Былы кіраўнік «Маладога фронту» ў Гомлі, двойчы выключаны з трэціх курсаў унівэрсытэтаў за палітычную дзейнасьць беларускі «палітычны прызыўнік» Андрусь Цянюта — пра палітычную актыўнасьць на радзіме і студэнцкую цяпершчыну ў Польшчы ў праекце Свабоды «Забытыя. Размова з героямі ўчорашніх дзён».
Першую палітычную «акцыю» Андрусь Цянюта ўчыніў у дзевяць гадоў: «закаціў скандал» бацькам, якія ў 1995 годзе пайшлі галасаваць на рэфэрэндуме аб зьмене бел-чырвона-белага сьцягу і герба «Пагоня» за цяперашнюю дзяржаўную сымболіку.
«Я пайшоў у школу ў 1994 годзе, два гады вучыўся па-беларуску, ведаў бел-чырвона-белы сьцяг і вельмі любіў „Пагоню“ — мне так падабаўся гэты вершнік! Было вельмі крыўдна за яго, ну і хіба з таго часу пачаў цікавіцца навінамі, у тым ліку палітычнымі. А ў мяне заўсёды была здольнасьць да крытычнага мысьленьня, не зважаючы на тое, што казалі чыноўнікі праз тэлевізію», — так прыгадвае сваё далучэньне да палітыкі Андрусь Цянюта.
Стаў заснавальнікам першай суполкі «Маладога фронту» ў Гомлі, якую разам паплечнікамі стварыў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году. Крымінальную справу атрымаў праз год — за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Ад рэальнага тэрміну ў турме ўратавала чарговая «лібэралізацыя» — праз два гады крымінальную справу закрылі.
Больш за дзесяць адміністрацыйных арыштаў адбыў за тое, што адкрыта і па-партызанску ў складзе «Маладога фронту» дзейнічаў у Гомлі дзясятак гадоў: ад пікетаваньня Гомельскага аблвыканкаму — да маляваньня палітычных графіці і правядзеньня маўклівых вулічных акцыяў пратэсту. У 2013 годзе Андрусь Цянюта быў выбраны сустаршынём «Маладога фронту».
Андрусь Цянюта — беларускі палітычны прызыўнік: у войска забралі адначасна з выключэньнем з унівэрсытэту. На адтэрміноўку ад службы не паўплывала нават хранічнае захворваньне — скаліёз другой ступені. Празь некалькі камісіяў прызыўнік быў прызнаны прыдатным да тэрміновай вайсковай службы.
Падчас службы ў войску спрабаваў вылучацца дэпутатам у мясцовыя саветы, за што адбываў гаўпвахту. У войску Андрусь Цянюта пазнаёміўся з будучым моладзевым актывістам Эдуардам Лобавым, якога затым і прывёў у палітыку.
Тройчы страціў магчымасьць атрымаць вышэйшую адукацыю праз перасьлед спэцслужбаў. Двойчы выключаны з трэціх курсаў ВНУ. У выніку актывіст мусіў працаваць на будоўлі ў Гомлі. Цяпер атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Польшчы: студэнт трэцяга курсу факультэту міжнародных зносін Унівэрсытэту ў Беластоку.
«У Навазыбкаве сказалі: да нас прыяжджалі „таварышы“ зь Беларусі і загадалі выключыць вас з акадэміі»
— Дык выключэньне з трэцяга курсу дзьвюх ВНУ — гэта палітыка ці ўсё ж хібы навучальнага працэсу?
— Мяне вельмі хацелі забраць у войска, таму спачатку не далі паступіць ва ўнівэрсытэт у Гомлі. Было так, што прыйшоў на іспыт, а мяне выклікаюць на размову «людзі ў цывільным». Пакуль тая размова доўжылася, экзамэн закончыўся.
Тады я паехаў у Расею, у Навазыбкава — там быў філіял Бранскай сельскагаспадарчай акадэміі. Быў ужо на трэцім курсе, калі раптам прынесьлі позву ў ваенкамат. Пачаў разьбірацца, а мне кіраўніцтва адкрыта сказала: да нас прыяжджалі «таварышы» зь Беларусі і загадалі выключыць вас з акадэміі. Так і сказалі: маўляў, ня ведалі, што ў Беларусі ўсё так жорстка. Гэта быў 2009 год, калі ў Расеі яшчэ была дэмакратыя. Так мне аддалі дакумэнты, выключыўшы папярэдняй датай за нібыта запазычанасьць, якой я папраўдзе ня меў.
Мусіў вярнуўся ў Гомель і, натуральна, адразу забралі ў войска. Ужо пасьля службы я ўсё ж паступіў у Гомельскі ўнівэрсытэт на юрыдычны факультэт і з трэцяга курсу быў выключаны з фармулёўкай «За парушэньне правілаў унутранага распарадку». Маўляў, студэнт-юрыст не павінен адбываць адміністрацыйныя арышты (хоць мяне затрымлівалі і раней).
