Газэта «Фонтанка» назвала трэцяга расейца, які, як сьцьвярджаецца, датычны да атручваньня былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля на тэрыторыі Вялікай Брытаніі. Гаворка ідзе пра мужчыну зь імем Сяргей Фядотаў, ён нібыта прыбыў у Англію разам з двума іншымі грамадзянамі Расеі, падазраванымі брытанскімі ўладамі ў нападзе.
Па дадзеных выданьня, Фядотаў паляцеў зь Вялікай Брытаніі 4 сакавіка — у дзень атручваньня Скрыпаля. «Фонтанка» сьцьвярджае, што сьледчым Скотланд-Ярда вядома пра трэцяга ўдзельніка замаху, але ў ведамстве прынялі рашэньне абвясьціць пра яго пазьней. Газэта спасылаецца на неназваныя крыніцы. Іншых пацьверджаньняў гэтых дадзеных няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Bellingcat: другі падазраваны ў атручэньні Скрыпаля — таксама Герой РасеіУ сераду, 10 кастрычніка, СМІ паведамілі, што падазраваныя ў атручваньні Скрыпаля людзі ў 2014 годзе тайна наведвалі Чэхію, дзе сачылі за былым расейскім выведнікам. Па дадзеных «Фонтанки», Сяргей Фядотаў быў там разам зь імі. Чэскія спэцслужбы адмовіліся ад камэнтароў.
Брытанскае сьледзтва ідэнтыфікавала тых, хто нападаў на Сяргея Скрыпаля як Аляксандра Пятрова і Руслана Башырава. У Лёндане падкрэсьлілі, што сапраўдныя імёны падазраваных могуць адрозьнівацца ад тых, якія прыведзены ў іх пашпартах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін назваў Скрыпаля «здраднікам радзімы» і «падонкам»Група сьледчых Bellingcat сьцьвярджае, што сапраўднае імя Аляксандра Пятрова — Аляксандр Мішкін. Па дадзеных дасьледнікаў, ён атрымаў мэдыцынскую адукацыю ў адной з вайсковых акадэмій і зьяўляецца супрацоўнікам расейскай вайсковай выведкі. Руслан Башыраў, як сьцьвярджаецца, — расейскі выведнік Анатоль Чапіга.
Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія былі атручаны ў Солсбэры 4 сакавіка з дапамогай нэрвова-паралітычнага рэчыва «Навічок», распрацоўка якога вялася ў Савецкім Саюзе. Урад Вялікай Брытаніі ўсклаў адказнасьць за тое, што адбылося асабіста на прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Масква абвінавачваньні абвяргае.