Праваабарончыя арганізацыі заклікаюць беларускія ўлады не экстрадзіраваць былога таджыцкага футбаліста Парвіза Турсунава у Таджыкістан.
Паводле праваабаронцаў, чый заклік зьмешчаны на сайце Human Rights Watch, у Таджыкістане ў адносінах да Турсунава могуць быць ужытыя катаваньні або ён можа пацярпець ад жорсткага абыходжаньня.
43-гадовы Парвіз Турсунаў быў абаронцам таджыцкай футбольнай каманды «Хайр» у горадзе Вахдат. Таджыцкія СМІ паведамлялі ў красавіку 2011 году, што галоўны трэнэр «Хайр» запатрабаваў ад Турсунава згаліць бараду, таму што «праваахоўныя органы ня хочуць бачыць футбаліста на полі з доўгай барадой, як у мулы». Турсунаў адмовіўся згаліць бараду і быў адлічаны з каманды.
Турсунаў зь сям’ёй пазьней зьехалі ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, а потым у Турэччыну, дзе яны былі працоўнымі мігрантамі ды займаліся падрыхтоўкай і продажам страў таджыцкай традыцыйнай кухні. У верасьні сёлета яны вырашылі празь Беларусь паехаць у Эўропу, дзе меркавалі прасіць прытулку.
Тым часам МУС Таджыкістану ў лютым 2018 году распачала ў дачыненьні да Парвіза Турсунава крымінальную справу па артыкуле аб публічных закліках да ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасці. Што канкрэтна ставіцца футбалісту ў віну, пакуль невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Таджыцкая апазыцыянэрка просіць прытулку ў БеларусіПра затрыманьне Парвіза Турсунава ў Менску 18 верасьня паведаміла Свабодзе ягоная жонка Саёра Субхонава па тэлефоне зь Кіеву. Паводле яе слоў, у мужа скончыўся тэрмін рэгістрацыі ў Дубаі, і ён ня змог своечасова яе працягнуць, таму сям’я вырашыла выехаць у Турэччыну, дзе прабыла тры месяцы. Але і там не ўдалося атрымаць рэгістрацыю, і праз тры месяцы яны прыбылі ва Ўкраіну, а адтуль у Беларусь, каб патрапіць у Эўропу. Але іх падарожжа было перапыненае ў Менску.
«Мы хацелі зь Менску даехаць на цягніку да Берасьця, да беларуска-польскай мяжы, і папрасіць прытулку ў Польшчы, паколькі мой муж знаходзіўся ў вышуку, хоць ён ні ў чым не вінаваты», — сказала Саёра Субхонава.
Паводле Субхонавай, падчас пераходу беларускай мяжы памежнікі праверылі дакумэнты Парвіза і папрасілі прайсьці зь імі ў кабінэт. Больш яна яго не бачыла. Тры дні жанчына зь дзецьмі знаходзілася ў аэрапорце, а пасьля яе адправілі ва Ўкраіну.
Генэральны пракурор Беларусі пацьвердзіў, што ён чакае дакумэнтацыі па запыце аб выдачы, і што таджыцкія ўлады абвінавацілі Турсунава па артыкуле аб «публічных закліках да правядзеньня экстрэмісцкай дзейнасьці» і «арганізацыі экстрэмісцкай супольнасьці».
Праваабаронцы адзначаюць, што ўлады Таджыкістану рэгулярна спасылацца на гэты артыкул у палітычна матываваных справах.