Генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка заяўляе, што сьледзтва разглядае дывэрсію як асноўную вэрсію падрыву боепрыпасаў на вайсковых складах паблізу пасёлку Дружба Ічнянскага раёну Чарнігаўскай вобласьці.
«Першая вэрсія — нядбайнасьць — адпала ўчора, адразу ж пасьля паказаньняў вайскоўцаў. У нас ёсьць падставы казаць, што найбольш верагоднай вэрсіяй ёсьць дывэрсія. Гэта відавочна — мы знаходзімся ў стане вайны і, безумоўна, зьнішчэньне вайсковых базаў — адна з мэтаў ворага», — заявіў Юры Луцэнка журналістам у Кіеве.
Вайсковы арсэнал у Чарнігаўскай вобласьці ёсьць найбольшым ва Ўкраіне. Тут захоўваецца каля 125 тысяч боепрыпасаў, але да моманту выбухаў каля паловы зь іх перамясьцілі ў падземныя сховішчы.
«Чарнігаўская праблема была б большай, калі б большасьць боепрыпасаў не былі перанесеныя пад зямлю. Паводле папярэдняй інфармацыі, падземныя сховішчы не пацярпелі», — дадаў генэральны пракурор Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Над Чарнігаўшчынай закрылі паветраную прастору: ірвуцца снарады на арсэнале за 130 км ад беларускай мяжы. ВІДЭАЮры Луцэнка таксама адзначыў, што дывэрсія зьяўляецца асноўнай вэрсіяй і ў іншых двух выпадках пажараў на вайсковых арсэналах — у Калінаўцы Віньніцкай вобласьці (верасень 2017 году) і ў Балаклеі Харкаўскай вобласьці (травень 2018-га).
«У Харкаўскай вобласьці мы дэманстравалі журналістам і дыпляматычнаму корпусу лятальны апарат, які прыйшоў з тэрыторыі Расеі і, паводле вэрсіі сьледзтва, якая пацьвярджаецца сур’ёзнымі доказамі, скінуў запальныя прылады на тэрыторыю вайсковай базы. У Калінаўцы таксама выяўленыя доказы дывэрсійнай групы».
Сёньня ўрад Украіны выдзеліў 100 мільёнаў грыўняў на пераадоленьне наступстваў пажару на вайсковых складах у Чарнігаўскай вобласьці. На паседжаньні ўраду міністар абароны Сьцяпан Палтарак, расказваючы храналёгію падзеяў, выказаў думку, што хтосьці наўмысна заклаў боепрыпасы для падрыву сховішчаў.
Паводле яго, першыя выбухі прагучалі адначасова на трох складах, а праз 15 хвілін адбываліся выбухі ўжо па ўсім пэрымэтры базы.
«Што адбылося? Спачатку быў характэрны ляск і зарыва, потым два ляскі — і ўжо выбух боепрыпасаў. На наш погляд, гэта сьведчыць пра тое, што, верагодна, была закладка боепрыпасу для падрыву нашых сховішчаў», — заявіў Сьцяпан Палтарак.
З суседніх ад тэрыторыі базы паселішчаў эвакуявалі амаль 13 тысяч жыхароў. У выніку выбухаў на арсэнале пацярпелі 6 будынкаў. Ахвяраў і пацярпелых няма.