Па стане на верасень 2018 году ў Беларусі дзейнічае 377 установак, якія вырабляюць электрычную і цеплавую энэргію на аснове аднаўляльных крыніц. Іхная сумарная магутнасьць складае 644,34 МВт.
Пэрспэктывы разьвіцьця аднаўляльных крыніц энэргіі абмеркавалі ў Менску на канфэрэнцыі, арганізаванай нямецкім інфармацыйным бюро DAAD, Фэдэральным міністэрствам адукацыі і навуковых дасьледаваньняў і Міжнародным дзяржаўным экалягічным інстытутам імя Сахарава БДУ. У канфэрэнцыі ўзялі ўдзел таксама нямецкія навукоўцы.
«Працаваць на адной сыравіне, не на сваёй, вельмі небясьпечна»
Практычна 95% усёй беларускай энэргетыкі працуе на расейскім прыродным газе. Гэта ставіць беларускую эканоміку ў залежнасьць ад Расеі. Паводле акадэміка Пятра Віцязя, Нацыянальная акадэмія навук займаецца энэргетычнай бясьпекай краіны.
«Беларусь як сувэрэнная дзяржава занепакоеная энэргетычнай бясьпекай. І працаваць на адной сыравіне, не на сваёй, гэта вельмі небясьпечна. Таму зь першых дзён разьвіцьця энэргетычнай сыстэмы Беларусі была пастаўлена задача зьмяніць гэту сытуацыю. І мы паступова разьвіваем гэту галіну».
Паводле Пятра Віцязя, Акадэмія навук падтрымлівае разьвіцьцё альтэрнатыўных крыніц энэргіі па ўсіх кірунках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што стрымлівае альтэрнатыўную энэргетыку ў Беларусі: «Белэнэрга» супраць прыватнікаў«Беларусь абмежаваная па рэсурсах аднаўляльнай энэргіі»
Па стане на верасень 2018 году ў Беларусі дзейнічае 377 установак, якія вырабляюць электрычную і цеплавую энэргію на аснове аднаўляльных крыніц. Яны раўнамерна разьмеркаваныя па ўсёй Беларусі. Іх сумарная магутнасьць складае 644,34 МВт.
«Гэтага для Беларусі вельмі мала. У суседняй Латвіі толькі магутнасьць крыніц з выкарыстаньнем гідраэнэргіі складае 800 МВт. На жаль, мы вельмі абмежаваныя ў рэсурсах аднаўляльнай энэргіі», — сказаў вядучы навуковы супрацоўнік Інстытуту энэргетыкі НАН Міхаіл Малько.
Прадпрыемствы Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі памяншаюць выкарыстаньне прыроднага газу, які пастаўляецца з Расеі, і павялічваюць аб’ём аднаўляльных крыніц. Гэта пераважна за кошт драўляных трэсак, дроваў, адходаў лесаперапрацоўкі.
Паводле Малько, Беларусь мае вельмі абмежаваныя запасы аднаўляльнай энэргіі.
«Энэргія вады вельмі слаба ў нас прадстаўлена, бо няма мнагаводных рэк. Па сонцу ў нас рэсурсы не абмежаваныя. Але выкарыстаньне сонечнай энэргіі знаходзіцца толькі на стадыі засваеньня. Геатэрмальнай энэргіі няма. У нас нібыта многа біямасы, але ў выніку аварыі на ЧАЭС практычна ўсе лясы ў Гомельскай, Магілёўскай, Берасьцейскай абласьцях і раёнах у Менскай вобласьці моцна забруджаныя радыянуклідамі. Лясы, нібы шчоткі, вычэсвалі радыянукліды з воблакаў. Выкарыстаньне забруджанай драўніннай біямасы экалягічна вельмі небясьпечнае», — сказаў Міхаіл Малько.
Паводле навукоўца, Беларусь мае праблемы зь ветрам.
«Мы настолькі далёкія ад мора, што сярэдняя хуткасьць ветру ў нас прыкладна 3 мэтры за сэкунду на вышыні 10 мэтраў над узроўнем мора. Хаця ёсьць пэўныя паветраныя калідоры, і там Беларусь імкнецца разьвіваць ветраэнэргетыку».
Адзін з такіх калідораў знаходзіцца ў Наваградзкім раёне. Каля Грабнікаў ужо вырас ветрапарк: 6 установак, кожная зь іх па 1,5 мВт. Гэта кітайскія ветракі, якія каштавалі каля 2 мільёнаў даляраў.
Паводле Міхаіла Малько, памяншэньне залежнасьці Беларусі ад расейскага газу вырашаецца праз будаўніцтва АЭС..
«Недзе каля 1% атрымліваем электраэнэргіі за кошт аднаўляльных крыніц энэргіі. Калі дабавяцца два блёкі АЭС, то ў нас будзе лішняя электраэнэргія. Беларусь не адмовіцца ад выкарыстаньня цеплавой энэргетыкі. І вось гэта практычна выключае ў Беларусі разьвіцьцё і выкарыстаньне аднаўляльнай энэргіі. Яе ўклад складзе ў лепшым выпадку некалькі адсоткаў».
Паводле вучонага, калі значна вырасьце цана прыроднага газу, тады ў Беларусі зьявіцца эканамічная мэтазгоднасьць для разьвіцьця аднаўляльных крыніц энэргіі.
«Будучыня нашай краіны за аднаўляльнай энэргетыкай»
Вядучы навуковы супрацоўнік тэхналягічнага ўнівэрсытэту Алег Белы назваў марнатраўствам выкарыстаньне ў Беларусі прыроднага газу для падагрэву ў машынабудаваньні.
«Цана на газ будзе расьці. І будучыня нашай краіны за аднаўляльнай энэргетыкай. У нас на квадратны мэтар прыпадае прыкладна столькі сонечнай энэргіі як і ў Нямеччыне. Пытаньне, як яе эфэктыўна выкарыстоўваць. У нас ёсьць каля 200 тэрыторый, дзе можна разьмяшчаць ветраўстаноўкі. Тэхніка дасягнула такіх маштабаў, што сёньня вецер для Беларусі актуальны.
З 2002/2003 году па сёньняшні дзень кошт сонечных элемэнтаў зьнізіўся ў 5 разоў. І гэты працэс будзе працягвацца. Улічваючы гэты фактар і разьмешчанасьць нашых тэрыторый, гэтыя пытаньні цалкам актуальныя.
Проста мы сёньня крыху ўведзены ў шок, і Белэнэрга ўведзена ў шок тым пытаньнем, а куды дзяваць атамную электраэнэргію», — сказаў Алег Белы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка выдзеліў 28 млн эўра на здабычу альтэрнатыўнай электрычнасьці