Начальніку падатковай інспэкцыі Савецкага раёну Гомля прысудзілі 5 з паловай гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.
12 кастрычніка суд Чыгуначнага раёну Гомля вынес рашэньне ў крымінальнай справе начальніка падатковай інспэкцыі Савецкага раёну гораду.
Канстанцін Трацэўскі пакараны пазбаўленьнем волі на 5 з паловай гадоў з канфіскацыяй маёмасьці. Хабарам сьледзтва прызнала вазу і карціну агульным коштам 155 рублёў. Сам Трацэўскі вінаватым сябе не прызнаў.
42-гадовы Канстанцін Трацэўскі быў затрыманы ў лютым 2018 году. Сьледзтва прыйшло да высновы, што на вусныя загады кіраўніка падатковай ягоныя падначаленыя не праводзілі праверкі ці спынялі іх, а вінаватыя пазьбягалі адказнасьці.
Сьледчы камітэт пасьля затрыманьня паведаміў: пры ператрусе дома ў затрыманага знайшлі дарагія гадзіньнікі і асадкі, калекцыйныя манэты, «алькагольныя напоі вядомых вытворцаў», аўтамабіль Audi Q7.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карбалевіч: Рост хабарніцтва тлумачыцца маральнай дэградацыяй чынавенстваНа судзе высьветлілася, што ўсе гэтыя рэчы ня маюць дачыненьня да крымінальнай справы. Хабарам сьледзтва палічыла вазу і карціну, атрыманыя Трацэўскім ад знаёмай прадпрымальніцы. Абвінавачаньне лічыць, што «прадметамі інтэр’еру» ўласьніца гандлёвага пункту аддзячыла начальніку падатковай за спыненьне праверкі.
Абвінавачаны патлумачыў, што дзякаваць яму не было за што — парушэньняў падчас праверкі ў краме не выявілі. Падначаленым ён сапраўды тэлефанаваў наконт гэтай праверкі, каб папрасіць: «Не палохайце чалавека».
Трацэўскаму інкрымінавалася, што ён дапамог свайму прыяцелю-прадпрымальніку пазьбегнуць адказнасьці. Паводле вэрсіі абвінавачаньня, на ўласьніка піцэрыі паступіла скарга ў падатковую, а кіраўнік даў загад сваім падначаленым правесьці праверку фармальна.
На судзе абвінавачаны даводзіў, што ён не даваў падначаленым злачынных загадаў. З уласьнікам піцэрыі ён ня прыяцель. Трацэўскі выказаўся на судзе, што яго да затрыманьня праслухоўвалі два гады з прычыны ананімнага звароту, матыў якога — «помста і зайздрасьць».