Выключалі пасьля большай часткі навучаньня, каб больш балюча было. Я зьвяртаўся ў суд з пазовам да Гомельскага ўнівэрсытэту, але ж вядома, якія ў нас суды, і, натуральна, яны сталі на бок унівэрсытэту.
— Ці не шкадуеце, што вашая грамадзянская пазыцыя і актыўнасьць мелі такі ўплыў на вашае асабістае жыцьцё?
— Не, не шкадую. Бо гэта была сапраўдная школа жыцьця. Гэты досьвед мяне толькі ўмацаваў, і цяпер мяне мала чым можна ўразіць ці напалохаць. Акрамя таго, я проста ня мог жыць інакш. Для мяне справы Беларусі — гэта справы кожнага беларуса і кожнага грамадзяніна. Бо калі мы маўчым, то тады за нас нехта вырашае. Натуральна, што кожны чалавек аднойчы перажывае хвіліны слабасьці ці расчараваньня, але галоўнае — мець мэту і ісьці да яе. Мая мэта — дэмакратычная, свабодная і незалежная Беларусь.
«Я ня зьехаў зь Беларусі, а толькі часова адлучыўся дзеля навучаньня»
— Цяпер вы пакінулі Беларусь і адышлі ад грамадзка-палітычнай дзейнасьці ў сувязі з вучобай, ці навучаньне сталася вынікам ад’езду?
— Я не пакінуў Беларусь і не адышоў ад дзейнасьці. Грамадзка-палітычную дзейнасьць толькі часова прыпыніў. І тое можна сказаць, што толькі на радзіме. Бо летась, калі ў Беларусі распачалася «справа патрыётаў», тут, каля беларускага консульства ў Беластоку, мы з паплечнікамі зладзілі сапраўдную маніфэстацыю. Зараз зь беларускімі сябрамі-студэнтамі спрабуем нават зарэгістраваць студэнцкую грамадзкую арганізацыю.
Тое ж самае і пра адʼезд — я ня зьехаў зь Беларусі, а толькі часова адлучыўся дзеля навучаньня. Навучаюся паводле праграмы Кастуся Каліноўскага, за што вельмі ўдзячны каардынатарам праграмы. Маю 31 год, і толькі цяпер спрабую атрымаць вышэйшую адукацыю — такі вялікаўзроставы студэнт. Але спадзяюся таксама закончыць яшчэ і дактарантуру і вярнуцца ў Беларусь, каб атрыманыя веды і досьвед выкарыстаць дзеля карысьці Беларусі. У мяне няма і ніколі не было такой думкі, каб зьехаць з краіны.
— Студэнцкую грамадзкую арганізацыю ствараеце для беларускіх студэнтаў?
— Можна сказаць і так, бо тут, у Беластоку, вельмі шмат студэнтаў зь Беларусі — такое ўражаньне, што палова Горадні вучыцца. На жаль, такога зямляцтва, нейкага братэрства ці салідарнасьці сярод беларусаў няма. Але ў мяне вельмі шмат сяброў-студэнтаў зь Беларусі, вельмі актыўных і крэатыўных, якія падтрымаюць і дапамогуць. І хоць гэта хутчэй выключэньне з правілаў, але такія людзі ёсьць, і вось зь імі мы і ладзім нашыя імпрэзы, ствараем нашую арганізацыю. Спадзяюся, што знойдзецца нямала аднадумцаў, якія да нас далучацца.
«Вельмі шмат расейскамоўных людзей насамрэч патрыёты Беларусі»
— У Польшчы шмат беларусаў, якія пакінулі краіну, атрымаўшы статус палітычнага ўцекача. Ці маеце вы зь імі кантакты?
— На жаль, я ня маю кантактаў з большасьцю былых беларускіх палітычных актывістаў, якія тут у Польшчы. На гэта папросту не стае часу, бо жывём мы ў розных месцах; хтосьці працуе, хтосьці вучыцца, як я.
Я вельмі шмат часу прысьвячаю навучаньню, таму бавіць час дзеля адпачынку няма шанцу. А тое, што некаторыя зьехалі, каб застацца, то гэта іхны выбар, выбар кожнага чалавека мусіць быць пэрсанальны. Магчыма, што так яны бачаць асабістую пэрспэктыву рэалізавацца і дасягнуць большых мэтаў у сваім жыцьці. Гэта ўжо ня так важна — важна тое, што яны зрабілі дагэтуль дзеля сваёй радзімы.
Для мяне ж вопыт жыцьця ў Польшчы, у лібэральнай Эўропе — гэта яшчэ і магчымасьць пераасэнсаваць сваю дзейнасьць і разуменьне таго, што мусіць рабіць апазыцыя. Мне здаецца, што сёньня робіцца крыху ня тое, што павінна было б быць. Але мы дзеля таго і вучымся, каб гэтыя хібы выпраўляць.
— Што б вы хацелі зьмяніць у дзейнасьці апазыцыі ўжо цяпер?
— Мне думаецца, што варта спрабаваць выходзіць на вулічныя маршы. Вельмі добрая імпрэза адбылася ў гонар 100-годзьдзя БНР 25 сакавіка. Дужа добры прыклад прыцягваць на свой бок людзей праз культуру. І ўвогуле я лічу, што Беларусь павінна быць рознай.
