«Наперад, белакрылыя!» Футбольнай зборнай Беларусі зрабілі стыкеры ў Viber

Некаторыя стыкеры калекцыі «Наперад, белакрылыя»

Беларуская фэдэрацыя футболу запусьціла ў мэсэнджэры Viber калекцыю стыкераў «Наперад, белакрылыя» — карцінак на футбольную тэматыку са словамі па-беларуску.

Як расказаў дырэктар дэпартамэнту маркетынгу АБФФ Юры Садоўскі, у папулярным сярод беларусаў мэсэнджэры стварылі таксама супольнасьць «Белыя крылы» для фанатаў беларускага футболу — там будуць расказваць ня толькі пра мужчынскую зборную, але і пра жаночую, і пра юнацкую.

На стыкерах ёсьць выявы футбалістаў у новай форме з надпісамі накшталт «Гол!», «Разам», «Дзякуй за гульню» і «Прабачце», футбалістаў у міліцэйскіх бэрэтах з надпісам «Гонар маю», а таксама гурту Naviband і новага талісмана зборнай — «бусла-трансформэра».

«Птушыныя» стыкеры Свабоды ў Telegram >>
«Княжыя» стыкеры Свабоды ў Telegram >>
«Княжыя» стыкеры Свабоды для iMessage >>
Стыкеры «Свабоду ўсім» у Telegram >>

Паводле прадстаўніка Viber Атанаса Райкова, калекцыя стыкераў будзе даступная для спампоўваньня толькі цягам шасьці месяцаў.

Мужчынская футбольная зборная Беларусі 12 кастрычніка згуляе зь Люксэмбургам на менскім стадыёне «Дынама» ў межах «Лігі нацыяў». У рэйтынгу зборных FIFA каманда займае 80-е месца, на два месцы вышэй за Люксэмбург, між Канадай і Кюрасаа.

***

Тым часам пасьля заклікаў кіраўніцтва АБФФ да заўзятараў з просьбай «адмовіцца ад палітычных лёзунгаў» суд пастанавіў прызнаць іхную крычалку «Хто ня скача, той м...ль» экстрэмісцкай. Цяпер за яе будуць штрафаваць або арыштоўваць.

Бел-чырвона-белыя сьцягі, затрыманьні на матчы Беларусь — Сан-Марына. ФОТАГАЛЕРЭЯ