцьцё. Вось «Возера радасьці» мае сюжэты з майго жыцьця, з жыцьця маіх знаёмых. Добрая літаратура любога аўтара мае дачыненьне да нас. Мяне гэта падкупіла.
Кажуць, што «Ноч» – проста «ваў». Я хачу адчуць гэтае «ваў»
Марыя, 33 гады, спэцыяліст па тавараруху, навучаецца ў ЭГУ:
— Тэксты Марціновіча кожны ўспрымае па-рознаму. Ёсьць кнігі, якія ты чытаеш і бачыш пазыцыю аўтара. Там усё зразумела. А тут можна гуляць. Можна зь ім пагаджацца, спрачацца. Ён дае эмоцыі. Гэта ня проста чытво. Ягоныя тэксты цалкам забіраюць. Пасьля «Возера радасьці» я яшчэ два тыдні хадзіла пад уражаньнем.
А «Ноч», мне цікавая, чым яна будзе адрозьнівацца ад папярэдніх. Кажуць, што там проста «ваў». Я хачу адчуць гэтае «ваў».