Напрыклад, ня варта адкідваць людзей толькі за тое, што яны размаўляюць па-расейску. Бо вельмі шмат расейскамоўных людзей насамрэч патрыёты Беларусі. Мы мусім будаваць краіну еднасьці — краіну для ўсіх. Акрамя таго, шмат чаго ў Беларусі, у тым ліку ў апазыцыі, робіцца на паказ, а не для людзей.
Я гэта кажу не каб пакрыўдзіць кагосьці, а дзеля здаровай крытыкі. Бо я вельмі люблю нашую апазыцыю і вельмі многія яе актывісты і лідэры — мае добрыя сябры.
«Усё ж больш людзі мяне радуюць, чым расчароўваюць»
— А з пункту гледжаньня «лібэральнай Эўропы» ці зьмяняецца нешта ў беларускім грамадзтве і ў які бок?
— Мне здаецца, што ў грамадзтве сёньня расьце незадавальненьне сыстэмай улады ў Беларусі і ўсе хочуць перамен, гэта ёсьць. І патрыятызм таксама большае — нават калі ён ня бел-чырвона-белы. Бо вырасла ўжо новае пакаленьне, так бы мовіць, «чырвона-зялёнай» моладзі — яны проста не засталі бел-чырвона-белага сьцяга і ня ведаюць яго. Але станаўленьне беларусаў як нацыі пакрысе, але адбываецца, і гэта відаць. Гэта станоўчыя зьмены.
А сярод адмоўных — што людзі найперш глядзяць сябе і сваіх дзяцей, але не краіну і не агульную справу. І людзі таксама не адчуваюць сваёй сілы, страцілі веру ў яе. Ня вераць, што можна вырашыць свае побытавыя праблемы, уплываючы на ўладу, а не адседжваючыся па сваіх кутах.
Гэтаму ёсьць шмат тлумачэньняў, нават зь недалёкага мінулага: калі ў сталінскія часы людзей расстрэльвалі нават за дрэнныя думкі ці словы супраць улады. Гэта застаецца ў памяці і перадаецца праз пакаленьні. Але станоўчага я бачу ўсё ж больш — людзі мяне натхняюць, радуюць і ўзмацняюць нашмат часьцей, чым расчароўваюць.
Пяць пытаньняў Свабоды
— Беларуская нацыянальная ідэя — гэта...
— Незалежная Беларусь. А таксама Беларусь еднасьці і Беларусь для ўсіх — для кожнага беларуса і грамадзяніна, які жыве ў Беларусі ці па-за яе межамі. Мы таксама мусім памятаць, дбаць і абараняць беларускіх грамадзян і беларускія дыяспары ва ўсім сьвеце.
— Назавіце трох нацыянальных герояў Беларусі.
— Вітаўт, Касьцюшка і Каліноўскі.
— Якая кніга найбольш паўплывала на вас як на асобу?
— Цяжка сказаць. Я ня дужа паддаюся ўплывам, у тым ліку кніг. Я раблю пэўныя высновы, але паводжуся ўсё роўна, як лічу патрэбным. Але я люблю ўсе кнігі Ўладзімера Караткевіча. Вылучыў бы «Дзікае паляваньне караля Стаха» і «Каласы пад сярпом тваім».
— Колькі грошай вам патрэбна для поўнага шчасьця?
— Галоўнае ня грошы, бо грошы — гэта толькі магчымасьць. Грошай павінна быць гэтулькі, колькі неабходна для годнага жыцьця. Але грошы не павінны быць самамэтай: гэта другаснае, яны ўсяго толькі павінны задавальняць патрэбы. А для шчасьця неабходныя блізкія людзі, улюбёны занятак і прыемная праца, якая дае радасьць і задавальненьне.
— Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
— Цяжкое, папраўдзе, пытаньне, бо яна можа зьмяніцца і сёньня, і празь дзесяць гадоў — ніхто ня ведае, калі, і ня можа гэтага спрагназаваць. І таксама гэтая зьмена можа адбыцца як шляхам рэвалюцыі, так і шляхам «палацавай» змовы. Але мая думка, што, хутчэй за ўсё, — вельмі на гэта спадзяюся — улада ўрэшце зразумее сытуацыю і зьменіць сваё стаўленьне да людзей, і зьмена яе ў нашай краіне ня будзе адбывацца крывавым шляхам. Што гэта будзе шлях эвалюцыі — ад дыктатуры да краіны для народу.
Аднак калі ўлада не зразумее патрэбы такіх перамен, то гэта ўжо будзе не народная ўлада. Яе неабходна будзе мяняць, як гэта адбывалася ў Армэніі ці ва Ўкраіне. Безумоўна, найбольш прыдатным быў бы армянскі — бяскроўны — варыянт. Але, ведаючы нашую ўладу ў Беларусі і ўсю ейную сыстэму, баюся, што без крыві зьмена яе не абыдзецца, на жаль.